Не абдзелена ты адвечным прыродным хараством. Велічныя лясы і маляўнічыя ўзгоркі, ціхія рачулкі і празрыстыя крынічкі – усе, што міла кожнаму ўраджэнцу гэтага кутка Беларусі.

Праз стагоддзі Маладзечаншчына нясе памяць аб гістарычных падзеях, якія пакінулі незабыўны след на яе зямлі.

Гэта і старыжытныя курганы, і разбураныя замкі – непаўторныя помнікі сівой даўніны. Безліч разоў разбуральныя  войны прайшлі па яе дарогах, але яна не скарылася, выжыла, перамагла.

Гэта і людзі, якімі ганарыцца маладзечанская зямля. Яны праслаўляюць родны край гераічнымі подзвігамі і працай. Рэдкая мясціна Беларусі можа пахваліцца такой колькасцю выдатных і таленавітых людзей. Зорка першай велічыні – Янка Купала, што нарадзіўся  ў Вязынцы. Маладзечанскімі сцежкамі хадзілі Міхал Клеафас Агінскі, Сымон Будны, Максім Багдановіч і многія іншыя.

Маладзечаншчына сення лічыцца культурнай сталіцай Мінскай вобласці, пляцоўкай для правядзення  рэспубліканскіх і абласных святаў, такіх як фестываль-кірмаш “Дажынкі-2011”, фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”. Тут працуюць разнастайныя творчыя калектывы, якія працягваюць багатыя культурныя традыціі.

На ўездзе ў Маладзечна з усходу сустракае жыхароў і гасцей горада скульптурны вобраз заступніцы Маладзечна — Божай Маці “Пакроў Прасвятой Багародзіцы”.

Маладзечна – старажытны горад, ўпершыню згадваецца ў 1388 годзе. Самым першым храмам горада з’яўляецца Свята-Пакроўская царква, будаўніцтва якой пачалося ў 1865 годзе. У архіўных матэрыялах упамінаецца аб тым, што яшчэ ў 1600 годзе ў Маладзечне пабудавана драўляная праваслаўная царква, якая перацярпела многа пераўтварэнняў: была і ўніяцкай, і зноў праваслаўнай, гарэла пры пажары. На гэтым месцы ў канцы ХIХ ст. быў адбудаваны новы храм, які ў 1870 годзе быў асвечаны ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы. На працягу амаль 100 гадоў гэты храм быў галоўным і адзіным храмам горада, і таму гараджанне спрадвеку лічылі сваім пакравіцелем і заступніцай вобраз “Пакроў Прасвятой Багародзіцы”.

У 2011 да рэспубліканскага свята “Дажынкі” была распрацавана канцэпцыя скульптурнай кампазіцыі Божай Маці.

Гэта сапраўдны твор мастацтва. Уся кампазіцыя вышынёй 15 метраў, вобраз Заступніцы  адліты ў бронзе, а вага скульптуры — каля двух тон. Некалькі слоў пра аўтараў, якія ўклалі ў манумент сваё майстэрства і душу. Аляксандр Фінскі — дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Яго вядомыя працы — помнікі Адаму Міцкевічу ў Мінску і Сімяону Полацкаму ў Полацку. Ёсць працы нават у Пекіне. А запаветны для журналістаў прыз “Залатая Літара” — таксама творчая знаходка Аляксандра Міхайлавіча. Дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ Армэн Сардараў знаёмы мінчукам і гасцям сталіцы як аўтар знака “Пачатак дарог Беларусі», усталяванага на Кастрычніцкай плошчы. Армэн Сяргеевіч — аўтар праектаў мастоў і пуцеправодаў ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Гомелі, Оршы.

Божая Маці расчыніла покрыва — абарону перад старажытным Маладзечнам. “Гэта — добры і прыгожы пачатак, — адзначыў народны мастак Беларусі Іван Міско. — Магчыма, і іншыя гарады нашай рэспублікі пажадаюць усталяваць пры ўездзе свой знак, адметны сімвал”.

У 2020 годзе Маладзечанскі раен адзначае свае 80-годдзе. Гэтай нагодзе і прысвячаецца наша рэкамендацыйнае бібліяграфічнае выданне.

 

Найстарэйшы вяз

У Верхніх Талуях ля Маркава сціпла расце адно з самых старых дрэў Павілля – вяз.

Гэта некаранаваны чэмпіён сярод вязаў-патрыярхаў на прасторы СНД. Сярод вязаў, зарэгістраваных у нашых суседзяў – у Расіі, Украіне, Латвіі, Літве, – такога вялізнага няма. У Беларусі наогул з зарэгістраваных і запаведных векавых дрэў, якія ахоўваюцца законам як помнікі прыроды, няма ніводнага вяза.

Памеры вяза з Верхніх Талуёў уражваюць. Абхват ствала амаль сем метраў (на вышыні 1,3 метра – 697 см). Дыяметр – 222 см. Дзевяць галін адыходзяць ад ствала на ўзроўні ад 2 да 2,5 метра.

Вышыня дрэва большая за 25 метраў. Узрост яго – за 400 год, а можа нават 600. Пры добрых умовах вязы жывуць у сярэднім да 400 гадоў і маюць абхват да шасці метраў.

У ствале маецца вялікае дупло, якое стала зацягвацца. Гадоў 40 таму ў дупло лёгка мог залезці чалавек.

