*ГАЛОЎНАЯ * ЖЫЦЦЯПІС * ФОТАХРОНІКА* КНІГІ * ЗБОРНІКІ * СЛОВА * РУКАПІСЫ * “КУПАЛІНКА” * БІБЛІЯГРАФІЯ * МЕМОРЫЯ*
Слоўца на дарогу
У творах Янкі Галубовіча ўсё проста, як у самім жыцці. Але, як і ў самім жыцці, у іх не абыходзіцца i без праблем, вырашаючы якія чалавек і становіцца чалавекам. Гэтая заглыбленасць, трывалая жыццёвая аснова надае напісанаму Я. Галубовічам – як у прозе “дарослай”, так i для дзяцей — тую прывабнасць, якой i характарызуецца заўсёды літаратура па-сапраўднаму мастацкая, напоўненая агульначалавечым зместам.
Алесь Марціновіч
Друкуецца паводле выдання: Галубовіч Я. Гронка каліны/ прадм. А.Марціновіч. Мн.:
АЎТОГРАФ
Пiсьменнiк Iван Галубовiч: «Часцей бывайце ў лесе i ля ракi!»
Наша даведка.
Па творах пiсьменнiка нашага земляка Iвана Iванавiча Галубовiча (Янкi Баравога) малодшыя школьнiкi вывучаюць родную мову. Яго казкi i апавяданнi ўключаны ў падручнiкi па беларускай мове з першага па чацвёрты класа. Змешчаны яны i ў хрэстаматыйнай чытанцы «Буслянка» для 3 класа.
Ёсць яшчэ адна адметная кнiга – «Казкi беларускiх пiсьменнiкаў», у якой творы нашага земляка знаходзяцца ў ганаровым суседстве з казкамi класiкаў айчыннай лiтаратуры Янкi Купалы, Якуба Коласа, Максiма Багдановiча.
А ўсяго член Саюза пiсьменнiкаў Беларусi Iван Iванавiч Галубовiч выдаў 14 кнiг прозы для дзяцей i дарослых. Нямала i калектыўных зборнiкаў, куды ўвайшлi яго аповесцi, апавяданнi, казкi, абразкi. Яго творы часта друкуюцца ў вядучых рэспублiканскiх выданнях – часопiсах «Полымя», «Маладосць», «Алеся», «Родная прырода», «Вожык».
Чытачы нашай газеты таксама добра знаёмы з творчасцю Iвана Галубовiча: амаль што ў кожным нумары газеты прапануюцца яго невялiкiя абразкi пра прыроду. Думаем, сённяшняя сустрэча з пiсьменнiкам зацiкавiць многiх, тым больш просьба расказаць пра яго прагучала даўно.
Як сямiкласнiк стаў сааўтарам Адама Мальдзiса
Iван Iванавiч родам з вёскi Пранчэйкава, што ў Гарадоцкім сельскiм Савеце. Бацька Iван Лявонцьевiч быў трактарыстам, мацi Настасся Рыгораўна таксама працавала ў калгасе. Акрамя Янкi ў сям'i яшчэ рос меншы брат. Хата ў iх была вялiкая, таму i ўзялi да сябе на кватэру сям'ю школьнага настаўнiка Гарэлiка. У яго было вельмi шмат кнiжак. Дасцiпны Янка перачытаў iх па некалькi разоў. I так захапiўся лiтаратурай, што i яму карцела што-небудзь напiсаць, ды каб людзi гэта прачыталi. Рызыкнуў паслаць некалькi сваiх заметак у раённую газету «Сцяг Iльiча», якая выходзiла ў тагачасным раённым цэнтры Радашковiчы. Пра што пiсаў? Зразумела ж, пра вясковае жыццё, пра тое, як яго мацi разам з iншымi жанчынамi лён мяла, як бацька з ранку да вечара зямлiцу араў, спадзеючыся на добры ўраджай.
Вялiкiм шчасцем было ўбачыць гэтыя допiсы на старонках газеты. Аўтарытэт Янкi адразу падняўся: ведама ж, у газеце друкуецца!
