Мы зложым песню, зложым сказ...

І ткалася радно памяці


Маладзечаншчына – гэта край Купалы, своеасаблівае альфа і амега яго жыцця. Можна здагадвацца, што гэты край насычаў яго цудадзейную паэзію жыватворнай энергетыкай, усяляў веру ў сілу праўды і справядлівасці, у велічную і шчаслівую будучыню свайго народа. Толькі трэба з сумам канстатаваць, што час не стаіць на месцы. І ты міжволі пачынаеш разумець, што ўжо цэлыя дзесяцігоддзі праляцелі – прімчаліся з тых векапомных і легендарных часоў.

Але ніколі і ні пры якіх абставінах жыхары Маладзечаншчыны не забываліся пра сваяго народнага песняра. Да яго юбілеяў рыхтаваліся вечарыны памяці, мастацкія выставы, адбываліся сустрэчы са знакамітымі людзьмі беларускай культуры. Прыкладам, маладзечанскія мастакі стваралі яго партрэты, афармлялі кнігі паэзіі і прозы. Сваю лепту ва ўшанаванні памяці народнага паэта уносілі маладзечанскія пісьменнікі, якія пісалі вершы, апавяданні, артыкулы, навуковыя і краязнаўчыя даследванні, тым самым ствараючы адмысловы летапіс жыцця і дзейнасці Купалы. Да кожнага такога мерапрыемства. што праходзілі ў сценах розных устаноў культуры горада і раёна, рыхтаваліся арыгінальныя, з густам аздобленныя запрашальныя білеты, афішы, буклеты, плакаты. Жывой згадкай пра тыя далёкія і, на вялікі жаль, незваротна прамінулыя гады засталіся лічаныя і ад часу пабляклыя фатаграфіі. Вось на адной з іх стаіць Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, жонка Янкі Купалы, якую ў пісьменніцкім асяродку называлі пашанотна-ласкава цётка Уладзя. Стаіці і ўважліва слухае старога барадатага мужчыну, а ўнізе фотаздымка надпіс: Вязынка, 1945 г. А вось на гэтым мы бачым Паўліну Мядзёлку, адну з першых выканаўцаў ролі Паўлінкі ў аднайменнай п’есе беларускага класіка. А яна, трэба прызнаць, часта бывала ў Маладзечне, асабліва ў 60 – 70 – я гады мінулага стагоддзя, калі прыязджала ў госці да сваіх маладых сяброў Міколы Ермаловіча і Генадзя Каханоўскага. А тут, група пісьменнікаў у цэнтральнай гарадской бібліятэцы на вечарыне, прысвечанай 80-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы. У цэнтры сядзяць маладыя, усмешліва-вясёлыя Іван Шамякін, Максім Танк, сціпла прытуліўся да групы чытачоў Мікола Ермаловіч...

І таму гледзячы на гэтыя пажаўцелыя ад часу артэфакты нашай гісторыі разумееш, што кожны з іх паасобку і сукупнасці з’яўляюцца адмысловым звенчаком у ланцугу нашай удзячнай памяці, які дае магчымасць яшчэ раз адчуць водар прамінулых гадоў і стаць сведкам даўно адышоўшай эпохі.

Міхась Казлоўскі



«…П. Ф. Глебка разам з Уладзіславай Францаўнай Луцэвіч і са мною паехаў у Вязынку, каб паглядзець, што там захавалася, што можна неадкладна зрабіць, каб выканаць пастанову ўрада аб увекавечанні памяці народнага песняра… Пазней, з месяца ў месяц, як толькі паяўляўся ў Саюзе пісьменнікаў, Глебка першае, што пытаўся – як і што робіццаў Вязынцы. Пры дапамозе Пятра Фёдаравіча, які ездзіў таксама і ў Радашковічы (тады там быў цэнтр раёна) па справах Вязынкі, Уладзіслава Францаўна энергічна ўзялася за ўсталяванне музея. Я ж, як мог, ёй дапамагаў, Пятро Фёдаравіч быў, гэта можна і трэба сказаць, навуковым кіраўніком, найпершым дарадчыкам. Пазней, калі ўжо была прыведзена ў парадак хата, калі у Вязынку былі завезены Уладзіславай Францаўнай першыя экспанаты, П. Ф. Глебка часта адзін, а то і з іншымі пісьменнікамі наведваў Вязынку…»

