Сымон Будны (каля 1530 – 13.01.1593), беларускі мысліцель, асветнік, рэлігійны рэфарматар. Нарадзіўся ў в. Буды ў Мазовіі (Польшча). Скончыў факультэт вольных мастацтваў Кракаўскага ўніверсітэта, а затым, магчыма, тэалагічны факультэт Базельскага ўніверсітэта. Працаваў у Вільні, Клецку, быў адным з ініцыятараў стварэння друкарні ў Нясвіжы, дзе выпусціў шмат кніг. З сярэдзіны 1560-х гадоў жыў у Заслаўі каля Мінска, у Лоску на Валожыншчыне і ў Хоўхлаве на Маладзечаншчыне. На думку доктара гістарычных навук Генадзя Каханоўскага, у Хоўхлаве С.Будны меў рухомы друкарскі станок, дзе і надрукаваў кнігу “Аб зачацці сына Божага.” Апошнія гады жыцця С.Будны правёў у Вішневе на Валожыншчыне, дзе памёр і пахаваны.
Сымон Будны вядомы як таленавіты літаратар (пісаў на старажытнабеларускай, польскай і лацінскай мовах), вучоны-філолаг, перакладчык, прадаўжальнік друкарскай і асветніцкай справы Ф.Скарыны на Беларусі.
Літ.: Парэцкі Я.І., Сымон Будны. Мн.,1975; Саверчанка І.В. Сымон Будны: Гуманіст і рэфарматар. Мн., 1993.
Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.