Перейти на страницу ПИСАТЕЛИ-ЗЕМЛЯКИ

Нарадзілася 28 лістапада 1986 года ў горадзе Маладзечна. Скончыла Маладзечанскую беларускую гімназію, дзе выкладанне вялося выключна на роднай мове. На роднай мове, прызналася паэтка, размаўлялі заўсёды і дома.  Менавіта гэта, ды яшчэ кнігі, без якіх не ўяўляла свайго жыцця, абумовілі імкненне да творчасці. Са школьных гадоў захаплялася паэзіяй, спрабавала пісаць вершы на беларускай і рускай мовах, займалася ў клубе юных журналістаў у цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік”. Свой першы верш напісала ў 10 гадоў. Называўся ён “Мая Беларусь”. Адным з першых вершаў маладой таленавітай паэткі стаў верш “Мая гімназія”, які яна прысвяціла роднай установе адукацыі. Гэты верш штогод гучыць у выкананні юных гімназістаў на ўрачыстым свяце “Прысвячэнне ў гімназісты”.

У 2004-2009 гг. Настасся  вучыцца ў Інстытуце журналістыкі БДУ па спецыяльнасці “Літаратурная работа. Журналістыка”. Пасля сканчэння навучання па размеркаванні трапляе ў рэдакцыю раённай газеты “Навіны Камянеччыны” (Камянецкі раён Брэсцкай вобласці). Працавала карэктарам, карэспандэнтам, загадчыкам аддзела пісьмаў і сацыяльных праблем, адказным сакратаром гэтага выдання.

Настасся Нарэйка – член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Публікавалася ў перыёдыцы: газетах “Маладзечанская газета”, “Навіны Камянеччыны”, “Заря”, “Літаратура і мастацтва”, часопісах “Куфэрак Віленшчыны”, “Маладосць” , “Полымя”.

Творы аўтаркі ўвайшлі ў  калектыўныя зборнікі: ”Сила слабости” (жаночая паэзія Брэстчыны), “ЛітАўра” (творы паэтаў і пісьменнікаў Брэстчыны) , “Кахаць і верыць” (апавяданні маладых пісьменнікаў Беларусі).

Напрыканцы 2013 года пабачыла свет першая кніга вершаў паэткі “Магдэбургскае права маёй душы”.

У паэтычных творах Настассі адчуваюцца яе трапяткія і глыбокія адносіны да жыцця, чалавека, прыроды, філасофскі погляд на жыццёвыя акалічнасці. Пранікнёна, пяшчотна, мілагучна гучаць яе паэтычныя радкі, кранаюць сэрца аповеды пра родную старонку і любоў да яе. Душэўная цеплыня і шчырасць паэткі захапляюць, зачароўваюць неверагоднай прыгажосцю беларускай мовы, арыгінальнасцю вобразаў і драматычнай лірычнасцю твораў.

Нарэйка, Настасся Мікалаеўна. Магдэбургскае права маёй душы [Тэкст]: вершы/ Н.М.Нарэйка. -Брэст: Брэсцкая друкарня, 2013. -106с.

Дыханне слаўнай даўніны, пільнае імкненне далучыць свой голас, сваю паэтычную думку да нашай гісторыі, да свайго роднага краю, схіліцца ў пашане перад постаццю любімага ёю У.Караткевіча, прыкметна прасочваецца ў многіх творах, што стал і асноваю першага паэтычнага зборніка.

Перейти на страницу ПИСАТЕЛИ-ЗЕМЛЯКИ