ЯНКА КУПАЛА
Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч; (07.07.1882 – 28.06.1942), класік беларускай літаратуры. Нарадзіўся ў в. Вязынка Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці ў шляхецкай сям’і. У 1898 г. скончыў Бяларуцкае народнае вучылішча. Працаваў памочнікам радашковіцкага судовага следчага (1903), памочнікам вінакура на бровары ў Яхімоўшчыне (1906-1907), супрацоўнікам газеты “Наша Ніва” і адна-часова бібліятэкарам бібліятэкі “Веды” у Вільні. У 1909 – 1913 гг. вучыўся на агульнаадукацыйных курсах А.С.Чарняева ў Пецярбурзе. З кастрычніка 1913 г. зноў у Вільні, супрацоўнік “Беларускага выдавецкага таварыства”, рэдактар газеты “Наша Ніва”(1914 – 1915). Служыў у арміі (1916 – 1917). У 1919 г. пераехаў у Мінск, дзе жыў да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Прымаў удзел у стварэнні нацыянальнага тэатра, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Акадэміі навук Беларусі.
Акадэмік Акадэміі Навук БССР, акадэмік АН УССР. Народны паэт Беларусі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР. Аўтар кніг паэзіі і драматургіі “Жалейка” (1908), “Гусляр” (1910), “Шляхам жыцця” (1913), “Паўлінка” (1913), “Спадчына” (1922), “Безназоўнае” (1925), “Беларускім партызанам” (1942) ды інш.
АГУНОВІЧ Эдуард Канстанцінавіч
АГУНОВІЧ Эдуард Канстанцінавіч (16 снежня 1938, Рэчыца – 23 верасня 2020, Мінск) , беларускі мастак. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1977). Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1966). Працаваў пераважна ў кніжнай і станковай графіцы, акварэлі, мастацкім афармленні музеяў, выставак, манументаў пластыцы. Станковым работам уласцівы эмацыянальная непасрэднасць, глыбокае пранікненне ў змест ілюструемага твора. Работы ў кніжнай графіцы: афармленне і ілюстрацыі да паэм “Тарас на Парнасе” (1967), “Сымон-музыка” і “Новая зямля” (абедзве 1968) Я.Коласа, раманаў “Глыбокая плынь” (1967) і “Трывожнае шчасце” (1973) I.Шамякіна і інш. Сярод станковых работ: серыі “Дзяцінства” (1977, літаграфія), “Маці божая - маці краіна” (1979), “Спрадвечнае” (1980), “Крык кнігаўкі” (1981; усе ў тэхніцы афорта), “Народныя майстры” (1983), “Крэда” (1992). Аўтар праектаў мастацкага афармлення экспазіцый музеяў (каля 30), у тым ліку філіяла Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі ў г. Заслаўе Мінскага р-на (1971), Літаратурнага музея Я.Купалы ў Мінску (1974) і яго філіяла ў в. Вязынка Маладзечанскага р-на (1972), Музея партызанскай славы ў г.п. Ушачы (1978-82), Літаратурна-мемарыяльнага
музея Я.Коласа (1982) і Літаратурнага музея М.Багдановіча (1990–93) у Мінску, краязнаўчых музеяў у г. Бабруйск (1995–97) і г. Гомель (2003–04); капліцы Ефрасінні Полацкай (1995), помнікаў М.Доўнар-Запольскаму (1996, з В.Янушкевічам) у г. Рэчыца, воінам афганцам у г. Бабруйск (2001), “Сынам Рэчыцы прысвячаецца” (2002, абодва з У.Слабодчыкавым) і інш. Аформіў інтэр'ер пасольства Рэспублікі Беларусь у Вільнюсе (1997), музея мемарыяльнага комплексу “Дальва” (2004) і інш.
