Зямны вандроўнік: да 90-годдзя Паўла Місько

размещено в: Новости | 0

Павел Андрэевіч Місько (1931-2011) – беларускі пісьменнік, паэт, публіцыст, перакладчык, драматург, аўтар кніг прозы для дзяцей. Член Саюза пісьменнікаў СССР (1968). Закончыў філфак БДУ. Доўгі час працаваў ў журналістыцы, загадчыкам аддзела культуры выдання “Літаратура і мастацтва”, заг.адзела навукі і мастацтва часопіса “Полымя”, намеснікам галоўнага рэдактара выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

Павел Місько – сапраўдны мастак слова, таленавіты майстар. Творчасць пісьменніка прадстаўлена рознымі літаратурнымі жанрамі: казкамі, апавяданнямі, аповесцямі, нарысамі, вершамі. Асноўным прызначэннем Паўла Місько стала дзіцячая літаратура. Казкі, прыгодніцкія і фантастычныя кнігі сталі сапраўднай класікай для дзяцей (“Прыгоды Бульбобаў”, “Грот афаліны”, “Эрпіды на планеце Зямля”).

Творчасці пісьменніка ўласціва ўвага да бытавой стыхіі народнага жыцця, шчырае стаўленне да чалавека працы. Яго творы ўражваюць багатым жыццёвым зместам і культурай пісьма. Падзеі Вялікай Айчыннай вайны адлюстраваны ў аповесцях “Поезд ішоў на захад” (1972), “Калянае лісце” (1974), рамане “Мора Герадота” (1976) і інш. Ваеннае і пасляваеннае жыццё паказана ў рамане “Хлопцы, чые вы будзеце…?”, пасляваенная вёска паказана ў рамане “Градабой” (1980).

Пісьменнік з’яўляецца аўтарам зборнікаў сатыру і гумару. Аўтар дэтэктыўна-фантастычнай аповесці “Ніль адмірары, або Я выбіраю смерць” (1999). Пераклаў на беларускую мову паэму М. Гогаля “Мёртвыя душы”, казку П.Яршова “Канёк-гарбунок”, паасобныя творы У. Цендракова, У. Лічуціна, Я. Носава, В. Бялова, К. Чукоўскага, перакладаў таксама з украінскай, польскай і балгарскай моў.

Да 90-годдзя з дня нараджэння Паўла Місько ў бібліятэках ДУК “Маладзечанская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча” падрыхтаваны кніжныя выставы: “Неверагодныя прыгоды” у гарадской бібліятэцы-філіяле №2, “Зямны вандроўнік” – у гарадской бібліятэцы-філіяле №7, “Неверагодныя прыгоды з Паўлам Місько” – у сельскай бібліятэцы аг. Аляхновічы і гарпасялковай бібліятэцы г.п. Радашковічы і іншыя. На выставах прадстаўлены кнігі апавяданняў і аповесцяў, раманы, а таксама зборнікі вершаў пісьменніка.

 

 

 

Оставить ответ