Перейти на страницу ПИСАТЕЛИ-ЗЕМЛЯКИ

Уладзімір Садоўскі —  пісьменнік, краязнаўца, блогер. Нарадзіўся 19 сакавіка 1987 года. Скончыў школу ў Маладзечне, затым энергафак БНТУ. Мае дыплом інжынера. Жыве ў Маладзечне, працуе інжынерам-праектантам, даследуе гісторыю горада, а таксама вывучае архітэктуру міжваеннага перыяду, пазаштатны журналіст партала tut.by. Цікавіцца гісторыяй архітэктуры і аўтамабілебудавання.

Піша фантастычныя апавяданні. Любімыя жанры: постакаліпсіс і альтэрнатыўная гісторыя. Друкаваўся ў часопісах “Маладосць”, “Дзеяслоў”, газеце “Літаратура і мастацтва”. Аўтар некалькіх краязнаўчых матэрыялаў для “Рэгіянальнай газеты”, рэгулярна публікуе артыкулы на парталах kraj.by і tut.by. Уладзімір Садоўскі больш вядомы на прасторах Інтэрнэту як аўтар блогу yozasgubka.

Вядомы сваім зомбі-хорарам «1813», які ў 2017 годзе трапіў ў лонг-ліст прэміі Ежы Гедройца. Дэбютная кніга аўтара таксама трапіла ў тройку фіналістаў у намінацыі «Проза» літаратурнай прэміі «Дэбют-2017». Навэла “1813” – жанравы эксперымент: псеўдагістарычны зомбі-хорар. У 2018 годзе выйшаў зборнік фантастычных апавяданняў аўтара пад назвай «Проста фантастыка».

Садоўскі, У. 1813 : Навэла, апавяданні. / Уладзімір Садоўскі— Мінск : А.М. Янушкевіч, 2017. — 120 с.: іл. — (Літаратурная серыя “Шляхецкая чытанка”).

У кнізе Уладзіміра Садоўскага змешчана навэла ў жанры зомбі-хорар “1813” і пяць апавяданняў.

Дзеянне навэлы адбываецца ў апошнія дні зімы 1813 года. У разбуранае Вялікай вайной мястэчка Маладзечна на ўскрайку Мінскай губерніі наведваецца ў госці да свайго дзядзькі Міхал Клеафас Агінскі — дыпламат, кампазітар, а зараз сенатар Расійскай імперыі. З надыходам адлігі ў наваколлях мястэчка пачынаюць адбывацца незразумелыя рэчы: забітыя жаўнеры паўстаюць з поля мінулай бітвы і нападаюць на жыхароў паселішча. Хутка замак Агінскіх апынаецца ў аблозе хадзячых мерцвякоў. Міхалу Клеафасу не застаецца нічога іншага як узяць у рукі зброю і змагацца за свабоду роднага краю.

Садоўскі, У. Проста фантастыка /Уладзімір Садоўскі. — Электронная кнігарня, 2018. — 96с.

У зборнік «Проста фантастыка» уключаны апавяданні, напісаныя Уладзімірам Садоўскім у перыяд 2008-2018 гадоў. Скразная тэма зборніка — фантастыка ва ўсіх яе праявах: ад касмічных палётаў да альтэрнатыўных сусветаў. Нон-фікшну тут не месца! Тэксты падаюцца ў аўтарскай рэдакцыі.

Перейти на страницу ПИСАТЕЛИ-ЗЕМЛЯКИ