ЖДАНОВІЧ Фларыян Паўлавіч
ЖДАНОВІЧ Фларыян Паўлавіч (28.10.1884, Мінск – 22.10.1937) акцёр, рэжысёр, тэатральны дзеяч, адзін з заснавальнікаў беларускага прафесійнага тэатра. Скончыў драматычную школу ў Варшаве (1902). У 1907–1913 арганізаваў драматычныя гурткі ў Мінску, Вільні, Слуцку. Адзін з арганізатараў, кіраўнік і рэжысёр Першага таварыства беларускай драмы і камедыі (1917–20). Арганізатар і першы мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага тэатра (1920–21), у 1922–1929 вядучы акцёр трупы. У 1928–1929 рэжэсёр Беларускага рабочага тэатра ў Мінску. У рэжысёрскіх работах абапіраўся на традыцыі беларускага народнага тэатра, імкнуўся да праўдзівасці, сацыяльнай завостранасці. Сярод пастановак: “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо” Я.Купалы, “Міхалка” Далецкіх (усе 1917), “Бязвінная кроў”, “Пісаравы імяніны” (абедзве 1918), “Ганка” (1921) У.Галубка, “Рысь”, “У зімовы вечар” (абедзве 1920), “Хам” (1921) Э.Ажэшка; “Кастусь Каліноўскі” Е.Міровіча (1929), “Лютасць” Я.Яноўскага (1930) і інш. Як акцёр стварыў яркія камедыйныя і драматычныя вобразы: Быкоўскі, Сымон (“Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”), ксёндз Яхідна (“Панскі гайдук” Н.Бываеўскага), Серакоўскі, Дзюлеран (“Кастусь Каліноўскі”) і інш. У 1930 рэпрэсаваны. а ў 1937 расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956.
КАВАЛЕЎСКАЯ Софія
КАВАЛЕЎСКАЯ Софія (1853, в. Малыя Бакшты Маладзечанскага р-на – 22.2.1918), беларуская фалькларыстка, этнограф, пісьменніца. Даследавала матэрыяльную і духоўную культуру Маладзечаншчыны, творы мастацтва, сабрала калекцыю прадметаў народных рамёстваў, а таксама матэрыялы пра паўстанне 1863-1864 на Міншчыне, якому прысвяціла некалькі артыкулаў: “Адзін з многіх” (1908), “1863 год на Міншчыне” (1917). Аўтар кнігі “З успамінаў выгнанца” (1911). У працы “Вясельныя ўрачыстасці ў Вілейскім павеце ў ваколіцах Маладзечна і Радашковіч” (1900), апісала вясельныя абрады, прывяла ўзоры вясельных песень, якія суправаджалі абрадавае афармленне шлюбу ў розныя перыяды.
ЛУЦЭВІЧ Уладзіслава Францаўна
ЛУЦЭВІЧ Уладзіслава Францаўна (25.12.1891, в. Вішнева Валожынскага р-на – 25.2.1960), беларускі культурны дзеяч, літаратуразнавец. Жонка Я.Купалы. Заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1959). Скончыла Biленскую гімназію (1906), педагагічныя курсы ў Варшаве (1908). 3 1919 працавала інспектарам дашкольных устаноў Наркамасветы БССР, выхавацелем і педагогам-метадыстам дзіцячых устаноў, на радыё. У 1944–1960 дырэктар Літаратурнага музея Я.Купалы. Аўтар артыкулаў-успамінаў пра Я.Купалу, З.Бядулю, Цётку, складальнік зборнікаў “Янка Купала” (1952, з В.Тарасавым), “Янка Купала ў беларускім мастацтве” (1958), “Любімы паэт беларускага народа” (1960) і інш. Сабрала і апрацавала “Народныя дзіцячыя песенькі” (1939), народныя казкі “Як жабы бараніліся ад бусла” (1928), “Пых”, “Як пеўнік казку прагнаў” (абедзве 1938).
МЯТЛА Пятро Васільевіч
Пятро Васільевіч Мятла (1890, в. Кухцінцы Дзісенскага павета Віленскай губерні(цяпер Міёрскі раён Віцебскай вобласці) – 12 жніўня 1936) – беларускі грамадска-палітычны дзеяч Заходняй Беларусі.