Навуковая назва вяза Ulmus (на лаціне) ці Elm (па-англійску). Самы вялікі вяз ў абхваце 4,7 метра і вышынёй 30 метраў расце ў Расіі, у Ленінградскай вобласці. Самы вялікі вяз на Ўкраіне мае абхват 5,2 метра, расце ў Сумскай вобласці.

Самы стары вяз Францыі Elm Biscarrosse быў пасаджаны ў 1350 годзе, ссох у 2010 годзе, а самы стары вяз Грэцыі Metaxades Elm быў пасаджаны ў 1286 годзе і рос да нядаўняга часу.

Наш вяз, верагодна, старэйшы за адзін з самых вялікіх і старых англійскіх вязаў Great Saling Elm, які меў абхват 6,6 метра. Для брытанцаў вяз з’яўляецца святым дрэвам, татэмам, як для беларусаў груша ды дуб, якія нельга сячы і паліць.

Самы стары вяз Італіі L’Olmo Bello меў абхват 6,3 метра і ўзрост за 400 гадоў. Ён таксама саступае нашаму вязу ля Маркава. Толькі ў Польшчы, у Камарове, расце вяз яшчэ большых памераў у абхваце.

Стаіць патрыярх у пагорыстай мясцовасці, якая надае пейзажу пэўную  маляўнічасць, робячы яе так званай беларускай Швейцарыяй. Асабліва прыгожая  гэтая мясцовасць была крыху раней, але і цяпер кожны можа хоць на хвілінку ўявіць сабе гэтыя горы, пакрытыя векавым гаем, дзе расла да неба знакамітая Маркаўская пушча.

З’явілася гэта дрэўца ў ВКЛ, у Віленскім ваяводстве, ля Маркава, у вёсцы Талуі.

Талуі ўпершыню ў пісьмовых крыніцах упамінаюцца ў 1616 годзе, калі вяз быў ужо досыць сталы.

Калі ўявіць, што нашаму верхнеталуйскаму вязу ля Маркава 600 гадоў, то гэта значыць, што паўтара стагоддзя ён рос у Вялікім Княстве Літоўскім, больш за два стагоддзі, з 1569 па 1795 год, – у складзе Рэчы Паспалітай. Трохі пабыў пад шведамі. У студзені 1793 Маркава увайшло ў склад Расійскай імперыі, а Талуі засталіся у Ашмянскім павеце Вялікага Княства Літоўскага.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай вяз апынуўся ў Расіі, каля двух стагоддзяў пражыўшы ў складзе імперыі. Трохі  за гэты час пабыў пад французам.

Потым, у 20 стагоддзі, пачаліся самыя  крутыя павароты гісторыі – Першая сусветная вайна, рэвалюцыя, акупацыя Кайзераўскай Германіяй, узнікненне БНР, ЛітБел, пасля польская акупацыя, вяртанне у Савецкую Беларусь, зноў першыя Саветы Беларусі ў складе СССР, фашысцкая акупацыя, вызваленне.

Зноў у СССР да перабудовы і няўдалага путча, і нарэшце суверэнная Беларусь. Атрымалася вельмі стракатая палітра і цікавая гістарычная гірлянда сцягоў і гербаў уладальнікаў тутэйшай зямлі, дзе рос і расце наш верхнеталуйскі вяз ля Маркава.

Праз Віленскі шлях праязджала шмат не толькі вайскоўцаў, але і такіх вядомых асоб, як Сымон Будны, Тарас Шаўчэнка, Міхал Агінскі, Мікалай Гогаль, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Тамаш Зан, Францішак Багушэвіч, Янка Купала, Якуб Колас, Міхась Чарот, Максім Багдановіч, Браніслаў Тарашкевіч, Максім Гарэцкі, Ян Судрабкалн, Пятрас Цвірка, Станіслаў Манюшка, скрыпач Антон Концкі, гісторык Міхаіл Балінскі, італьянскі архітэктар Карла Спампані, філосаф Павел Монтвіл і іншыя.

Уявіце толькі сабе, што іх ўсіх бачыў верхнеталуйскі вяз.

Вяз яшчэ пастаіць гадоў 100. За гэты час зменіцца пяць пакаленняў. 

Бібліяграфія:

  1. Каханоўскі,Г.А. Повязь часоў / Г.А. Каханоўскі. – Мінск: Полымя, 1985. – 112с.: іл.
  2. Міхалевіч,М. Вяз, з вышыні якога бачныя адразу тры гарады – Маладзечна, Вілейку і Смаргонь / Міхаіл Міхалевіч //  – 2013. – № 2, 3.
  3. Бяганскі,А. Унікальны вяз бярэцца пад ахову / Тэкст і фота: Алег Бяганскі // Маладзечанская газета. – 2016. – 2 лістапада. – С. 5.
  4. Хруцкая,З. “Можа ў тым вязе замуравана князёўна”: найстарэйшы вяз краіны сохне, пакуль людзі разбіраюцца з дакументамі / Зоя Хруцкая // – 2018. – 28 верасня. – С. 2.
  5. Бяганскі,А. На Маладзечаншчыне плануецца аб’явіць тры батанічныя помнікі прыроды / Алег Бяганскі // Маладзечанская газета. – 2018. – 31 кастрычніка. – С. 8.

