УСПАМIНЫ
Кастусь Харашэвіч успамiнае
ЖЖЖХАРАШЭВІЧ Кастусь Іванавіч (1927 – 2013). Мастак.
ЖЖЖКастусь Харашэвіч нарадзіўся ў 1927 г. ў в. Літва Маладзечанскага раёна ў сялянскай сям’і. У час акупацыі вучыўся ў гандлёвай школе г. Маладзечна. Сярод выкладчыкаў былі такія выдатныя беларускія інтэлігенты, як Б. Кіт, Я. Давідовіч, якія назаўсёды пакінулі ў душы К. Харашэвіча такія цудоўныя чалавечыя якасці, як дабрыня, прастата, любоў да Бацькаўшчыны. У 1958 г. скончыў Мінскае мастацкае вучылішча. Яго дыпломнай працай стала карціна “Сялянскі бунт у дарэвалюцыйнай вёсцы”. Пачынаючы з 1962 года рэгулярна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх мастацкіх выставах. Сябра мастацкай суполкі “Пагоня”. Узначальваў Маладзечанскае адзяленне Саюза мастакоў Беларусі.
ЖЖЖВыступаў з артыкуламі на старонках мясцовага і рэспубліканскага друку. Хрэстаматыйнымі творамі К. Харашэвіча з’яўляюцца “Выступленне Браніслава Тарашкевіча перад сялянамі Заходняй Беларусі”, “Паўстанне нарачанскіх рыбакоў”, “Партрэт Кастуся Каліноўскага”. Ён з’яўляецца адным з лепшых беларускіх мастакоў-пейзажыстаў, адлюстроўваючы на сваіх палотнах простыя, але такія дарагія вобразы знікаючай старой Беларусі. Жыў у Маладзечне.
ЖЖЖПра Ядвігу Раздзялоўскую Кастусь Харашэвіч узгадвае ў кнізе ўспамінаў “Зведанае і перажытае”:
ЖЖЖ“Неўзабаве пазнаёміўся з мастачкай Ядвігай Іосіфаўнай Раздзялоўскай, якая раней прыехала ў Маладзечна з Баранавіч на месца працы свайго мужа. Няпроста склалася жыццё гэтай таленавітай асобы. Ураджэнка Польшчы. Да 1939 года скончыла мастацкую вучэльню ў Варшаве. Выйшла замуж за беларуса. Калі немцы напалі на Польшчу, Раздзялоўскія заснаваліся ў Баранавічах, дзе і перажылі акупацыю.
ЖЖЖЯдвіга Іосіфаўна была даволі адукаваным, інтэлігентным чалавекам. Любіла сваю Радзіму. З пашанай адносілася і да Беларусі, яе культуры і мастацтва. Была выдатным жывапісцам, майстрам партрэта і нацюрморта. Але заўчасна памёр яе муж.
ЖЖЖДзяцей не было, і яна засталася жыць у нашым горадзе. Хапіла ў ёй мужнасці пражыць пасля смерці мужа яшчэ больш за 30 год. Асабовая выстава ў Мінску да 80-годдзя паказала, як многа зрабіла яна для беларускага выяўленчага мастацтва. Было б цалкам справядліва прысвоіць ёй званне Заслужанага дзеяча мастацтва Рэспублікі. А вось на сваёй Радзіме да Ядвігі Іосіфаўны аднесліся па-іншаму. Калі яна зрабіла пазней асабовую выставу ў Варшаве і пакінула там частку сваіх твораў, то атрымала званне заслужанага дзеяча Польскай Народнай Рэспублікі.
ЖЖЖПамерла Ядвіга Раздзялоўская ў 1992 годзе, пражыўшы 90 год. Пахаваная на Маладзечанскіх гарадскіх могілках разам з магілай свайго мужа. Але гэта было пазней.
ЖЖЖУ той час, калі я з ёй пазнаёміўся, яна была энергічным, цалкам адданай мастацтву творцам. Я прапанаваў ёй арганізаваць пры Студыі дэкаратыўна-прыкладное аддзяленне. Гэта дазволіла пашырыць дыяпазон навучання і павялічыць колькасць навучэнцаў. Пра нашу Студыю загаварылі ўжо і ў сталіцы. Сталі наведвацца метадысты, пераймаць вопыт. Па сённяшні дзень успамінаюць былыя студыйцы тыя часы.
ЖЖЖУ 1961 годзе ў сааўтарстве з Ядвігай Іосіфаўнай, якая ў той час ужо была членам Саюза мастакоў Беларусі, па дагаворы з Міністэрствам культуры для краязнаўчага музея была створана карціна на тэму ўз’яднання Заходняй Беларусі з Усходняй. Называлася яна “Маладзечна. 17 верасня 1939 года”.