Ермаловіч Мікола

размещено в: Знаменитые люди | 0

Ермаловіч МіколаМікола Ермаловіч (29.04.1921 – 04.03.2000), гісторык, літаратуразнаўца. Нарадзіўся ў в. Малыя Навасёлкі Дзяржынскага раёна ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Дзяржынскай сярэдняй школе, Мінскім педагагічным інстытуце імя М.Горкага. У час вайны жыў і працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Мардоўскай АССР, потым у вызваленых раёнах Беларусі. У 1947 г. заканчвае вучобу ў інстытуце і накіроўваецца ў Маладзечанскі настаўніцкі інстытут, дзе да 1955 г. выкладае беларускую літаратуру. З 1957 г. на пенсіі, у сувязі са значнай стратай зроку. Займаўся надомнай працай, узначальваў мясцовае літаратурнае аб’яднанне. У пачатку 90-х гадоў перабраўся ў Мінск, дзе трагічна загінуў. Пахаваны на старых могілках г. Маладзечна.
Узнагароджаны медалём імя Ф.Скарыны. Ганаровы грамадзянін г. Маладзечна. Член СП Беларусі.
Першыя публікацыі з’явіліся ў раённай газеце “Ударнік Дзяржыншчыны” у 1937 г. Шмат артыкулаў прысвяціў Ф.Багушэвічу, Я.Лучыну, Я.Купалу, М.Танку ды іншым выдатным беларускім пісьменнікам. Асабліва плённа працаваў над гістарычнай тэматыкай. Стварыў сваю арыгінальную канцэпцыю старадаўняй гісторыі Беларусі, дзе абгрунтавана і пераканаўча паказаў цяжкі шлях свайго народа да свабоды. З’яўляецца аўтарам кніг “Дарагое беларусам імя” (1970), “Па слядах аднаго міфа” (1989), “Старажытная Беларусь. Полацкі і Наваградскі перыяд” (1990) ды інш.
Літ.: Беларускія пісьменнікі (1917 – 1990): Даведнік / склад А.К.Гардзіцкі. Мн., 1994.

Оставить ответ