Краязнаўства – гэта комплекснае вывучэнне мінулага роднай зямлі. І ахоплівае яно ўсе сферы жыцця пэўнага рэгіёна, у тым ліку, безумоўна, і нашу Маладзечаншчыну. Бо маладзечанская зямля – гэта край з багатымі гістарычнымі традыцыямі і адметнымі помнікамі сівой даўніны. У нашым выпадку мы сканцэнтроўваем сваю ўвагу на горадзе Маладзечна i двух населеных пунктах раёна – вёсках Гарадок і Плябань.
Давайце пройдземся гэтымі шляхамі, падумаем, паразважаем і тады, напэўна, ты, дарагі вандроўнік, зразумееш, што іншай зямлі табе не дадзена ды, магчыма, і не патрыбна. Шчаслівай табе дарогі, нястомны пілігрым у вандроўках і пазнанні роднага краю. Проста навядзі курсор мышы на мігатлівы маркер на карце.
Дзядзінец замчышча (адсюль пачынаўся рост горада). На яго тэрыторыі знаходзяцца рэшткі муроў палаца, узведзенага ў XVI ст. (перабудаваны ў канцы XVII ст.).
На поўдзень ад замчышча за р. Уша выяўлены рэшткі драўляных канструкцый, якія маюць адносіны да маладзечанскага “двара”, вядомага па пісьмовых крыніцах канца XIV ст.
Сучасны Маладзечанскі замак – гэта земляныя валы і часткі падмурка, размешчаныя на пляцоўцы 120 на 80 метраў.
Будынак кляштара ордэна трынітарыяў узведзены з цэглы ў 1762 г. У цэнтры збудавання знаходзіўся касцёл Казіміра. Потым тут размяшчалася шляхецкае вучылішча, а ў далейшым прагімназія, настаўніцкая семінарыя, польская гімназія імя Т. Зана, педвучылішча імя Я. Купалы.
На дадзены момант на месцы тых пабудоў знаходзіцца станкабудаўнічы завод.
Помнік ахвярам канцлагера ў Маладзечна Шталаг № 342 ўяўляе сабой стылізаваны барак з бетону.
Комплекс створаны для ўшанавання памяці ахвяр канцлагера, учыненага фашыстамі ў Маладзечна для ваеннапалонных і западозраных у сувязі з партызанамі. На тэрыторыі лагера было знішчана больш за 33.150 ваеннапалонных і мірных жыхароў, а ўсяго праз яго прайшло каля 70-80 тыс.
Свята-Пакроўская царква пабудавана 1867-71 гг. Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. У адрозненне ад большасці помнікаў, створаных у такім стылі, званіца і галоўны светлавы барабан царквы маюць аднолькавую дойлідска-пластычную структуру: васьмігранная ў сячэнні канструкцыя завяршаецца какошнікам і шатровым дахам з цыбулепадобнай галоўкай. Гэта надае кампазіцыі будынка цэласнасць і аб’ёмнае адзінства. Царква дзейнічае.
Будынак яўрэйскай сінагогі быў пабудаваны ў сярэдзіне XIX стагоддзя. У ім размяшчалася яўрэйская пачатковая школа, вялося набажэнства для мясцовых яўрэяў на ідыш. З’яўляецца помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння.
У 1947 годзе на даўняй Віленскай вуліцы быў адчынены Маладзечанскі настаўніцкі інстытут, які праіснаваў да 1955 года (потым у ім размяшчалася школа юнага тэхніка, а цяпер комплекс розных прадуктовых і прамысловых крамаў). Будынак двухпавярховы, пабудаваны ў 40-ых гадах мінулага стагоддзя. Тут на чатырох факультэтах (гістарычны, філалагічны, фізіка-матэматычны і прыродазнаўчы) навучаліся будучыя настаўнікі для базавых сямігадовых школ. Зачынены ў сувязі з рэарганізацыяй сістэмы адукацыі ў рэспубліцы і пераведзены ў Мінск.
Будынак чыгуначнага вакзала (помнік архітэктуры ў стылі мадэрн з элементамі ардарнай пластыкі). У 1873 г. праз Маладзечна была пракладзена Лібава-Роменская чыгунка, якая злучала Прыбалтыку, Беларусь і Украіну (ад Лібавы (цяпер Ліепая) да ўкраінскіх Ромнаў). Адначасова быў узведзены і драўляны чыгуначны вакзал, які 1907годзе быў перабудаваны на мураваны. З’яўляецца помнікам архітэктуры ў стылі мадэрн з элементамі ордарнай пластыкі.
Будынак былой гарадской друкарні паўстаў у канцы XIX - пачатку XX стагоддзя. Першапачаткова ў ім размяшчаўся гарадскі бровар. У час Першай сусветнай вайны тут бывалі вядомыя людзі расійскай, беларускай і польскай культуры. У прыватнасці, Валянцін Катаеў, аўтар аповесці “Белеет парус одинокий”. У канцы 1944 года, калі Маладзечна стала абласным цэнтрам, тут размяшчалася абласная друкарня “Перамога” і рэдакцыя абласной газеты “Чырвоны сцяг”. Да двух паверхаў быў надбудаваны трэці. Будынак звязаны з многімі гістарычнымі падзеямі, што адбываліся ў ваколіцах города.
Будынак былога польскага староства (у савецкі час – гасцініца) быў пабудаваны ў 20-я гады мінулага стагоддзя. З’яўляўся адміністрацыйным будынкам польскай гарадской і выканаўчай улады. У пачатку 30-ых гадоў тут знаходзіўся ў зняволенні Валянцін Таўлай, вядомы паэт былой Заходняй Беларусі. Помнік архітэктуры.