Аднойчы стараннаму юнаму карэспандэнту прыслалi такi салiдны ганарар, што паштальён загадаў прыйсцi на пошту ў Гарадок разам з мацi. Настасся Рыгораўна ўзрадавалася: якiя тады ў калгаснiкаў былi заробкi. За Янкаў ганарар яны купiлi селядцоў, каўбасы, iншых прысмакаў. А хлопец адчуваў сябе сапраўдным кармiльцам.
На той час (гэта была сярэдзiна 50-ых гадоў мiнулага стагоддзя) у газету «Сцяг Iльiча» прыехаў працаваць адказным сакратаром выпускнiк факультэта журналiстыкi БДУ Адам Мальдзiс. Ён быў на 10 год старэйшы за Янку, i ўзяў над iм шэфства, шмат падказваў, правiў яго матэрыялы. А аднойчы напярэдаднi 23 лютага прыехаў у iх калгас iмя Чарняхоўскага (потым ён стаў насiць iмя Кiрава) у камандзiроўку. Старшыня сельсавета даў яму каня, а за вазнiцу Адам папрасiў Янку Галубовiча. Паездзiлi яны тады на санях па заснежаных вёсках, з многiмi ветэранамi вайны сустрэлiся, цiкавых матэрыялаў назбiралi. Адам Мальдзiс i на танцы ў мясцовы клуб разам з Iванам пайшоў, i нават нейкую дзяўчыну там упадабаў. А праз некалькi дзён усе яго матэрыялы выйшлi ў газеце. I пад кожным – два прозвiшчы: Адам Мальдзiс, Iван Галубовiч...
Мiне багата часу, i пiсьменнiк, лiтаратуразнаўца, прафесар Адам Восiпавiч Мальдзiс дасць Iвану Iванавiчу Галубовiчу рэкамендацыю для ўступлення ў Саюз пiсьменнiкаў Беларусi.
«Новую кнiгу тры разы пацалую...»
Восем класаў Янка закончыў ужо ў Гарадку. Захапляўся лiтаратурай, па-ранейшаму актыўна супрацоўнiчаў з газетай. А вось дакладныя навукi, i асаблiва матэматыку не любiў. Школьны матэматык таксама час ад часу пiсаў у мясцовую газету. Магчыма, убачыў ён у вучнi свайго канкурэнта, ды ўляпiў яму аднойчы велiзарны «кол»...
Прыйшоў час армii, затым у пошуках рамантыкi яго занесла ў Алтайскi край, у горад Рубцоўск, дзе працаваў зборшчыкам на канвееры на трактарным заводзе. Там скончыў вячэрнюю школу, марыў паступiць ва ўнiверсiтэт. Але вярнуўшыся дадому, спачатку скончыў Мiнскi фiнансава-эканамiчны тэхнiкум, i толькi ўжо працуючы ў райвыканкаме iнспектарам аддзела дзярждаходаў, ажыццявiў-такi сваю мару – паступiў на завочнае аддзяленне факультэта журналiстыкi Белдзяржунiверсiтэта. Потым перайшоў працаваць iнжынерам на прадпрыемства «Электрамодуль», якому аддаў большую частку свайго жыцця, адкуль чатыры гады таму пайшоў на пенсiю.
У 1991 годзе выйшла першая кнiга Iвана Галубовiча – «Па родных сцяжынках». Ён яшчэ на той час i у Саюз пiсьменнiкаў не ўступiў. Дзевяностыя гады для яго былi надзвычай плённымi: кнiгi выходзiлi амаль штогод, а тое i па дзве ў год. «Гром на свiтанку», «Пастарайся стаць чалавекам», «Зязюля дзетак шукала» – назвы некаторых зборнiкаў.