У 1906–1910 вучыўся ў Дзісенскім гарадскім вучылішчы, у 1911–1912 на педагагічных курсах у Коўне. Працаваў настаўнікам. У 1914–1917 у
арміі. Знаходзіўся сярод юнкераў Аляксееўскага ваеннага вучылішча, якія «выступілі супраць рэвалюцыі і паўстаўшага пралетарыяту». Быў арыштаваны і зняволены ў турму. З канца 1917 да 1921 настаўнічаў. З 1921 у Вільні.
У 1921–1922 працаваў бухгалтарам, загадчыкам аддзела Віленскага саюза кааперацыі. Удзельнічаў у стварэнні нацыянальна- вызваленчых суполак і арганізацый, беларускіх школ у Заходняй Беларусі. У 1922 г. быў выбраны дэпутатам польскага сейма ад беларускай нацыянальнай меншасці. Быў членам Беларускага пасольскага клуба.
Адзін са стваральнікаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), член яе ЦК. Пасля яе разгрому 16 студзеня 1927 арыштаваны і прыгавораны польскімі ўладамі да 12 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі з 1930 апынуўся ў Мінску. Працаваў у Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры Прэзідыуме Беларускай акадэміі навук, у ВСНГ БССР намеснікам начальніка планавання, начальнікам сектара кадраў.
1 верасня 1933 арыштаваны ДПУ БССР па справе Беларускага нацыянальнага цэнтра. Пастановай калегіі АДПУ СССР ад 9 студзеня 1934 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, якая заменена 10 гадамі ППЛ. Зняволенне адбываў на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. Памёр у лагеры.
ПОСАХ Андрэй
Андрэй Посах (1884–1945), беларускі педагог, грамадскі дзеяч. Кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт БДУ. Паходзіў з вёскі Лебедзева Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў мясцовую пачатковую школу і Віленскую гімназію. Працаваў настаўнікам у Гарадзілаве, пасябраваў з Янкам Купалам. У 1910 г. разам з дэлегацыяў беларускіх настаўнікаў ездзіў да М.Горкага у Італію, дзе і пазнаёміў яго з Купалаўскімі вершамі. Удзельнік Першай сусветнай вайны. У 1920 г. пераехаў у Мінск. Скончыў фізіка-матэматычны факультэт БДУ. Працаваў выкладчыкам на рабфаку Мінскага медінстытута. У 1940 г. Я.Купала падараваў А.Посаху 4-ты том збору твораў з аўтографам: “Андрэю Фёдаравічу Посаху на добры ўспамін аб мінуўшых спатканнях у Яхімоўшчыне ў 1906 г., спатканнях мілых, шчырых. Янка Купала. Мінск, 12.Х.40 г.” Аўтар успамінаў пра Янку Купалу.
СНІТКА Андрэй
Андрэй Канстанцінавіч Снітка (1866 – 13.03.1920), археограф, археолаг, этнограф. Нарадзіўся ў Вільні ў заможнай сям’і. Скончыў Рыжскі палітэхнічны інстытут (1888). З’яўляўся сакратаром, а з 1909 года старшынёй Мінскага царкоўнага гісторыка-археалагічнага камітэта, прымаў удзел у арганізацыі Мінскага царкоўна-археалагічнага музея. Жыў у Радашковічах і Кальзбергу, дзе меў два маёнткі. З 1915 года настаўнік гімназіі ў Чарнігаўскай губерніі. Займаўся археалагічнымі раскопкамі, склаў радавод слуцкіх князёў, прымаў удзел у выданні зборніка дакументаў “Мінская даўніна”, з’яўляецца аўтарам гісторыі Слуцка, артыкулаў па гісторыі Беларусі.
