У святле рампы
Будынак, дзе сёння знаходзіцца Мінскі абласны драматычны тэатр, з 1922-га па 1939 год быў культурна-забаўляльным цэнтрам гарнізона 86-га пяхотнага палка Войска Польскага. У 1944 годзе Маладзечна стаў абласным цэнтрам, і ў сценах цяперашняга тэатра размясціўся Дом культуры, які дабудавалі, тут з’явілася сцэна.
У 1960 годзе Маладзечанская вобласць была скасавана, абласны Дом культуры стаў гарадскім. У 1991-м на базе народнага тэатра гарадскога Дома культуры быў створаны Мінскі абласны драматычны тэатр. Афіцыйнае адкрыццё тэатра адбылося ў 1993 годзе спектаклем “Зямля” паводле паэмы Якуба Коласа ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка тэатра Мікалая Мацкевіча.
У тым жа 1993 г. быў пастаўлены спектакль”Прымакі” Янкі Купалы, а ў наступным – “Час, Сымоне, час”, у аснову якога пакладзена п’еса народнага паэта “Раскіданае гняздо”.
Спектакль “На другі дзень Сёмухі” – сцэнічны жарт у 3-х дзеях на драматургічнай аснове “Прымакоў” Янкі Купалы. Рэжысёр-пастаноўшчык Юрый Вута пакінуў усё, як было ў класіка, толькі ўвёў дадатковы персанаж Суфлёра – чалавека ад тэатра, каб яго своеасаблівымі каментарыямі патлумачыць пра тое, што адбываецца, сучаснаму гледачу. Сюжэт застаўся той жа: пасля святочна-застольнай "страты памяці" бацькі сямействаў памяняліся жонкамі і хатамі, лічачы, што чужое заўсёды "лепш", але на другі дзень Сёмухі прыйшлося ўносіць у "абмен" карэктывы.
Спектакль афарбаваны непаўторным купалаўскім гумарам, які ілюструе менталітэт тагачасных беларусаў.
Спектакль ідзе на беларускай мове. Дата прэм’еры – 30.06.2002 г.
Літаратурна-музычная вечарына "Вобразы мілыя роднага краю" прымеркавана да юбілейнай даты з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Гэты вечар паэзіі - сваеасаблівае свята, дзе гучать мілагутныя вершы мастакоў беларускага слова пра хараство роднага краю, неабсяжныя прасторы, любоў да радзімы і народа...
У 2017 г. на сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра была пастаўлена лірычная драма ў 2-х дзеях сучаснага беларускага драматурга Анатоля Дзялендзіка (1934-2019) "Карона з кахання", прысвечаная жыццю і творчасці Янкі Купалы. У спектаклі былі заняты вядучыя артысты тэатра.