У серыi школьная бiблiятэка вялiкiм тыражом – у 10 тысяч экзэмпляраў – былi выдадзены апавяданнi i казкi «Гронка калiны». У прадмове да яе пiсьменнiк Алесь Марцiновiч пiсаў: «У яго творах усё проста, як у самiм жыццi. Але, як i ў самiм жыццi, у iх не абыходзiцца i без праблем, вырашаючы якiя чалавек i становiцца чалавекам».
– Кожную сваю новую кнiгу я пацалую тры разы, i на ноч абавязкова кладу пад падушку, – прызнаецца Iван Iванавiч. Жонка спачатку ўсё кпiла з мяне, а потым прывыкла.
Дарэчы, жонка Яўгенiя Уладзiмiраўна – першы чытач i дарадык. Яна ўсё жыццё адпрацавала настаўнiцай пачатковых класаў, на песнiю пайшла з СШ №11. Нямала казак i апавяданняў свайго мужа яна перачытала вучням. З цiкавасцю назiрала рэакцыю дзяцей: што яны слухаюць ахвотней. Жывыя абразкi, невялiчкiя апавяданнi падабаюцца малышам, абуджаюць у iх любоў да прыроды, жаданне паназiраць самiм, як цячэ ручаёк, як весела шчабеча верабейка...
Як пiшуцца кнiгi?
– Некаторыя кажуць, што садзяцца за стол, кладуць перад сабой аркуш белай паперы, i пачынаюць тварыць...Я нават не ўяўляю, як гэта можа быць. Я пiшу ходзячы, працуючы. Не ведаючы сюжэт, не саджуся за твор. Трэба, каб спачатку ўсё ў галаве выстраiлася, будзь гэта невялiчкi абразок цi аповесць, – дзелiцца сакрэтамi сваёй творчасцi пiсьменнiк.
А яшчэ ён вялiкае значэнне надае назiральнасцi, уменню ў звычайным убачыць нешта цiкавае.
– Iду аднойчы спякотай па горадзе, бачу: квас з бочкi жанчына прадае. А да бочкi шланг з вадой падведзены. I трохi вада з яго прасочваецца, нават лужынка ўтварылася. Каля яе – галубоў чародка. Калi не квасам, дык хоць вадой паласуюцца. А адзiн з галубоў, самы хiтры, прыстоiўся да шланга там, дзе ён ад сцяны будынка адыходзiць. Кропелькi капаюць, а ён пад iх дзюбку падстаўляе. Вось так ў мяне з'явiўся абразок «Чысцюля».
А яшчэ такi быў выпадак. Iду па лесе, гляджу i вачам сваiм не веру: прама пад маiмi нагамi незвычайны качан капусты вырас. Я яго лёгенька нагой падфутболiў. I ўжо толькi потым зразумеў, што рабiць гэтага было нельга. Гэта ж нiякi не качан, а лясныя осы гняздо звiлi. Яны на мяне накiнулiся, я – дзёру, але ўсё роўна ўжалiлi. Жонка потым пыталася: «Хто ж цябе так?» А я трохi адыйшоў ад укусаў, i напiсаў абразок «Рэкiцiры»...
У пошуках сюжэтаў Iван Iванавiч можа прахадзiць па лесе цi прасядзець з вудой на рэчцы i цэлы дзень. Чарчонава i Даманава, Татаршчызна, рэчка Бярэзiна – аблюбаваныя iм мясцiны, якiя натхняюць на новыя абразкi i апавяданнi. Любы бiёлаг мог бы яму пазайздросцiць: пра зайчыкаў i вавёрачак, вожыкаў i лiсаў, пра розных птушачак i нясякомых ён ведае ўсё. А калi ў чым сумняваецца – звярае свае назiраннi па «Энцыклапедыi прыроды», якая заўсёды пад рукой. Палёт творчай фантазii, безумоўна, справа добрая, але iншы раз яна можа далёка завесцi. Пiсьменнiк нагадвае, як прачытаў у аднаго з сабратаў па пяру: «З лесу выйшла рагатая ласiха». А дзе ж вы бачылi ў ласiхi рогi?
Калi кнiгi не выходзяць – як жыць можна?