 

Пояс Вітаўта

“Пояс Вітаўта” – умоўная назва ўнікальнага паяснога гарнітура канца XIV – пачатку XVст. (у вялікай тэарэтычнай гістарыяграфіі і зборах буйнейшых музеяў свету аналагі невядомы).

Унікальны пояс складаецца з некалькіх полых сярэбраных пласцін дэкараваных раслінным арнаментам, выявамі птушак і васіліскаў, спражкі з наканечнікам і 5 злучальных прамавугольных планак.  (гравіроўка, чэрнь, залачэнне) — 2 зорчатыя (16 «промняў»), дэкарыраваныя раслінным арнаментам, выявы птушак і «васіліскаў«, 11 круглых з раслінным арнаментам; спражка з наканечнікам, арнаментаваная раслінным арнаментам; 5 злучальных прамавугольных планак. Агульная вага паяснога гарнітура — 805,40 грам, проба серабра — 960.

Пласціны пояса меркавана выраблены ў сталіцы Крымскага ханства Кафе (цяпер — Феадосія), спражка з наканечнікам — напэўна, у Італіі (мабыць у Генуі).

Ён быў выяўлены падчас раскопак каля в. Літва Маладзечанскага р-на ў 1990-я гг. Пояс занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў з наданнем 1-й катэгорыі каштоўнасці.

На думку В. Рабцэвіча, пісьмовыя крыніцы, у прыватнасці паведамленні Генэ, блазна вял.кн. Вітаўта, і хана Менглы-Гірэя, дазваляюць выказаць гіпотэзу, што пояс мог быць падораны Вітаўту Хаджы-Гірэям падчас сустрэчы ў Мінску у жніўні 1428 года.

Найбольш верагоднай датыроўкай утойвання скарбу В.Рабцэвічу ўяўляўся «смутны час» (1430—1432) у Вялікім княстве Літоўскім.

Нягледзячы, што пояс быў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей вышэйшай катэгорыі, каля 11 гадоў ён знаходзіўся ў прыватных руках. У канцы 2006 года рашэннем Вярхоўнага Суда рарытэт быў звернуты ва ўласнасць беларускай дзяржавы і станам на 2016 год знаходзіцца на захоўванні ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі.

Бібліяграфія:

  1. Знаменитые клады Минщины // Корсак,Д. Минщина: легенды, события, люди / Дмитрий Корсак. – Минск, 2011. – С. 59-60.
  2. Мальдис,А. Век живи и век … сомневайся / Адам Мальдис // Беларусь сегодня. – 2007. – 7 февраля. – С. 3.
  3. Які ўзрост рарыртэта: “Пояс Вітаўта” перадалі ва ўласнасць беларускай дзяржаве // Беларусь. – 2007. – № 2. – С. 43.

 

Касцёл у Беніцы 

У 1701г. кашталян троцкі Міхал Казімір Коцел выдаў фундуш на будаўніцтва касцёла ў сваім маёнтку. Пабудаваны касцёл быў перададзены бернардзінцам, якія пазней па фундушу таго ж Коцела пабудавалі побач кляштар. У 1704 г. узведзеныя будынкі былі асвячоны. У канцы XVIII ст. касцёл стаў парафіяльным. Вядома, што пры кляштары знаходзілася школа.

У 1851 г. кляштар скасаваны, у 1866 г. касцёл перароблены пад царкву, а жылы корпус пасля 1863 г. зруйнаваны. У канцы ХІХ ст. руіны кляштара былі разабраны тагачасным уладальнікам мястэчка К. Швыкоўскім. У 1919 г. касцёл вернуты каталікам, у 1948 г. закрыты. Цяпер знаходзіцца ў стане рэстаўрацыі.

У дахрысціянскія часы ў Беніцы, хучэй за ўсё, былі паганскія капішчы. Гэта пацвярджае легенда пра царкву, якую з-за нейкай людской правіннасці, засыпаў пан зямлёй разам з людзьмі, а таксама археалагічныя знаходкі. Знойдзеныя каменныя сякеры сведчаць пра тое, што людзі жылі тут даўно і павінны былі недзе маліцца. Што да хрысціянства, то ўжо ў 1582 годзе ў Беніцы стаіць царква, самая першая сярод суседніх мястэчак, з 1596 года ўніяцкая, пабудаваная ў гонар святога “Гальяша”- прарока. Багатую гісторыю мае Троіцкі касцёл.

Аб абставінах яго заснавання нават захавалася легенда:

“Аднаго разу Міхал Казімір Коцел па справах паехаў у Маладзечна, і ўжо вяртаўся дадому, як коні панеслі карэту з дачкой, парваўшы вупраж. Міхал хацеў стрымаць іх, але коні беглі ўсе хутчэй і хутчэй. І давай тут Коцел прасіць Бога, што дзе толькі коні спыняцца — там і касцёл пабудую. А коні прыбеглі да маёнтка, да самай брамы. І толькі Коцел прыйшоў, не паспеўшы перавесці дух, як адразу загадаў пачаць будаўніцтва”.

Загад выканалі за тры гады, і ў 1703 годзе ў Беніцы з’явіўся помнік позняга віленскага барока. Асвячаць Троіцкі касцёл даручылі віленскаму біскупу Бжастоўскаму, што ён і зрабіў у 1704 годзе.