УЛАСАЎ Аляксандр
Аляксандр Мікітавіч Уласаў (28.08.1874 – 11.03.1941), беларускі грамадскі і культурны дзеяч, выдавец, публіцыст. Нарадзіўся ў Вілейцы ў сям’і чыноўніка. Вучыўся ў Пінскім і Лібаўскім рэальных вучылішчах, потым у Рыжскім палітэхнічным інстытуце (1905). Адзін з стваральнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады, рэдактар газеты “Наша Ніва”, заснавальнік сельскагаспадарчага часопіса “Саха” і часопіса для моладзі “Лучынка”. У красавіку 1918 г. быў кааптаваны ў склад Рады БНР.У 1922 годзе абраны ад насельніцтва Заходняй Беларусі ў польскі сейм. Арганізатар і адзін з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы, Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Ф.Скарыны. Жыў у маёнтку Мігаўка каля Радашковічаў. У 1939 годзе быў арыштаваны органамі НКУС і высланы за межы Беларусі. Аўтар шматлікіх публіцыстычных артыкулаў у беларускім перыядычным друку, навуковых працаў, мемуараў.
ЯДВІГІН Ш.
Ядвігін Ш. (Антон Іванавіч Лявіцкі; (04.01.1869 – 24.02.1922), пісьменнік і грамадскі дзеяч. Нарадзіўся ў маёнтку Добасна Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і ўпраўляючага маёнткам. Вучыўся на медыцынскім факультэце Маскоўскага ўніверсітэта, адкуль быў выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. Сядзеў у Бутырскай турме. Вярнуўся ў Беларусь, працаваў памочнікам аптэкара ў Радашковічах, потым у краме кааперацыі. У 1909 – 1910 гг. жыў у Вільні, удзельнічаў у беларускім нацыянальна-вызваленчым руху. Працаваў у рэдакцыі газеты “Наша Ніва”, а з 1913 г. – у рэдакцыі газеты “Беларус”. З лістапада 1913 да студзеня 1915 г. – тэхнічны рэдактар часопіса
“Саха” і “Лучынка”. Сябраваў з Янкам Купалам, які пад яго ўплывам пачаў пісаць па-беларуску. Жыў у бацькоўскім маёнтку Карпілаўка, што пад Радашковічамі. Аўтар першага беларускага рамана “Золата”, п’есы “Злодзей”. У Вільні выйшлі яго кнігі “Дзед Завала” (1910), “Бярозка” (1912), “Васількі” (1914) ды інш.
ЧАХОВІЧ Зыгмунт
Зыгмунт Бярнардавіч Чаховіч, Чаховіч-Ляхавіцкі (19 жніўня 1831, в. Сурвілішкі Дзісненскага павета Віленскай губернніі, цяпер Пастаўскі раён, Віцебская вобласць – 27 кастрычніка 1907), адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864, бібліяфіл. Паводле іншых звестак, Зыгмунт Чаховіч паходзіў са Свянцянскага павету, з маёнтка Краснова.
У 1851 годзе скончыў Віленскі шляхецкі інстытут, з адзнакай скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт на камеральным аддзяленні.
У 1862–1863 – член Віленскага Камітэта Руху, пасля яго ліквідацыі – займае пасаду сакратара ў “Аддзеле кіраўнікоў правінцыямі Літвы”. Прыхільнік жорсткай лініі К. Каліноўскага.
Арыштаваны 31 ліпеня 1863 г. Выданы шпіёнам-яўрэем, быў пасля арышту прыгавораны спачатку да расстрэлу. У снежні 1863 г. Канстанцін Радзівіл, з якім ён быў пароднены праз Сулістроўскіх, прасіў у віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва аб замене смяротнага прысуду. Кару змянілі на 12 гадоў цяжкіх работ. Катаргу адбываў у Нерчынскіх рудніках.
Пасля вызвалення жыў у маёнтку Малыя Бясяды (Вілейскі пав. Віленскай губ., цяпер Лагойскі р-н Мінскай вобл.). У Малых Бяседах Зыгмунт Чаховіч стварыў вялікую бібліятэку. З Чаховічам пазнаёміўся малады Янка Купала, сям’я якога ў 1895–1904 гг. жыла непадалёку ў фальварку Селішча. У доме Чаховіча Купала ўпершыню пазнаёміўся з нелегальнай літаратурай (прысвечанай польскаму вызвольнаму руху), гутарыў з ім пра паўстанне 1863–1864 гг., карыстаўся яго багатай бібліятэкай. Пра сустрэчы з Чаховічам паэт пісаў у аўтабіяграфіях.