Усе свае творы Iван Iванавiч спачатку пiша ад рукi, а затым перадрукоўвае на старэнькай машынцы «Масква». Жонка аднойчы вырашыла на яго рабочым стале парадак навесцi, машынку на падлогу саставiла, ён аж за сэрца схапiўся: «Вярнi на месца!» Машынка – гэта ўжо не проста памочнiца ў нялёгкiм працэсе творчасцi, гэта своеасаблiвы сiмвал, абярог, якi дае надзею...
У апошнiя гады не так часта, як хацелася б, друкуюцца кнiгi.
– Калi кнiгi не выходзяць – гiбель. Жыць, канешне, можна, але хiба ж гэта жыццё? – сумна кажа мой субяседнiк.
Цяпер у розных выдавецтвах ляжаць чатыры яго зборнiкi. Дзесяць год чакаюць свайго часу ў «Мастацкай лiтаратуры» яго апавяданнi пад агульнай назвай «Жыў чалавек». На гэты год запланавана, i калi Бог дапаможа, выйдзе ў «Юнацтве» дзiцячая кнiжка «Ноч ля ракi». У серыi «Школьная бiблiятэка» рыхтуецца да друку кнiга «Як жаўна i каралёк пасябравалi», а ў прыватным выдавецтве «Асар» – «Ганарлiвы ўдот». Калi пiсьменнiк патрымае iх у руках?
Суцяшае, што «Полымя», «Вожык», «Алеся», «Родная прырода» ахвотна друкуюць нашага земляка. Ужо i ў гэтым годзе яго творы былi на старонках рэспублiканскiх выданняў. Можна пачуць iх i на Беларускiм радыё.
У Цэнтральнай раённай бiблiятэцы iмя М. Багдановiча клапатлiва сабраны усе кнiгi нашага земляка. А вось у кнiжных крамах iх можна i не знайсцi – добра раскупляюцца.
Запрашаюць Iвана Iванавiча на сустрэчы з вучнямi ў школы. Дзецям жа так цiкава паглядзець на жывога пiсьменнiка, творы якога яны ведаюць з першага класа. Звычайна задаюць яму шмат пытанняў, самыя смелыя просяць аўтограф. А Iван Iванавiч на развiтанне звычайна жадае iм: «Любiце i беражыце прыроду! Часцей бывайце ў лесе i ля ракi!»
Анжалiка КРУПЯНЬКОВА
Друкуецца паводле выдання: Крупянькова А. Пісьменнік Іван Галубовіч: “Часцей бывайце ў лесе і ля ракі!”// МГ – 2007. -
Талент шчыры, чалавечны
Ёсць людзі, якія з’яўляюцца літаратурнымі сімваламі, візітнай карткай нашага горада. Такімі для маладзечанцаў былі Мікола Ермаловіч, Генадзь Каханоўскі, Вячаслаў Ляшковіч Пятро Бітэль, Мікола Капыловіч Уладзімір Зянько, Ядвіга Раздзялоўская, Юрый Герасіменка-Жызнеўскі…
Сёння такім чалавекам, прынамсі для мяне і маіх сяброў, з’яўляецца паважаны Іван Іванавіч Галубовіч, альбо проста Янка Галубовіч, ці Янка Баравы, які 26 мая адзначае свой 65-гадовы юбілей. Шчыры ўдумлівы празаік, адкрыты і добразычлівы чалавек, няўрымслівы працаўнік на ніве беларускай літаратуры. Нарадзіўшыся на Маладзечаншчыне і звязаўшы свой лёс з родным краем, ён здолеў вырасці ў пісьменніка, які вызначаецца сваім адметным стылем, манерай пісьма, тэмай, прыгожай, сакавітай, з мясцовымі асаблівасцямі беларускай мовай. За яго простымі сардэчнымі радкамі адчуваецца трапяткая душа, якая напоўнена бясконцай адданасцю роднай Беларусі і яе народу. Таму і няма ў яго творах пустапарожняга эксперыментатарства, калі ўяўная форма бярэ верх над канкрэтным зместам, а галоўныя героі не нагадваюць манекенаў, своеасаблівых бесцялесных істот, якія