Асоба Міхала Казіміра Коцела вызначальная ў лёсе ўсяго рэгіёна. Чаго толькі вартая школа, якая дзейнічала ў прамежку ад 1780 да 1842 пад кіраўніцтвам бернардынаў, што неслі асвету, не зважаючы на веравызнанне, сярод праваслаўных.

Пад канец жыцця Коцел замовіў намаляваць свой партрэт у натуральную велічыню. На партрэце ён стаяў ля стала, пад якім быў адчынены куфэрак з грашыма ў мяшках. На мяшках – пазначаныя сумы грошай. Па загадзе партрэт павінны быў вісець у скляпенні касцёла ля самай труны, завешаны тканінай, а ў труне ляжаць пазначаная сума, якую можна ўзяць толькі на рамонт касцёла.

Праз колькі дзясяткаў год пасля смерці Коцела праламаўся дах, але не ў касцёле, а ў прыбудаваным да яго кляштары. Бернардыны з дазволу ксяндза Чапкоўскага вырашылі ўзяць грошы, адкладзеныя фундатарам. Яны пачалі адчыняць труну. Ззаду стаяў Чапкоўскі, молячыся і акрапляючы іх святой вадой. Але як толькі адчынілі труну, адразу згасла святло ў лямпах.

А каменная труна сама зачынілася, ды так, што трэснула, вельмі напалохаўшы прысутных. Доўга праляжалі браты-бернардыны на падлозе, гучна чытаючы малітву, пакуль вырашылі сысці. Пасля прах Міхала ніхто турбаваць не адважыўся.

Партрэт вісеў да 1851 года, пакуль Троіцкі касцёл не перабудавалі ў царкву, зачыніўшы і пазней знішчыўшы кляштар. І няшмат хто ведае, што пры кляштары меўся ўласны архіў, бібліятэка, мастацкая галерэя, парк, багаты сад, сажалкі з каналамі, а пры двары Коцелаў працаваў філосаф Мотвіл. Сюды не раз заязджалі Міхал Агінскі, Тамаш Зан, Станіслаў Манюшка, Напалеон Орда, Уладзіслаў Сыракомля, Францішак Багушэвіч

Пасля скасавання касцёла будынак выконваў функцыі царквы, пакуль насупраць, у 1886 годзе, не пабудавалі новую царкву.

Бібліяграфія:

  1. Касцел Найсвяцейшай Тройцы і брама ў в.Беніца // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Маладзечна і Маладзечанскага раена. – Мн., 2002. – С. 682-683.
  2. Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Ч. 1. Будслаўскі, Вілейскі і Мінскі дэканаты /Тэкст і фота А. Яроменкі. Уводзіны Ул.Трацэўскага. – Мн.: ВУП “Выд-ва “Про Хрысто”. – 2003. – С. 99-101.
  3. Світо,Ф. Касцел Прасвятой Тройцы і кляштар бернадзінцаў у в. Беніца / Падрыхтаваў Франц Світо // Маладзечанская газета. – 2008. – 28 мая. – С.5.
  4. Козіна,А. Сенешні і ўчарашні дзень касцела ў Беніцы / Алена Козіна // – 2010. – 13 жніўня. – С. 22.
  5. Крупянькова,А. Беніцкі касцел – жамчужына барока / Тэкст і фота А. Крупянькова // Маладзечанская газета. – 2018. – 26 мая. – С. 3.
  6. Лескець, С. Магічная гісторыя ў Беніцкім касцёле і царква ад Мікалая Радзівіла Чорнага: прыгадаем першыя храмы ў мястэчках на Маладзечаншчыне / Сяргей Лескець // – 2018. – 21 ліпеня. – С. 8.

 

Камень – крыж

 Калі едзеш з Палачан у вёску Зоранька, побач з дарогай ля вялікага дрэва можна ўбачыць упрыгожаны белым ручніком каменны крыж з кветкамі ля падножжа. Месца гэта заўсёды добраўпарадкаванае.

Як сцвярджае маладзечанскі краязнавец і экскурсавод Валерый Бурэнь, гэты камень-крыж з даўніх часоў быў абярэгам для жыхароў навакольных вёсак. Людзі верылі, што ён надае сілу перажыць войны і эпідэміі, бароніць ад хвароб і няшчасцяў. Таму шанавалі святыню як жывую істоту. Калі шанаванне працягваецца і цяпер, сваю задачу пасланец мінулых стагоддзяў выканаў. А для нашых сучаснікаў незвычайны помнік з’яўляецца сімвалам любові да роднай зямлі.

Па дарозе з Палачан у Зораньку, за паўтара кіламетра ад вёскі з правага боку дарогі нібы вырастае з зямлі высечаны з валуна ружовага колеру каменны крыж, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэгіянальнага значэння.

У пашпарце аб’екта ўказаны яго “ўзрост” — позняе сярэдневякоўе. Яго вышыня – 1,2 метры, шырыня па гарызантальнай папярочцы – метр. На фасадзе зверху добра чытаюцца высечаныя літары “З” і “S”. Акрамя таго, на папярочцы і вертыкальнай частцы ёсць пашкоджаныя надпісы.