Асоба Зыгмунта Чаховіча натхніла класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Вобраз этага неардынарнага чалавека адлюстраваны ў яго п'есе “Калыска чатырох чараўніц”, у якой паказаны вялікі ўплыў З. Чаховіча на фарміраванне светапогляду Янкі Купалы.
РАМАНОЎСКАЯ Леакадзія
Леакадзія Дамінікаўна Раманоўская (у дзявоцтве – Луцэвіч; 15 лютага 1890 – 18 снежня 1970, Мінск) – родная сястра Янкі Купалы,
купалазнаўца, актыўны папулярызатар творчасці Янкі Купалы.
У 1908–1909 гг. наведвала Купалу ў Вільні. У 1915 годзе выйшла замуж за Ю. Раманоўскага, які пасябраваў з Купалам у 1916 годзе, калі
яны разам служылі ў дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі.
У 1916 годзе наведвала Купалу ў Полацку, дапамагала яму матэрыяльна. З 1918 года сям'я Раманоўскіх жыла ў Кальзбергу, дзе арандавала зямлю ў цесця Б. Тарашкевіча. Сюды ў жніўні 1919 года прыязджаў Купала і напісаў свае вершы “З павяўшай славы…”, “На нашым…”, “Паўстань”, “Мая навука”.
З 1927 года сям'я Раманоўскіх жыла ў Мінску ў адным з Купалам доме, які яны набылі разам, па вул. Кастрычніцкай, 40. У 1930-я гады
перыядычна жыла ў Лошніцы, Барысаве, дзе ў час творчых камандзіровак Купала наведваў яе. Кожнае лета з 1936 года жыла разам з сям'ёй на дачы Купалы ў Ляўках. Часта выступала з успамінамі пра дзяцінства і юнацтва свайго брата перад дзецьмі і моладдзю, на сустрэчах у музеі, па тэлебачанні і радыё. Пахаваная на Усходніх могілках у Мінску. Аўтар успамінаў пра Купалу “Дзіцячыя і юнацкія гады паэта” (“Янка Купала”, 1952), “Перад вялікай дарогай” (“Вясёлка”, 1962, № 7-8), “Слова пра брата” (“Бярозка”, 1962, № 7).
КАПУЦКІ Андрэй Рыгоравіч
Андрэй Рыгоравіч Капуцкі (псеўданімы: Я. Пралеска; Язэп Пралеска; партыйныя псеўданімы: Лёкса; Хвастоў; 2 мая 1897, Маладзечна – 17 мая 1934) – грамадскі і палітычны дзеяч, празаік, паэт, журналіст.
Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю, у 1916 годзе прызваны ў войска. У 1917 годзе жыў у Петраградзе. З 1918 года ў Маладзечне. У перыяд нямецкай і польскай акупацыі займаўся падпольнай дзейнасцю. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (1922), разам з якой у снежні 1923 года ўступіў у КПЗБ. Неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі.
У ліпені 1927 года нелегальна перайшоў польска-савецкую мяжу. Жыў у Менску, працаваў у рэдакцыі газеты “Звязда”, часопісе
“Полымя рэвалюцыі”.
У 1931 годзе скончыў Камуністычны ўніверсітэт Беларусі. Працаваў у Гістпарце пры ЦК КП(б)Б, загадчыкам сектара друку ЦК КП(б)Б, в.а. рэдактара газеты “Савецкая Беларусь”. Пад псеўданімам Язэп Пралеска выдаў зборнік апавяданняў “Паноў трэба знішчаць гуртам”(Мн., 1932). Арыштаваны органамі НКУС 29 верасня 1933 года. Расстраляны 17.5.1934.