жывуць без мэты, ідэалаў, веры і дабрыні. Бо Янку Галубовіча як пісьменніка хвалюе ўсё, што адбываецца ў нашым такім хуткаплынным часе. Дэградацыя чалавека як асобы, страта маральных прынцыпаў і ідэалаў, адсутнасць нацыянальнай самапавагі і гонару, крывадушша, хлусня, ашуканства і як вынік усяго гэтага — поўная абыякавасць да будучыні сваёй зямлі — становяцца галоўнымі праблемамі яго кніг і роздумаў для дарослых. З другога боку, тэматычнай разнастайнасцю, адметнай каларытнасцю, тонкім псіхалагізмам, назіральнасцю, уменнем убачыць галоўнае ў жыцці падрастаючага пакалення характарызуецца яго дзіцячая проза. Усё гэта разам узятае яскрава сведчыць, што ў беларускай літаратуры ёсць пісьменнік «з душою — чуйнай, як мембрана, з душой — адкрытаю, як рана», ёсць творца, у сэрцы якога жыве любоў да ўсяго светлага і прыгожага на зямлі.
Друкуецца паводле: Казлоўскі М. Талент шчыры, чалавечны // Маладзечанская газета – 2007. – 26 мая.
Вернасць упадабанай тэме
Янка Галубовіч ведаў шмат каго з тых, хто сёння з’яўляецца гонарам беларускай літаратуры. Неаднойчы ў прыватных гутарках даводзілася чуць пра сустрэчы з драматургам Іванам Козелам, празаікам Аркадзем Чарнышэвічам, пісьменнікам і краязнаўцам Генадзем Каханоўскім. Ён заўсёды з відавочнай радасцю зазначае, што рэкамендацыю ў Саюз пісьменнікаў яму даваў вядомы гісторык і літаратуразнаўца Мікола Ермаловіч. А гэта, згадзіцеся, да многага абавязвае. У прыватнасці да таго, каб заўсёды і ва ўсім заставацца самім сабой: быць натуральным як у жыцці, так і ў літаратуры. I хоць гэта не вельмі проста, тым не менш, мяркуючы па напісаным, ён з гэтай місіяй даволі ўпэўнена спраўляецца. Ягонай прозе, настоенай на праўдзе вясковага жыцця, уласціва шчырасць, дабрыня, імкненне разабрацца ва ўсіх нюансах нашага такога шматколернага свету, добрае разуменне рэалій акаляючай прыроды. У яго адметны стыль, пазнавальная манера пісьма, раз і назаўсёды ўпадабаная тэма. I ён ім не здраджвае. Нягледзячы нават на тое, што гэтым самым можа камусьці здасца залішне традыцыйным, а таму архаічным. Але такое меркаванне занадта катэгарычнае, а таму — памылковае, бо пазнавальнасць і вернасць абранай тэме, думаецца мне, сведчыць пра тое, што творца адбыўся: і як пісьменнік, і як асоба.
Друкуецца паводле: Галубович Я. У родным краі / прадм. М. Казлоўскага // Маладосць. – 2011. - № 12.
Шчыраму сэрцу і чужая болька баліць
Для творчасці няма сюжэтаў, казак лепшых, чым тыя, якія створаны жыццём, самой прыродай. Ды не кожнаму дадзена гэта заўважаць, увогуле бачыць. Бачыць у звыклым, паўсядзённым незвычайнае. Гэтай асаблівасцю валодае Янка Галубовіч (Іван Іванавіч Галубовіч). Як неаднаразова падкрэсліваў пісьменнік у інтэрв’ю, тэмы напісаных казак і апавяданняў, адрасаваных у першую чаргу для дзяцей школьнага ўзросту, распрацоўваў на аснове сваіх назіранняў, бываючы ў ваколіцах роднага Пранчэйкава, дзе нарадзіўся і вырас, мясцінах, знаходжанне ў якіх выклікала хваляванне душы, акрылёнасць сардэчную.
