Перейти на страницу ПИСАТЕЛИ-ЗЕМЛЯКИ
Жураўлёў Аркадзь Трафімавіч нарадзіўся 13 верасня 1955 года ў вёсцы Гарані Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыў Вішнеўскую сярэднюю школу (1972г.).
З гэтым маляўнічым кутком звязаны самыя першыя і найлепшыя ўражанні, самаўсведамленне і самасцвярджэнне пісьменніка. У Смаргонскай газеце «Светлы шлях» у далёкім 1967 годзе пяцікласнік Вішнеўскай сярэдняй школы апублікаваў сваю першую заметку і атрымаў свой першы ганарар. Ці не ад вялікай удзячнасці «раёнцы» і сёння Аркадзь Трафімавіч перыядычна радуе нашых падпісчыкаў сваімі новымі празаічнымі і гумарыстычнымі творамі.
Жыццёвы шлях журналіста, празаіка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Аркадзя Жураўлёва не быў дужа выкрутастым, але ўсе падзеі і перыпетыі часу, прайшоўшы праз душу творцы, знаходзілі сваё ўвасабленне ў яго творах, прасякнутых чыста беларускай ментальнасцю, лірызмам, вытанчаным народным гумарам. Яго біяграфія звычайная. Вучыўся на токара ў Маладзечанскім ПТВ-87, служыў у арміі, паступіў на факультэт журналістыкі БДУ і, атрымаўшы дыплом спецыяліста, працаваў на розных пасадах, не заўжды звязаных з набытай спецыяльнасцю. Але Аркадзь Трафімавіч заўсёды пісаў, працаваў над словам, дзяліўся з чытачамі сваімі перажываннямі, адкрыццямі, сумнівамі і надзеямі. Гэты яго талент і сёння нараджае новыя і новыя творы, што адлюстроўваюць рэчаіснасць, радуюць творчымі знаходкамі, прымушаюць задумвацца і асэнсоўваць з’явы сучаснасці.
Яго творы друкаваліся ў літаратурна-мастацкіх часопісах «Маладосць», «Полымя», у многіх рэспубліканскіх і мясцовых перыядычных выданнях, часта гучаць на радыё. Шмат гадоў запар супрацоўнічае Аркадзь Жураўлёў з сатырычным часопісам «Вожык». Мае пісьменнік дзве выдадзеныя кнігі і тры падрыхтаваныя да друку. Спрабаваў сябе як перакладчык – пераклаў на рускую мову дэтэктыўную аповесць Янкі Галубовіча «Круг звужаецца».
У 2006 годзе па рэкамендацыях Уладзіміра Саламахі, Віктара Гардзея і Казіміра Камейшы Аркадзь Жураўлёў становіцца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Апавяданні, гумарэскі, абразкі часта з’яўляюцца ў мясцовым і рэспубліканскім друку.
Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра…».
![]() | Жураўлеў, А.Т. Апалонік для дырэктара: гумар / Аркадзь Жураўлёў. – Маладзечна:Типография «Победа», 2006. – 118,[2]с. |
![]() | Жураўлеў, А.Т. Я жадаю вам дабра…:апавяданні, эсэ, абразкі, навелы, мініяцюры, эцюды / Аркадзь Жураўлёў. – Маладзечна: Типография «Победа», 2006. – 183,[1]с. |
![]() | Жураўлёў А.Т. Чароўныя словы : казкі / Аркадзь Жураўлёў; мастак Алена Кучко. — Маладзечна : Друкарня «Перамога», 2021. — 124 с : іл. Цікавасць і займальнасць, разнавобразнасць і разнастайная тэматыка, а таксама жывыя сцэнкі, у якіх удзельнічаюць самі дзеці — гэтым адрозніваюцца творы Аркадзія Жураўлёва, прысвечаныя незвычайным прыгодам хатніх жывёл, клопатам і забавам лясных жыхароў. Казкі вучаць дабрыні, таварысцкасці, павазе да старэйшых, спагадзе да слабейшых, любові да Радзімы, роднага краю — усяго жывога на зямлі. Творы лёгка чытаюцца, а вобразы надоўга застаюцца ў памяці: незвычайны конь, адважны верабейка,цікаўная жырафа, бескарыслівая сінічка, руплівы зайка ды інш. |
![]() | Жураўлёў А.Т. ЦЭ-ЦЭ, або ЦАЛУЙЦЕ ЦЕШЧУ. У новы зборнік пад адной вокладкай А.Жураўлёў сабраў лепшыя свае гумарыстычныя творы, што друкаваліся на старонках сатырычнага часопіса «Вожык», іншых выданняў Беларусі і Расіі. Многія творы «свежыя», напісаныя ў апошнія гады — камедыйныя ў адну дзею сцэнкі «Здзелка», «Сюрпрыз», «Жыць на радасць», дзе галоўныя героі – хцівы кіраўнік прадпрыемства, руплівая жанчына-развядзёнка, што прыняла прымака-выпівоху, але дзякуючы сваёй жаночай кемлівасці перавыхавала небараку ў прыстойнага чалавека, і рыбак-паляўнічы, які цураўся хатняй гаспадаркі дзеля сваіх мужчынскіх забаў. У свой час багата прыязных водгукаў атрымліваў як часопіс “Вожык”, так і аўтар сатырычнага “Роздуму пра жыццё”, які ў перакладзе В.Гардзея ён уключыў у зборнік. Цікавымі падаюцца апавяданні «Адзін забыўся, другі не панюхаў», «Пальчыкі абліжаш», «Юзік», «Палюбоўнік у заложніках» і інш. Павучальнай для некаторых сучасных мужчын падаецца казка для дарослых «Як Заяц заляцаўся». Творы, змешчаныя ў зборніку прыемна здзіўляюць свежасцю, нечаканасцю, а часам і гарэзлівасцю аўтарскага погляду на наша паўсядзённае жыццё. І кожны твор – нагода для ўсмешкі. |
Перейти на страницу ПИСАТЕЛИ-ЗЕМЛЯКИ