Зверху крыжа – прамавугольнае паглыбленне памерам 4,2 на 2 сантыметры глыбінёй 7 сантыметраў. У ім мы ўбачылі некалькі манетак, прычым не толькі беларускіх… А на самім крыжы павязаны ручнік, да яго прымацаваны штучныя кветкі

Згодна з кнігай “Памяць”, пісьмовае ўпамінанне аб ім было ў кнізе Ф.В.Пакроўскага “Археалагічная карта Віленскай губерні” (Вільна, 1893 г.): “В волости есть камень, имеющий вид креста, но без всяких надписей; находится он теперь на третьем месте; первоначально же он лежал около дер. Кобылок. В народе существует вера в целебную силу этого камня: местные больные, в надежде получить исцеление, обыкновенно приходят сюда и кладут на камень разные подаяния”. Мясцовымі краязнаўцамі запісаны розныя гісторыі паходжання каменнага крыжа, некаторыя з іх нават змешчаны ў інтэрнэце. Наколькі гэтыя факты адпавядаюць рэчаіснасці, дакладна сказаць немагчыма.

Па адной з версій, крыж – надмагільны помнік (у старажытныя часы людзі нярэдка завяшчалі пахаваць сябе на сваёй зямлі). На старых картах часоў вайны з Напалеонам 1812 года гэты каменны крыж быў намаляваны на ўскрайку лесу ў трох дубах. У яго верхнюю частку быў прымацаваны каваны металічны крыж. У пачатку мінулага стагоддзя ля Палачан пачалі будаваць чыгунку, дубрава пайшла пад сякеру, зямлю раздалі людзям. Пры раскарчоўцы адзін з сялян выкапаў валун у выглядзе крыжа, далей ад граху вывез яго на зямлю пана. Прайшоў час, па наваколлі папаўзлі чуткі, што з зямлі вырас каменны крыж, людзі сталі прыходзіць да яго з дарамі. Пану не спадабалася, што людзі топчуць яго зямлю, ён звярнуўся да ксяндза з Аборка. Вырашылі перавезці валун, ды не атрымалася. Так ён і застаўся стаяць. Захавалі людзі і прозвішча таго, хто пасадзіў ля каменя дзве ліпы (цяпер засталася адна) – Рыгор Карабель. Калісьці побач з крыжам стаяла вёска Дзярноўка, але пры адступленні французскіх войскаў яе спалілі.

Ёсць іншая версія. Жыхарка вёскі Груздава, ураджэнка Зоранькі Ніна Станевіч памятае гэты крыж з маленства. Ад вясковых старажылаў яна неаднойчы чула, што быццам бы гэты крыж паставілі ў час адступлення ў 1812 годзе французы на тым месцы, дзе закапалі нарабаванае золата. Аднак потым крыж перамясцілі. Людзі казалі, што двойчы сюды прыязджалі французскія экспедыцыі, але нічога не знайшлі.

Ніна Аляксандраўна памятае і жалезны крыж, які вянчаў камень. Дарэчы, калі была аграномам гаспадаркі “Палачаны”, яна зрабіла ўсё магчымае, каб помнік старажытнасці пакінулі на месцы, калі вялі новую дарогу з Палачан у Зораньку. Па плане валун хацелі перанесці, але Ніна Аляксандраўна настаяла, каб дарогу адвялі на метр-паўтара ад святыні.

Бібліяграфія:

  1. Бурэнь,В. Маўклівы пасланец стагоддзяў / Валерый Бурэнь // Маладзечанская газета. – 2013. – 17 жніўня. – С. 8.
  2. Крупянькова,А. Якія таямніцы хавае камень-крыж? / Анжаліка Крупянькова // Маладзечанская газета. – 2018. – 24 кастрычніка. – С. 4.
  3. Бяганскі,А. Помнікі роднага краю: камень-абярэг і каплічкі / Алег Бяганскі // Маладзечанская газета. – 2017. – 28 верасня. – С. .
  4. Тайны камня-креста // Маладзечанская газета. – 2019. – 6 лютага. – С. 4.

 

Груздаўская ікона Божай Маці

Груздава – старажытнае паселішча, якое ўзнікла пры былой паштовай дарозе з Вільні на Заслаўе. У пісьмовых крыніцах згадваецца з XIV ст. Узнікненне ж першага Груздаўскага храма звязана з гісторыяй яўлення цудатворнай іконы Божай Маці.

Бліз вёсак Груздава і Капачы, паміж двума курганамі знаходзіцца раўнінная мясцовасць, некалі названая Чырвонай Валокай. Паводле старажытнага падання, такую назву поле мае з часоў княжых міжусобіц, калі “брат паўставаў на брата і бацька на сына”. У 1433 г. сышліся ў сечы лютай князі Жыгімонт Кейстутавіч і Свідрыгайла.

Паводле падання, у той бітве ваяваў рыцар Андрэй Саковіч. Яго імя не аднойчы сустракаецца ў гістарычных дакументах. Ён займаў высокія дзяржаўныя пасады, меў талент ваяводы і дыпламата. Прадстаўнікі роду Саковічаў валодалі маёнткамі і пушчамі на Віленшчыне, у Ашмянскім і Мінскам паветах.

Груздаўскае паданне апавядае, што пасля бітвы на Чырвонай Валоцы поле было засеяна целамі забітых. Цяжка паранены быў і Андрэй Саковіч. Страчваючы прытомнасць, ён заўважыў побач з сабой ікону божай Маці, узяў яе ў рукі і з апошніх сіл прыціснуў да грудзей.

