Перейти на страницу ПИСАТЕЛИ-ЗЕМЛЯКИ

Сапач Таццяна нарадзілася 26 жніўня 1962 года ў в. Маркава Маладзечанскага раёна. Скончыла Маркаўскую сярэднюю школу і факультэт журналістыкі БДУ. Паэтка, журналістка, перакладчыца. Жыла і працавала ў Брэсце і Гомелі. У 1987 годзе пераехала з сям’ёй у Маладзечна, дзе жыла да 1990 года. З 1990г. – у Вільні. Заснавальнік і аўтар культуралагічнай праграмы “Альбаросіка» на Беларускім радыё (1987-1989). Супрацоўнік радыястанцыі “Балтыйскія хвалі” (2000-2001). Адна з аўтараў перадачы “Палітычная геаграфія” беларускай службы “Радио Свобода”, удзельнік праекта “Начная чытанка” (2007). Працавала на  Літоўскім нацыянальным тэлебачанні, дзе вяла беларускамоўную перадачу “Віленскі сшытак”(з 1991г.). Аўтар літаратурных перакладаў з літоўскай і польскай мовы. Аўтар зборнікаў вершаў “Восень” (1991), “Няхай пакіне нас восень” (2008), “Раннія вершы: факсімільнае выданне” (2014).

Трагічна загінула ў аўтамабільнай аварыі.

“Гэта была паэтэса надзвычайна арганічнага таленту. Свае нявыдуманыя вобразы і лірычныя пачуцці яна проста выкладвала на паперу і транслірвала ў свет. Яе голасам гаварыла сама паэтычная душа – нецярплівая і вечная” – адзначыў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч у інтэрвью БелаПАН.

Ужо некалькі гадоў Аделя Дубавец – дачка паэткі Таццяны Сапач і журналіста Сяргея Дубаўца праводзіць на радзіме маці в. Маркава паэтычныя пленэры. Запрашае маладых паэтаў, бардаў, краязнаўцаў, журналістаў. Удзельнікі чытаюць свае вершы, разам з прафесійнамі паэтамі разбіраюць іх, слухаюць успаміны сяброў і родзічаў аб паэтцы. Арганізуюцца  экскурсіі ў Залессе, Гальшаны, Крэва, урочышча Мілідаўшчына, дзе развеяны прах паэткі.

Калі вас цікавіць творчасць Таццяны Сапач, абавязкова трэба пабываць у жніўні ў в. Маркава падчас штогадовага плэнэру.

 

Сапач, Т. Восень : вершы / Таццяна Сапач. – [б. м.] БАДППР: Бел.т-ва Кніга , 1991.

Сапач, Т. Няхай не пакіне нас Восень / Таццяна Сапач. — Мінск: друкарня: Медисонт, 2008. – 76с. (Бібліятэка часопіса “Дзеяслоў”).

Вершы “ветранай жанчыны” (У. Арлоў).

Раннія вершы Тацяны Сапач Сапач, Т. “Раннія вершы: факсімільнае выданне” (2014).

Раннія вершы Таццяны Сапач даюць уяўленне пра самы пачатак творчасці аўтаркі “Восені”, вершы якой завяршаюць сабою залатое ХХ стагоддзе беларускай паэзіі. Выданне падрыхтавалі Сяргей Дубавец і Віктар Корзун.

Кніга выдадзеная ў той самай форме, у якой і была створаная — сшытка рукапісных вершаў (Тетрадь для заметок, Цена 30 коп.) з захаваньнем нават арыгінальных колераў пярэстых атрамантаў. І, чытаючы яе, шчыра думаеш, што гэта вось маглі б быць і твае вершы. Во дзесьці тут яшчэ была вольная старонка, дзе можна штосьці запісаць, занатваць. На добры ўспамін…

Такі сшытак заўжды знойдзецца пад падушкай у кожнай дзяўчыны. І трымаць гэтую кнігу абавязкова тамсама, пад падушкай. Рукапіс, знойдзены ў бацькоўскай хаце.

Таямніца раскрылася, калі ў хаце Таніных бацькоў адшукаўся рукапісны зборнік Ранніх вершаў – ад зусім юных, школьных і традыцыйных да тых, у якіх пазнаецца ўжо аўтарка “Восені”. (Некаторыя з гэтых твораў друкаваліся ў маладзечанскай раёнцы задоўга да першага зборніка.)

У цэлым Раннія вершы складаюць поўны кантраст зборніку “Восень” — эстэцкаму, поўнаму філасофіі і маркотных настрояў. Гэты — амаль цалкам пазітыўны, просты, “народны”. Тут — спрадвечная беларуская чалавечая праграма — этычная і эстэтычная. Гэта як глеба, на якой пазней вырасце Тацяніна мастацтва чыстай красы.

Дапускаю, што да гэтай знаходкі ніхто й не здагадваўся пра існаванне Ранніх вершаў. Магчыма, пра рукапісны зборнік можна было б і не ўспамінаць, калі б вершы працягвалі пісацца, і эстэтычная карціна мела шанец на іншае завяршэнне. Але так не здарылася. І мы атрымалі завершанасць карціны не з працягу, а ад пачатку.

Тут няма яшчэ жорсткае моўнае дысцыпліны. Некалькі вершаў напісаныя па-руску. Амаль няма тут грамадзянскіх кантэкстаў і гарадскіх матываў. Большасць вершаў з’явіліся на свет у школьныя гады, апошнія — на самым пачатку студэнцтва. Рукапісны зборнік — гэта развітанне — з дзяцінствам, з вёскай, з блізкай прыродай. І ў развітанні гэтым шмат радасці і прадчування новага жыцця.

Перейти на страницу ПИСАТЕЛИ-ЗЕМЛЯКИ