Перейти на страницу ПИСАТЕЛИ-ЗЕМЛЯКИ
Кароткая біяграфічная даведка
Доктар гістарычных навук, пісьменнік, краязнаўца.
Нарадзіўся Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі 8 студзеня 1936 года ў вёсцы Дамашы Маладзечанскага раёна.
Яго бацька, Аляксандр Аляксеевіч, хоць і меў тры класы адукацыі, але добра пісаў, па-майстэрску іграў на балалайцы і мандаліне. Быў майстравым чалавекам, любіў зямлю, трымаўся яе і толькі раз пакінуў на працяглы тэрмін свае Дамашы – калі быў мабілізаваны ў польскае войска. А маці – Наталля Мікалаеўна Капуцкая – паходзіла з Маладзечна, дзе яе бацька вёў гаспадарку і адначасова працаваў паштовым служачым.
У 1945 годзе Генадзь Каханоўскі становіцца вучнем Насілаўскай сямігадовай школы, у 52-м перайшоў у Лебедзеўскую сярэднюю школу. Вучыўся і адначасова працаваў у калгасе. Капаў на балоце торф, вазіў на поле. Дапамагаў бацькам па гаспадарцы.
I ў тым жа годзе быў прызваны на вайсковую службу. Служыў у войсках сувязі, спачатку на Гомельшчыне, а затым у пасёлку Стуніцы Маскоўскай вобласці.
Пад канец службы з дазволу камандзіра часці ён едзе ў Маскву і паспяхова здае экзамены ў педагагічны інстытут на гістарычна-філалагічны факультэт.
У 1963 годзе ў ліку лепшых студэнтаў ён заканчвае Маскоўскі педагагічны інстытут імя Леніна. Па заканчэнні вучобы вярнуўся ў Маладзечна, дзе з 1964 працаваў ў абласным краязнаўчым музеі. Нягледзячы на перашкоды з боку камуністычных улад, стаў спачатку намесьнікам, а потым і дырэктарам Мінскага абласнога краязнаўчага музея ў Маладзечне.
З 1981 Генадзь Каханоўскі стаў старэйшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру АН Беларусі, з 1991 старэйшы навуковы супрацоўнік, загадчык аддзела Нацыянальнага навукова–асветнага цэнтру імя Ф. Скарыны.
У 1989 спрычыніўся да заснавання Беларускага краязнаўчага таварыства і стаў яго першым старшынём. У 1992 абараніў першую ў Беларусі доктарскую дысэртацыю па крыніцазнаўстве матэрыяльнай і духоўнай культуры нашага народу. Напісаў і выдаў шэраг кніг па фалькларыстыцы і археалогіі, даследаванні, прысвечаныя Яўстаху Тышкевічу, Адаму Кіркору, Максіму Багдановічу. Вывучаў муры Койданаўскага кальвінскага збору.
Даследаваў гісторыю археалогіі, музейнай справы, краязнаўства, пытанні аховы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Выступаў у друку пад псеўданімамі Габрук, Верасень, Г.Гак. Аўтар літаратурна-краязнаўчых нарысаў пра Янку Купалу, Максіма Багдановіча, Яна Баршчэўскага, Адама Гурыновіча, Фелікса Тапчэўскага, Міхася Чарота, гісторыка-эканамічных нарысаў «Вялейка» (1974), «Маладэчна» (1988) і інш. Адзін з аўтараў помніка «Дарозе» ў в.Мясата на Маладзечаншчыне.
Памёр Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі 15 студзеня 1994 года, пахаваны на могілках вёскі Насілава. На помніку, зробленым па праекце скульптара Алеся Шатэрніка, высечаны словы: «А ўсё ж такі мы жывём».