Павел Кавалёў



«...Уладка, Уладзіслава Францаўна, цёця Уладзя, Купаліха - так называлі яе ў розныя гады жыцця... Калі мы чуем гэта імя, перад вачыма паўстае вобраз энергічнай жанчыны, жонкі народнага паэта Янкі Купалы, стваральніцы яго музея. Яшчэ доўга мы будзем спасцігаць сутнасць і важнасць гэтай Асобы – настаўніцы, жанчыны, стваральніцы. Яна была побач з Вялікім Паэтам, на ёй ляжаў водбліск яго Асобы, частку свайго жыцця яна аддала творчай спадчыне Купалы, яго памяці...»

Фаіна Ваданосава


Генадзь Каханоўскі (1936-1994) – студэнт гістарычна-філалагічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага педінстытута імя У. Леніна. У будучым ён напіша значную колькасць кніг, брашур і артыкулаў, прысвечаных народным паэтам Беларусі.

Рыгор Семашкевіч (1945-1982), даследчык мінулых эпох, аўтар этапных кніг у галіне купалазнаўства.

“Нарач” – літаратурна-мастацкі альманах Маладзечанскага абласнога літаратурнага аб'яднання. Выдаваўся абласной газетай “Чырвоны сцяг” у 1957-1958 гг. Выйшла два нумары. На яго старонках быў надрукаваны артыкул Міколы Ермаловіча “Вялікі пясняр чалавека працы”, прысвечаны народнаму паэту Беларусі Янку Купалу.

Сям'я Ермаловіча. У цэнтры з сынам на руках сядзіць Мікола Ермаловіч (1921-2000), у будучым вядомы даследчык творчасці Янкі Купалы, аўтар шматлікіх артыкулаў, прысвечаных народнаму песняру, якія былі надрукаваны ў энцыклапедычным даведніку “Янка Купала” (Мн., 1986).

Так выглядаў у маладыя гады Кастусь Харашэвіч (1927-2013), у далейшым вядомы мастак, аўтар вялікай колькасці жывапісных палотнаў, у якіх апяваліся жыццё і творчасць народнага песняра Беларусі.



Афіша вечарыны “Гучаць цымбалы на зямлі Купалы”, якая была прымеркавана да 100-годдзя народнага паэта, выйшла ў мясцовай друкарні “Перамога” накладам у 300 асобнікаў. У мерапрыемстве прымалі ўдзел гісторык Г.А.Каханоўскі, заслужаны работнік культуры БССР В.А.Ляшковіч, Герой Сацыялістычнай Працы І.І.Дзяржынскі, выкладчыкі музычнага вучылішча, мастакі, творчая інтэлігенцыя горада, фальклорна-этнаграфічная група Маркаўскага СДК.


Да 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы ў межах горада Маладзечна прайшло некалькі масавых культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў. Адна з такіх імпрэзаў адбылася ў музычным вучылішчы. Да гэтай падзеі была выдадзена прыгожая каляровая афіша, у якой арганізатары мерапрыемства, звяртаючыся да жыхароў горада, пісалі:

“Усіх, хто шануе і любіць мастацкую і народную творчасць, запрашаем на літаратурна-музычны вечар і мастацкую выстаўку, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа “Завецца ж спадчына мая ўсяго старонкай роднаю”.

Далей у афішы паведам-лялася аб удзеле ў мера-прыемстве мясцовых паэтаў, кампазітараў, адкрыцці выставы мастакоў і фотааматараў горада. Афіша была надрукавана ў друкарні “Перамога” накладам у 200 асобнікаў.


Запрашальны білет на літаратурна-музычную вечарыну і мастацкую выставу, прысвечаныя 100-годдзю Я.Купалы і Я.Коласа “Завецца ж спадчына мая ўсяго старонкай роднаю”, якія адбыліся 20 сакавіка 1982 г. у памяшканні музычнага вучылішча. Надрукаваны запрашальны білет у мясцовай друкарні “Перамога”. Наклад не пазначаны.












Loading...