На наступны дзень на месца бітвы прыйшлі сяляне, каб сабраць і пахаваць целы забітых. Яны знайшлі параненага рыцара і, прыняўшы яго за памерлага, хацелі адабраць ікону, але ім гэта не ўдалося. І тады князь падаў прыкметы жыцця. Сяляне перавезлі яго ў вёску, дзе паранены хутка паправіўся.

Андрэй Саковіч з удзячнасцю прыняў дапамогу сялян, але пры гэтым быў перакананы, што абавязаны сваім выратаваннем міласціваму заступніцтву Прасвятой Багародзіцы. Тады ён даў абяцанне пабудаваць храм у гонар Богамаці. Спачатку Андрэй Саковіч паставіў на месцы свайго выратавання капліцу, дзе і змясціў святую выяву.

Пазней каля капліцы рыцарам была збудавана царква, куды і перанеслі ікону. Гэтыя факты пацвярджаюцца Літоўскім летапісам, які паведамляе, што ў 1432-1440 гг. А.Саковіч сапраўды з’яўляўся старастай смаленскім і “спадчыннікам Груздаўскім”. У 1444г. ён выступае як апякун храма Святой Троіцы ў в.Груздава.

У наступным будынак Груздаўскай царквы неаднаразова падвяргаўся разбурэнням і адбудоўваўся ізноў. Аднак, галоўная храмавая святыня, ікона Божай Маці, больш за 500 год захоўвалася ў алтары як запрастольная. Мясцовыя старажылы распавядаюць, што раней да іконы прыязджалі паломнікі не толькі з Беларусі, але і з еўрапейскіх краін.

Груздаўская ікона Божай Маці адносіцца да тыпу “Адзігітрыя”, мае падабенства з вядомай на Віленшчыне старажытнай Трокскай іконай Багародзіцы. Маці Божая выяўлена франтальна, правай рукой трымае на каленях Немаўля, а левай – галінку з трыма кветкамі. Немаўля Ісус правай рукой бласлаўляе, у левай трымае скрутак. Па меркаванні гісторыкаў, такая іканаграфія мела распаўсюджванне ў XVIст. Святкаванне іконы здзяйсняецца штогод 15 ліпеня па новым стылі.

Бібліяграфія:

 Царква святых Пятра і Паўла ў в. Груздава // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Маладзечна і Маладзечанскага раена. – Мн., 2002. – С. 685.

  1. Карпович,Л.И. От земного – к небесному: из истории православных храмов Молодечненского благочиния Мінской епархии / Любовь Карпович. – Молодечно: Типография “Победа”, 2011. – С. 32-36.
  2. Пінчук,В. Гісторыя груздаўскай царквы / Валеры Пінчук //  – 2009. – 7 жніўня. – С. 22.
  3. Климович,Е. Груздовская икона Божией Матери / Елена Климович // Беларуская нива. – 2013. – 7 сентября. – С. .
  4. Крупянькова,А. Царква ў Груздаве – помнік драўлянага дойліцтва / Анжаліка Крупянькова // Маладзечанская газета. – 2018. – 24 кастрычніка. – С. 4.

Помнік Віленскаму тракту

Дарога — гэта жывы арганізм, па ёй і ноччу і днём, у любое надвор’е не спыняецца рух. Дарога — гэта пачатак новага жыцця, акно ў нязведаны дзівосны свет, далёкія краіны. Дарозе прысвечана шмат вершаў, песень. А вось каля вёскі Мясата пад Маладзечнам усталявалі помнік дарозе.

У 1979 годзе тагачасны сакратар Маладзечанскага райкама партыі па ідэалогіі Вячаслаў Ляшковіч і дырэктар Мінскага абласнога краязнаўчага музея Генадзь Каханоўскі вырашылі, што трэба ўшанаваць Віленскі тракт. Калісьці ён звязваў Менск з Вільняй, і па ім у розныя часы праязджалі або праходзілі знакамітыя асобы, якія аказалі значны ўплыў на развіццё і станаўленне Беларусі, а таксама прадстаўнікі іншых культур — украінскай, расійскай, польскай, літоўскай. Сярод іх Сымон Будны, Тарас Шаўчэнка, Міхал Клеафас Агінскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Францішак Багушэвіч, Якуб Колас, Янка Купала, Міхась Чарот, Максім Багдановіч, Мікалай Гогаль і шмат іншых.

— У 1839 годзе ў Маладзечна прыязджаў рускі пісьменнік Мікалай Гогаль, які вяртаўся з Італіі разам са сваім сябрам Міхаілам Пагодзіным, і спыніўся тут на некалькі дзён. Мікалай Васілевіч наведаў тутэйшае шляхецкае павятовае вучылішча, — расказаў супрацоўнік раённай бібліятэкі мясцовы краязнавец Міхаіл Казлоўскі. — Цяжка ўявіць, што ён думаў на самай справе пра навучальную ўстанову. Але сказаў, што гэта надзвычай добрае вучылішча. Яно і сапраўды вартае, каб пра яго памяталі. Уявіце сабе невялікае глухое мястэчка, адрэзанае ад усяго свету балотамі, дрыгвой, дзе вельмі распаўсюджанай была хвароба вачэй. Ды сюды не пабаяліся прыехаць працаваць простымі настаўнікамі вядомыя дактары філалогіі, філасофіі ды іншых навук. Гэтую ўстанову закончылі многія знакамітыя людзі, як, напрыклад, вучоны-усходазнавец, прафесар арабскай і турэцкай моў у Пецярбургскім універсітэце Антон Іосіфавіч Мухлінскі. Выпускнік яе і паэт-рамантык, грамадскі дзеяч Тамаш Зан, які, дарэчы, нарадзіўся ў Мясаце. За ўдзел у арганізацыі філаматаў і філарэтаў ён быў высланы ў Арэнбург без права вяртання на радзіму. Але Тамаш і там праявіў сябе: стаў даследаваць флору і мінералы Урала. І царскі ўрад злітаваўся, скасаваў прысуд і дазволіў яму вярнуцца ў Беларусь. Зан пасяліўся ў Кахачыне каля Оршы, дзе і пахаваны са сваёй жонкай Брыгідай. Па Віленскім тракце калісьці ўцякаў у Францыю сам Напалеон Банапарт і спыняўся ў Маладзечне.