Неаднаразова сустракаў я Івана Іванавіча з рукзаком за плячыма, з кошыкам ці вудачкаю на чыгуначным маладзечанскім вакзале, калі ён спяшаўся на “ціхае паляванне” або на рыбалку. Любіць непаўторна-цудоўныя краявіды ў наваколлях Насілава, Крыніцы, Татаршчызны. З ахвотаю едзе на раку Ушу, іншы раз – на Вілейскае вадасховішча, у Ізабеліна і інш., каб пахадзіць ляснымі сцяжынкамі, сабраць ягад ці грыбоў, з берага закінуць вудачку і, чакаючы пакуль рыбіна клюне, слухаць шэпт чаратоў, шэлест ветру ў вершалінах прыбярэжных кустоў і дрэў, плёскат дзікіх качак. У такія моманты ад сустрэчы з незвычайным, прыгожым сэрца яго перапаўняе радасць, убачанае, пачутае надоўга западае ў тонкую, чулую і ранімую душу, пісьменніка. Умее Іван Іванавіч бачыць, чуць, назіраць, акаймляючы жыццёвыя факты, цікавыя і непаўторныя імгненні, падгледжаныя самім або пачутыя ў ходзе сустрэч і размоў з субяседнікамі ў час вандровак па мілай і любай сэрцу пісьменніка-анімаліста Маладзечаншчыне. У век гіпадынамікі і стрэсаў, як падмячае ў творах, ёсць такая неабходнасць пабыць сам-насам з прыродай. Яна дае як сілы, творчае натхненне, так і арыгінальныя сюжэты. Не памылюся, калі скажу: пісьменніцтва – яго прызванне.
Давялося ж паспрабаваць сябе на трываласць на многіх жыццёвых пуцявінах. Працаваў у родным калгасе трактарыстам. Паспытаў у свой час і цаліннага хлеба. На мой запытальны позірк заўважыў: “Дык я ж скончыў Глыбоцкае вучылішча механізацыі…” А яшчэ – Мінскі фінансавы тэхнікум і факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта за плячыма Янкі Галубовіча – празаіка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі. Служыў Іван Іванавіч у арміі, працаваў на трактарным заводзе ў Рубцоўску, на заводзе сілавых паўправадніковых вентыляў (цяпер “Электрамодуль”) у Маладзечне. А аб цікавай гісторыі, назіранні, што ўсхвалявала, кранула яго хацелася з кімсьці падзяліцца. Апавяданні і абразкі загучалі на рэспубліканскім радыё. Ахвотна яго публікавалі і публікуюць цяпер часопісы “Полымя”, “Маладосць”, “Вясёлка”, штотыднёвік “Літаратура і мастацтва” і іншыя выданні.
Сёння Янка Галубовіч – аўтар чатырнаццаці кніг для дзяцей і дарослых. Друкаваўся ў дваццаці шасці калектыўных зборніках. Дарэчы, урыўкі з яго твораў (многіх!) уключаны ў школьныя падручнікі па беларускай мове для другіх, трэціх і чацвертых класаў. У зборніку дыктовак для малодшых школьнікаў таксама ёсць тэксты, узятыя з кніг беларускага пісьменніка. А кніга, што нядаўна выдадзена выдавецтвам “Пачатковая школа” і мае назву “Дзівосы роднай прыроды” складзена з лепшых апавяданняў, казак, назіранняў, якія пад адной вокладкай сабраны з кніг, што выходзілі ў свет у розныя гады. У зборніку – шэсцьдзесят пяць апавяданняў, звыш трыццаці павучальных казак, пяцьдзесят назіранняў. Кніга прызначана для чытання дарослымі дзецям. Адукацыйнай мэце, дзеліцца меркаваннем празаік, будзе служыць і выдадзены той жа “Пачатковай школай” камп’ютэрны дыск “У гасцях у казкі”. На ім запісана дзесяць лепшых апавяданняў-казак пісьменніка, якія, спадзяюся, тэхнічна падрыхтаваныя школьнікі прачытаюць дзякуючы камп’ютэру.