Касцёл у Аборку
У 1443 г. уладальнік маёнтка, намеснік полацкі, Анджэй Саковіч пабудаваў касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы ў Аборку (па назве маёнтка) – на самай справе, уразмешчаным за 1,5 вярсты ад сядзібы Груздове, пры дарозе праз паселішча. Такім чынам ужо тады ўзнікла падвоеная назва парафіі – Груздава-Аборак. У 1475 г. сын фундатара, Багдан, значна павялічыў фундуш касцёла.
На гэтым жа месцы ў Груздове ў 1720 г. была ўзведзена новая драўляная святыня. А ў Аборку, у цэнтральнай частцы маёнтка, на скрыжаванні галоўных вуліц пабудавалі драўляную капліцу з цудадзейным абразом св. Роха, які лічыўся апекуном маёнтка.
У 2-й палове XVIII ст. на гэтыя мясціны абрушылася пошасць, якая рэзка павялічыла колькасць пахаванняў каля касцёла ў Груздове. Мабыць, з жаданнем пасунуць святыню з "халерных могілак" і звязаны яе перанос у 1773 г. у Аборак, на месца капліцы. Ажыццявіў гэта князь Францішак Ксаверы Агінскі, кухмістр літоўскі. Цудадзейны абраз св. Роха, які выратаваў тутэйшае насельніцтва ад халеры, заняў месца ўновым касцёле. Ды і сама святыня атрымала яшчэ адзін тытул – святога Роха. Поўная тагачасная назва касцёла ў той час была такая: касцёл Найсвяцейшай Тройцы, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны і святога Роха.
Пасля вайны касцёл у Аборку быў прыстасаваны пад склад. Аб'яўлены помнікам архітэктуры, ён тым не менш ператварыўся ўруіны. Сёння ад касцёла яшчэ захоўваюцца сцены капліцы св. Роха, руіны магільнага склепу Дадэркаў. Захаваліся фрагменты бутавай агароджы,
паўразбураная брама і падобная да яе брама на старых могілках, дзе яшчэ ёсць некалькі цікавых шляхецкіх надмагілляў XIX ст.
ПОМНІК ЯНКУ КУПАЛУ Ў РАДАШКОВІЧАХ
Помнік Янку Купалу – помнік у Радашковічах, які знаходзіцца на вуліцы Савецкай, насупраць Дома культуры. Помнік быў усталяваны ў 1982 годзе ў памяць аб класіку беларускай літаратуры Янку Купалу.
ПОМНІК ВІЛЕНСКАМУ ШЛЯХУ Ў в. МЯСАТА
Помнік Віленскаму тракту – помнік у в. Мясата Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці, размешчаны справа ад аўтамабільнай дарогі Мінск-Вільнюс, каля павароту на вёску. Пастаўлены ў 1979 годзе. Гэта адзіны ў Беларусі помнік, прысвечаны дарозе. Ён быў адкрыты ў 1979
г. па ініцыятыве мясцовых краязнаўцаў Г.А. Каханоўскага і В.А. Ляшковіча.
“ПАЎЛІНКА” ў Маладзечне
19 жніўня 1919 г. камедыя Янкі Купалы “Паўлінка” была пастаўлена ў Маладзечне сіламі самадзейных артыстаў. Гэта падзея ператварылася ў сапраўднае народнае свята, на якое быў запрошаны і аўтар п’есы, а таксама Купалаўская “Паўлінка” была пастаўлена ў 1922 г. пад кіраўніцтвам П.Мятлы.
ДУА “МАЛАДЗЕЧАНСКАЯ СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА № 1 імя ЯНКІ КУПАЛЫ”
Гісторыя існавання і развіцця Маладзечанскай СШ №1 налічвае больш за 100 гадоў. Амаль немагчыма зараз з упэўненасцю сказаць, калі ў Маладзечне адкрылася самая першая школа. На падставе звестак, вядомых на сённяшні дзень, мы можам больш-менш дакладна прасачыць гісторыю школы з 19 стагоддзя. Маладзечна той пары ўяўляла сабой невялікае мястэчка з чатырох вуліц. Сёння вядома, што менавіта на вуліцы Гарадоцкай пасля адмены прыгоннага права была створана царкоўна-прыходская школа, і бедны люд горада і навакольных вёсак атрымаў магчымасць авалодаць першапачатковымі ведамі.