Помнік Віленскаму тракту ўяўляе сабой тэматычную кампазіцыю з чатырох валуноў. На кожным з іх замацаваная памятная дошка. На адным камені змешчана карта і схема Віленскага тракта, на другім у якасці эпіграфа выбітыя словы Янкі Купалы: «Мінск, Маладзечна, Вільня — як жа знаёмы шлях гэты!». На двух астатніх выгравіраваны імёны асоб, якія трымалі кірунак на Мінск або Вільню гэтай дарогай.

Доктар філалогіі Адам Мальдзіс калісьці сказаў: «Калі хочаце ўшанаваць памяць нейкіх людзей, але сцвярджаеце, што не хапае сродкаў, то бярыце прыклад з Маладзечна. Сродкі лёгка знайсці, для гэтага не трэба вялікіх грошай, фінансавых укладанняў».

Сапраўды, Вячаслаў Ляшковіч, дзякуючы знаёмству з камандзірам вайсковай часці, здолеў прывезці гэтыя камяні і ўсталяваць іх каля Мясаты. Няма ў жывых заснавальнікаў гэтага незвычайнага комплексу, але ўдзячныя нашчадкі змясцілі і іх імёны на валуне.

Бібліяграфія:

  1. Мясата // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Маладзечна і Маладзечанскага раена. – Мн., 2002. – С. 763-764.
  2. Шиманский,М. Дорога / М. Шиманский // Песня моя, Белоруссия. – Мінск, 1982. – С. 48-64.
  3. Лазоўская,Т. Помнік Віленскаму тракту / Таццяна Лазоўская // Звязда. – 2019. – 30 сакавіка. – С. 7.

 

Крыніца Лешна 

Гідралагічны помнік прыроды мясцовага значэння “Крыніца Лешна” размяшчаецца ў 5 км на захад ад Маладзечна, 0,5 км ад в.Лешна. Ахоўваемая тэрыторыя знаходзіцца на левым беразе ручая. Помнік прыроды знаходзіцца на тэрыторыі сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Насілава”. Межы гідралагічнага помніка прыроды ўстаноўлены так, каб захаваць прыродны аб’ект – крыніцу і яго прыроднае акружэнне. Для вытокаў падземных вод , маючых некалькі выхадаў устаноўлены межы кругавым сегментам у радзіусе 25 метраў. Плошча помніка прыроды – 25 метраў у радыусе.

Вядома, што рознага роду сакральныя камяні і святыя крыніцы здаўна шанаваліся нашым народам, яшчэ ў дахрысціянскі перыяд. Вада ў іх, не тое што гаючай і лекавай, нават святой лічылася. Яна доўга захоўваецца, не псуецца, мае лекавыя ўласцівасці.

Няма сумневу ў тым, што крыніца ў Лешне таксама з’яўляецца сакральнай мясцінай.

Чэслаў Янкоўскі ў сваей кнізе “Павет Ашмянскі” піша, што Лешна ўпамінаецца ажно ў 1632 годзе! Праўда ў тэксце няма аніякай згадкі аб крыніцы.

Але  ў жыхароў Лебедзева і Маладзечна крынічка ў 500 метрах за вёскай Лешна вельмі папулярная.. У дакладной запісцы ўпаўнаважанага з камітэта па справах рэлігіі па Маладзечанскай вобласці, напісанай у 1958 годзе, адзначалася, што крынічка шануецца тутэйшым насельніцтвам каля 300 гадоў. Людзі сцвярджаюць, што вада з яе мае гаючыя ўласцівасці і дапамагае пры хваробе вачэй, лечыць язвы. Дапамагае і хворай жывёле.

Аднойчы людзі ўбачылі ў ёй адлюстраванне іконы Мацеры Божай, і з тых часоў крыніца стала лічыцца святой. Святкаванне каля яе праводзілі на дзесятую пятніцу пасля Вялікадня як праваслаўныя, так і каталікі.

Да крынічкі ў Лешне праз Аляксееў перавоз прыходзілі людзі і з правага боку Вяллі, пра што расказаў Уладзімір Мамай з вёскі Трапалава Вілейскага раёна. Першымі паставілі там свой крыж каталікі. Упаўнаважанага вельмі ўразіла, што калі Вялікадні супадалі, то вернікі на дзевятую пасля яго пятніцу мірна ішлі хрэсным ходам разам.