У сваіх светлых і добрых творах аўтар усхвалявана, псіхалагічна дакладна піша пра нашых сучаснікаў, якія імкнуцца ў жыцці да ўзвышанага, пра любоў і вернасць да ўсяго жывога на зямлі, да Радзімы, да тых, любых сэрцу, мясцін, дзе нарадзіўся і вырас, аб душэўнай прыгажосці чалавека, напаўняючы душу чытача пазітыўнымі эмоцыямі, даючы магчымасць адчуць перамогу дабра над злом. У маленькага чытача і ў падлетка пасрэдствам кароткіх замалёвак, часта перасыпаных прыказкамі і прымаўкамі аб працалюбстве і гультайстве, уменні прызнаць дапушчаную памылку, уменні сябраваць, разумець адзін аднаго, прыходзіць, калі неабходна, на дапамогу, выручаючы сябра ў бядзе, празаік выклікае пачуцці шчырасці, спагады, нераўнадушнасці і адказнасці.
Мастак слова распрацоўвае маральна-духоўныя праблемы, уласцівыя нашаму імкліва-прагматычнаму часу, узаемаадносін чалавека і прыроды, яе насельнікаў – звяроў і птушак. Ёсць у яго апавяданні на тэмы Вялікай Айчыннай вайны. З болем у сэрцы піша пра герояў Афганістана. Багата і вобразна распавядае пра жыццё беларускай вёскі. Унікальныя і яскравыя ў яго апавяданні аб прыродзе. Павучальныя яны… І заўсёды з пацешнымі звычкамі звяроў і птушак. Таму лёгка, з жаданнем чытаюцца, запамінаюцца. Як і многае, што выйшла з-пад пяра Янкі Галубовіча.
– Першая кніга “Па родных сцяжынках”, – успамінае Іван Іванавіч, ведучы адкрытую, шчырую размову са мной, пабачыла свет яшчэ ў выдавецтве “Ураджай” у 1991-м годзе. Затым, роўна праз год, з’явілася другая – “Гром на світанку” з прадмовай Віктара Гардзея.
У ёй дакладна акрэслена асаблівасць творчасці празаіка, талент якога з кожнай новай кнігай набіраў усё большую сілу, а дыяпазон дзейнасці станавіўся ўсё больш шырокім. Думаю, што даючы ацэнку апавяданням, сабраных пад вокладкай творчай працы “Гром на світанку”, літаратурны крытык, паэт Віктар Гардзей не памыліўся, акрыліўшы празаіка з Маладзечаншыны на новыя творы. Віктар Гардзей, у прыватнасці, адзначыўшы прыгажосць і непаўторнасць маладзечанскіх краявідаў, якія акрылялі тады яшчэ маладога празаіка, адзначаў, што, калі прачытаеш апавяданні Янкі Галубовіча, сюды так і хочацца завітаць. Бо творы Галубовіча – не толькі пра хараство роднага краю, а і пра людзей, якія апантана любяць сваю зямлю, берагуць яе скарбніцу.
У прозе Галубовіча ёсць матывы пакутлівай памяці пра ваеннае ліхалецце і пра высакародны свет сучасніка, пра незагойны боль Афганістана. Падмечана: баліць героям апавяданняў, людзям шчырым, добрым, чыстым душой, баліць і аўтару – чалавеку з сіняга гаю, гаманлівага бору, хто добра чуе роднае слова і ўмела аздабляе сваю прозу народнымі прыказкамі і прымаўкамі. Дададзім, што ён скупы на слова, вызначаецца дакладнасцю. Для яго творчасці характэрны высокі мастацкі ўзровень, а для герояў кніг – маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак, маладых і сталых – душэўная прыгажосць чалавека, высакароднасць ва ўчынках.