На паўночнай ускраіне вёскі, на левым беразе Заходняй Бярэзіны, пабудаваны млын ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя з цэглы на фундаменце з бутавага каменю. Будынак двухпавярховы, прамавугольны ў плане, з бакавой шахтай для турбіны. Млын – помнік прамысловай архітэктуры з элементамі неаготыкі.
У адным з старых будынкаў мястэчка размяшчалася адна з першых на тэрыторыі Заходняй Беларусі беларуская гiмназія. Існавала з 1920 па 1924 г.
Дырэктар гімназіі Кастусь Тышкевіч, выкладчык гісторыі, ураджэнец суседняй вёскі. Гімназія была гуманітарнага профілю, выкладанне вялося на беларускай мове. Утрымлівалася за кошт сялянскіх складак.
Мясцовае гарадзішча размешчана ў паўночнай частцы вёскі, недалёка ад левага берага р. Заходняя Бярэзіна. Вядома з сярэдзіны ХІХ ст. У 1966г. было гістарычна даследавана доктарам гістарычных навук Я. Звяруга. Матэрыялы захоўваюцца ў Інстытуте гісторыі АН Беларусі і ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі (г. Маладзечна).
Свята-Троіцкая царква. Размяшчаецца на вул. Савецкай. Пабудавана ў другой палове ХІХ стагоддзя з цэглы. Помнік архітэктуры псеўда-рускага стылю.
Свята-Троіцкая царква — праваслаўны храм у аграгарадку Гарадок Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці.
Пабудавана ў цэнтры вёскі ў 1884 годзе з цэглы паводле тыпавога праекта на месцы драўлянага храма 1766 г. Да 1990-х гг. не выкарыстоўвалася.
Касцёл св. Яна Хрысціцеля. быў пабудаваны ў 1930 годзе з дрэва. У час вайны згарэў. На гэтым месцы знаходзіцца высокі драўляны крыж, пастаўлены ў канцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя.
На ўскрайку вёскі Плябань Красненскага сельсавета знаходзіцца касцёл – помнік эклектычнай архітэктуры з выкарыстаннем стылізаваных форм барока і готыкі (1858г.). Касцёл з цягам часу быў ператвораны ў царкву.
Будынак з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэгіянальнага значэння.
Будынак былой Плябаніі (месца жыхарства мясцовага пробашча).
У 1999 годзе у в. Плябань пад асноўную экспедыцыю адрамантавана і рэстаўравана Плябань, дзе размяшчаўся філіял Музея беларускай літаратуры.
На старых могілках пры касцёле захаваўся паўразбураны фамільны склеп роду Тушынскіх, пабудаваны ў пачатку XX ст. з бетону ў стылі неакласіцызму, а таксама магіла паўстанцаў 1863-1864 гг. пад кіраўніцтвам Юльяна Бакшанскага (1824-1863) – паэта, публіцыста, кіраўніка паўстанскага атрада на Маладзечаншчыне.
Вуліца Сухая, 8 – у гэтым доме жыў Уладзімір Зянько (1926-1987), паэт, укладальнік кнігі “Спадчына маёй маці”.
Месца жыхарства Зміцера Крачкоўскага, вядомага мастака, выпускніка Віленскага ўніверсітэта (Вуліца Чыстая, 8).
Быў сябрам мастакоў Фердынанда Рушчыца, Льва Дабжынскага, Міхася Сеўрука. Меў грунтоўныя энцыклапедычныя веды, валодаў сям’ю замежнымі мовамі.
Вуліца Гогаля, 48. У гэтым доме з 1987 па 1991 гг. жыў Пятро Бітэль (1912-1991), вядомы як аўтар паэм і вершаваных аповесцяў, як перакладчык з рускай, польскай, нямецкай моў. Пераклаў буйныя творы Міцкевіча, польскамоўныя п’есы Дуніна-Марцінкевіча, Лермантава, Маякоўскага, Някрасава, Пруса, Пушкіна, Сянкевіча, Твардоўскага, Шылера, Ясеніна і інш.
Школа №1 імя Янкі Купалы – тут вучыўся Іван Козел (1928-1970), вядомы драматург, аўтар п’ес “Папараць-кветка”, “Над хвалямі Серабранкі”. (вул. Вялікасельская, 2).
Месца жыхарства Генадзя Каханоўскага (1936-1994), завулак Палярны, 1 (цяпер вуліца Тапалёвая), вядомага гісторыка і пісьменніка. У яго кнігах нарысаў: “Маладзечна”, “Вілейка”, “Адчыніся, таямніца часу”, “Повязь часоў” і інш. – вынікі шматгадовых даследаванняў, цікавыя адкрыцці, знаходкі, здагадкі.
Месца жыхарства Вячаслава Ляшковіча – ганаровага грамадзяніна Маладзечна, заслужанага работніка культуры Беларусі, краязнаўца. (В. Гасцінец, 84).
В. Гасцінец, 72 – у гэтым доме жыў Мікола Ермаловіч, гісторык, пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, ганаровы грамадзянін Маладзечна.
Аўтар кніг з новым поглядам на старажытную гісторыю Беларусі: “Па слядах аднаго міфа”, “Дарагое беларусам імя”, “Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае”, даследаванні пра старажытную Беларусь.
Генеральская сядзіба – будынак пачатку 30-х гадоў для сталага жылля камандзіра мясцовага 86-пяхотнага польскага палка, а ў перыяд з 1944 па 1960 гг., калі Маладзечна з’яўлялася абласным цэнтрам, у ім нейкі час жыў Сяргей Прытыцкі, вядомы палітычны і грамадскі дзеяч БССР, а потым іншыя вядомыя кіраўнікі горада. Цяпер – дзіцячы цэнтр культуры “Расток”.