Традыцыя гэта вельмі старажытная. Мабыць, як мяркуе беларускі навукоўца Э. Зайкоўскі, пачалася з дахрысціянскіх часоў і звязаная з ушанаваннем багіні-апякункі крыніц Мокашы, пазней – Параскевы-Пятніцы. У нашых продкаў некалі існавала павер’е ў 12 пятніц у годзе і адмысловы апакрыфічны (не зацверджаны царквой) пятнічны каляндар. Фэсты ва ўсходніх славян праводзіліся даўней ля крыніц у пятніцу, а ў чэхаў, немцаў, нарвежцаў – у чацвер.

Але маюцца ў гісторыі Лешненскай крынічкі і трагічныя старонкі існавання, якія сталі вядомыя дзякуючы архіўным матэрыялам, што здабыла Любоў Русакевіч.

Больш за 100 гадоў таму, а дакладней у 1904 ці 1905 годзе, стала яна замінаць царскім уладам. Па іх загадзе адзін вясковец спілаваў ля крынічкі крыж і ў хуткім часе памёр. Гэты выпадак размежаваў вернікаў. Каталікі сталі даводзіць, што крынічка належыць да іх канфесіі. Пасля ўлада змянілася, і ў 1920 годзе над крыніцай пабудавалі капліцу памерам 3х3 метры, зноў паставілі каталіцкі крыж, усталявалі каптаж з бетоннай цамбравінай.

Пачалі добраўпарадкаваць і іншыя крынічкі. Усяго ў 1925 годзе ў гэтых месцах іх налічваліся ажно тры дзесяткі. Пасля з крыніц утварылася маленькая рэчка Лешна.

У 1947 годзе было забаронена рабіць шэсці да крыніцы, але каталікі перад святам Дзесятухі ўсё роўна збіраліся на фэст. Па ўспамінах Міхаіла Іванкевіча, да святой крыніцы ў Лешне на фэст у дзесятніцу некалькі найбольш набожных гарадскіх вернікаў ішлі на каленях ажно з Маладзечна. А сяляне з Лебедзева туды выпраўляліся з харугвамі ад касцёла.

Як паведамлялася ў дакладной запісцы таго ж упаўнаважанага, датаванай 1958 годам, на дзесятую пятніцу пасля Вялікадня сабралася на фэст ад 150 да 200 вернікаў. Пасля малебна яны набіралі ваду, кідалі ў крыніцу грошы.

Праз нейкі час кіраўніку калгаса было прадпісана луг каля прыбярэжнай паласы рэчкі ўзараць  аж да самай крыніцы і знесці крыж, які быццам бы перашкаджаў апрацоўваць зямлю. Загад мусілі  выканаць. Крыж зноў спілавалі  і нават растапталі яго гусеніцамі трактара. Каптаж і каплічку знеслі бульдозерам. Адбылося гэта дзесьці ў пачатку 60-х. І зрабілі гэта, як успамінае сведка вар’яцтва мясцовы жыхар той жа Міхаіл Іванкевіч, ноччу, якраз перад самым фэстам.

Ён вяртаўся  з вечарынкі і ўжо ў чатыры гадзіны раніцы не пазнаў святога месца – усе было разбурана. Кінуўся да хаты, пабудзіў бацькоў, суседзяў, ды ўжо было позна ратаваць. Але праз які год крынічка зноў адрадзілася, перамясціўшыся толькі на дваццаць метраў вышэй па ручаі. Як успамінае былы жыхар вёскі Гуроўшчына Пётр Варатынскі, яго бацька і браты тры гады запар аднаўлялі крыж, але яго зноў і зноў ламалі.

Толькі пасля таго як Беларусь атрымала незалежнасць, вернікі з Лебедзева, сабраўшы грошы, зноў добраўпарадкавалі яе. Пенсіянеры Станіслаў Валкевіч і Уладзімір Дзюдзель, былыя калгасныя шафёры, зрабілі каптаж, альтанку, паставілі побач каталіцкі крыж. Крынічку ў Лешне асвяціў і праваслаўны святар.

Вернікі пачалі адраджаць святкаванні каля крыніцы. А ў будныя дні сюды кожныя чвэрць гадзіны пад’язджаюць аўтамашыны. Людзі набіраюць ваду каністрамі, вялікімі і малымі пластыкавымі бутэлькамі. Яна не псуецца па некалькі месяцаў, хаця па гігіенічных патрабаваннях не гатаваную ваду ў ёмістасцях трэба захоўваць не больш за 48 гадзін. Вада лічыцца лекавай і гаючай.

Святая крыніца прымае ўсіх, хто прыйшоў з адкрытым сэрцам і з малітвай аб дапамозе сабе і блізкім.

Бібліяграфія:

  1. Природные ресурсы Молодечненского района/ Молодечненская райинспекция природных ресурсов и охраны окружающей среды. – Молодечно: УП «Победа», 2011. – С. 32.
  2. Бяганскі,А. Святыя крыніцы Маладзечаншчыны / Алег Бяганскі // Маладзечанская газета. – 2006. – 6 верасня. – С. 8.
  3. Міхалевіч,М. Вада з дзевяці крыніц / Міхаіл Міхалевіч; фота забяспечана аўтарам //  – 2010. – №№ 14-18, 20.
  4. https://kraj.by/belarus/blog/leskiec/leshna-krinitsa-gayuchay-vadi/