Да пачатку 1900 года была пабудавана новая драўляная школа з чатырох класных пакояў. У 1936 – 1937 гадах было пабудавана памяшканне сямігодкі, падмурак якога захаваўся да нашых дзён.
Пасля аб'яднання Заходняй Беларусі з БССР школа атрымала статус сярэдняй. У час акупацыі адзін з будынкаў школы быў ператвораны фашыстамі ў канюшню. Аднак навучанне працягвалася. У гэты час яно было пераведзена на беларускую мову.
У 1945/1946 навучальным годзе ў школе вучылася 170 вучняў і працавала 18 настаўнікаў. Школа атрымала назву беларускай сярэдняй школы №1 г. Маладзечна.
У 1960 годзе ў школе быў адкрыты пакой імя Янкі Купалы, дзе размясціліся матэрыялы аб жыцці і творчасці песняра. Пакой узначаліла Уласава Зінаіда Паўлаўна. Вучні двойчы сустракаліся з жонкай паэта У.Ф. Луцэвіч.
Указ Прэзідыума Вярхоўнага
Савета БССР
аб прысваенні імя
народнага паэта Беларускай ССР Янкі Купалы
сярэдняй школе №1 горада
Маладзечна
Прысвоіць імя народнага паэта Беларускай
ССР Янкі Купалы сярэдняй школе №1 горада Маладзечна
Старшыня прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР
В. Казлоў
Сакратар прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР
Д.Лукашэвіч
14 жніўня 1957 года
горад Мінск
МЕМАРЫЯЛЬНАЯ ДОШКА, ФІЛІЯЛ ЛІТАРАТУРНАГА МУЗЕЯ ЯНКІ КУПАЛЫ “ЯХІМОЎШЧЫНА”
У 1959 годзе на будынку былой канторы бровара (зараз цэнтральная сядзіба калгаса “Яхімоўшчына”) была ўсталявана мемарыяльная дошка. Менавіта ў Яхімоўшчыне былі напісаны Янкам Купалам вершы, паэма “Нікому” і шэраг іншых твораў, якія увайшлі ў яго першы зборнік “Жалейка”(1908).
“НАША НІВА”
"Наша ніва" – штотыднёвая легальная грамадска-палітычная, навукова-асветніцкая і літаратурна-мастацкая газета. Выдавалася ў Вільні з 10 (23) лістапада 1906 года па 7(20) жніўня 1915 года на беларускай мове кірыліцай і да 18 (31) кастрычніка 1912 года і лацінкай з загалоўкам "Nasza Niwa".
Заснавальнікі: браты І. і А. Луцкевічы, В. Іваноўскі, А. Уласаў, А. Пашкевіч (Цётка) і інш.
“ШЛЯХАМ ЖЫЦЦЯ”
"Шляхам жыцця" – трэці зборнік вершаў Янкі Купалы, ўпершыню выдадзены ў 1913 годзе ў Санкт-Пецярбургу ў выдавецтве "Загляне сонца і ў наша аконца". Першы тыраж зборніку склаў 3 тысячы асобнікаў. Купала прысвяціў зборнік доктару Аляксандру Ярэмічу, які выдаў кнігу Купалы за свае ўласныя сродкі.
У зборнік увайшлі больш за 200 вершаў, напісаных пераважна ў 1910–1913 гадах, шэраг перакладаў і некаторыя вершы з папярэдніх зборнікаў Купалы "Жалейка" і "Гусляр". Зборнік складаецца з сямі асобных раздзелаў.
“ЖАЛЕЙКА”
"Жалейка" – першы зборнік Янкі Купалы, выдадзены ў пачатку 1908 года ў Санкт-Пецярбургу выдавецкай суполкай "Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ" тыражом 4300 асобнікаў, дзе былі надрукаваныя 95 лірычных вершаў 1905–1907 гг. і паэма "Адплата кахання".