Каханоўскі, Г.А. На запаветнай зямлі [аб радзіме беларускага пісьменніка Я. Купалы] / Г.А.Каханоўскі. – Мн.: Полымя, 1974. – 10,[6]с. Асобныя нарысы – даследаванні пра невядомыя факты з жыцця і творчасці Я.Купалы | |
Каханоўскі, Г.А. Вілейка : гісторыка–эканамічны нарыс / Г.А.Каханоўскі. – Мн.: Беларусь, 1974. – 110 с. – ( Гарады Беларусі). У кнізе «Вілейка» аўтар цікава, на вялікім фактычным матэрыяле расказвае аб мінулым і сучасным горада. Кніга прызначана для масавага чытача. | |
Каханоўскі, Г.А. У родным краі / Г.А.Каханоўскі. – Мн.: Полымя, 1983. – 15,[1]с. Аўтар гэтай брашуры гадоў шаснаццаць–сямнаццаць назад, уважліва прачытаўшы ўспаміны бацькі Максіма, паставіў сваёй мэтай адшукаць той “хутар, ці то ў Вілейскім, ці то ў Ашмянскім павеце”, у якім паэт правёў два летнія месяцы 1911 года. “Адшукаць абавязкова трэба. Бо гэтая мясціна, можа, таксама важна, як Болдзіна, для Пушкіна. Багдановіч упершыню сустракаўся са сваёй нацыянальнай стыхіяй. Як гэта важна…” | |
Каханоўскі Г. А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI – XIX стст. / Навук. рэд. Л. Д. Побаль. – Мн.: Навука і тэхніка, 1984.– 120 с. Манаграфія змяшчае багаты крыніцазнаўчы матэрыял па праблемах развіцця археалогіі і краязнаўства Беларусі ў дарэвалюцыйны час, уклад у навуку 3. Даленгі–Хадакоўскага, Т. Нарбута, Я. і К. Тышкевічаў, А. Кіркора, У. Сыракомлі і інш. Расказана пра дзейнасць Віленскага музея старажытнасцей, Археалагічнай камісіі, некаторых прыватнаўласніцкіх музеяў. Разлічана на выкладчыкаў і студэнтаў, навукоўцаў, работнікаў Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. | |
Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу: Гіст.–літ. нарысы.– Мн.: Маст. літ., 1984.– 199 с, 8 л. іл. Генадзь Каханоўскі – сам былы супрацоўнік музея – цікава расказвае пра свае паездкі ў багатыя дакументамі пра наша мінулае музеі Масквы, Львова, Вільнюса, пра свае знаходкі – ці гэта рэвалюцыйная лістоўка, ці новы варыянт вядомага твора, ці старонка забытага слоўніка. Кожная такая знаходка ўзбагачае нашы ўяўленні пра культурныя набыткі нашага народа. | |
Каханоўскі Г. А. 30 Повязь часоў. – Мн.: Полымя, 1985. – 112 с, іл. – (Па родным краі). Кніга краязнаўчых нарысаў напісана паводле шматлікіх паездак аутара па мясцінах Маладзечаншчыны, гэтага надзіва багатага, адоранага прыродай краю, цікавага сваімі помнікамі і працавітымі людзьмі. Выкарыстаны матэрыя архіваў, успаміны рэвалюцыянераў, хлебаробаў, вучоных і пісьменнікаў. Расказваецца пра сучасны дзень Маладзечаншчыны, асабліва горада Маладзечна, які рыхтуецца сустрэць свой 600-гадовы юбілей. Для краязнаўцаў, турыстаў, экскурсаводаў. | |
Каханоўскі Г. Л. Маладзечна: Гіст.–экан. нарыс.– Мн.: Полымя, 1988.– 120 с: іл.– (Гарады Беларусі). Расказваецца пра далёкае мінулае, сённяшні дзень і будучыню старажытнага горада на Ушы – Маладзечна, якому споўнілася шэсць стагоддзяў. Адрасуецца масаваму чытачу. | |
Каханоўскі, Г.А. А сэрца ўсё імкне да бацькоўскага краю… : з біягр. М.Багдановіча / Генадзь Каханоўскі. – Мн.: Маст. літ., 1991. – 77с.Важная падзея ў жыцці Максіма Багдановіча – паездка на Беларусь летам 1911 г. Аўтар на аснове архіўных знаходак – а гэта ўспаміны сучаснікаў, лісты нашаніўцаў і бацькі паэта да знаёмых Максіма – узнаўляе бадай самы плённы, так званы ракуцёўшчынскі, перыяд у творчасці паэта. Выданне падрыхтавана да 80-годдзя сустрэчы Максіма Багдановіча з Беларуссю і 100-годдзя з дня нараджэння. | |
Каханоўскі, Г.А. Руплівец нашай старасветчыны: Яўстах Тышкевіч / Г.А.Каханоўскі, А.Г.Каханоўскі. – Мн.: Навука і тэхніка, 1991. – 61,2 с. – ( Нашы славутыя землякі).Кніга прысвечана жыццю і дзейнасці этнографа, фалькларыста, краязнаўца і археолага Я.П.Тышкевіча(1814–1873), ураджэнца Лагойска. Ім створаны Віленскі музей старажытнасцей – багаты збор матэрыяльнай культуры беларусаў. Драматычны лёс і гэтага музея, які быў ліквідаваны пасля паўстання 1863 года, і яго заснавальніка, страціўшага магчымасць займацца любімай справай. | |
Каханоўскі, Г.А. Краснае значыць прыгожае / Г.А.Каханоўскі. – Маладзечна: [Друк. “Перамога”], 2003. – 40с. Нарыс Генадзя Каханоўскага – гэта настальгічная загадка пра мінулае мястэчка Краснае, пра барацьбу яго жыхароў за лепшую будучыню, пра сённяшні і заўтрашні дзень. |
Перейти на страницу ПИСАТЕЛИ-ЗЕМЛЯКИ