На такую адметную асаблівасць літаратурнай работы Янкі Галубовіча (псеўданім – Баравы) звяртаюць увагу многія літаратурныя крытыкі, рэцэнзенты, хто рабіў агляд твораў празаіка, адзываўся на выхад той ці іншай яго кнігі. Не пакінуў па-за ўвагай і кнігу апавяданняў, абразкоў “Пастарайся стаць чалавекам”, што выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” у 1993-м годзе, і Алесь Марціновіч, змясціўшы рэцэнзію на яе ў часопісе “Маладосць”.
Кнігу з аўтографам “з самымі найлепшымі пажаданнямі і з вялікай павагай”, як і многія творы празаіка захоўваю ў асабістай бібліятэцы, нярэдка чытаю іх старэйшай унучцы і ўнуку. Бачыў, як і ў дзіцячай бібліятэцы “Верасок” у чытальнай зале дзеці чыталі яго казкі – займальныя, вясёлыя, цікавыя. Дапытлівага чытача яны вучаць дабру і дружбе. Вучаць, судакранаючыся з жывой прыродай, аберагаць яе. Спрыяюць фарміраванню ў дзяцей назіральнасці, абуджэнню і развіццю ў кволай душы дзіцяці вялікай любові да свайго роднага куточка, а з цягам часу – і да маці-Беларусі, яе непаўторных краявідаў.
Аўтар сам практычна ў кожным творы – адна з дзеючых асоб. Падгледзеўшы ў жыцця нязначныя выпадковасці: карцінку, факт, або групу фактаў, што кранулі сэрца ўразлівага чалавека, - ён, здольны да абагульнення, ствараючы займальныя сюжэты, беручы іх з жыццёвага шуму і, прапусціўшы праз сваё ранімае сэрца кожны канкрэтны факт, як сапраўдны і ўжо даволі сталы мастак слова (26 мая сёлетняга, 2012 года, яму споўнілася семдзесят) творча яго (іх) пераувасабляе. А таму напісанае ім, надоўга застаецца ў нашай удзячнай памяці.
Бывае: закрыеш вочы, і раптам убачыцца пэўны зрокавы малюнак, створаны знаўцам прыроды, псіхалогіі дзіцячых душ, увогуле чалавека ў атаясамленні прыроды. Гэты ўчастак жыцця Іван Іванавіч дасканала ведае. І ўсё роўна не стамляецца паглыбляць веды аб прыродзе і чалавеку. Расказваў, што любіць заглядваць у пяцітомную энцыклапедыю “Прырода роднай Беларусі”, судакранаючыся з навакольным светам, які, як вядома, складецца з мноства фарбаў (кветак і свету) імкнецца “выплавіць” патрэбную фарбу. Нясе людзям светлае, добрае, чыстае, на што ў сённяшняй яве здатныя нямногія. У гэтым і бачыць сэнс як у самім жыцці, так і ў сваёй літаратурнай дзейнасці. Пастаянна клапоціцца аб духоўна-маральным росце маладога чалавека ў складаным працэсе станаўлення, фарміравання асобы. На гэтай творчай сцяжыне, аднойчы і на ўсё жыццё выбранай, у знанага пісьменніка ўжо даволі-такі сур’ёзны індывідуальна-мастацкі вопыт. Умее здабываць з праўды рэчаіснасці хвалюючую эмацыянальную праўду мастацтва. Увасабляе яе ў сваіх рознажанравых творах, стараецца ўбачыць непарыўную сувязь паміж адзінкавым выпадкам і агульнымі рысамі і ўласцівасцямі нашага хуткаплыннага жыцця..
У творчым спісе празаіка ёсць і вострасюжэтная аповесць “Стрэл за дзвярыма”, якая пабачыла свет у выдавецтве “Парадокс” у 2004-м годзе і дала назву гэтай кнізе. Расказваецца ў ёй пра трывожныя будні супрацоўнікаў крымінальнага вышуку аднаго з правінцыяльных аддзелаў міліцыі. Знаёмячыся з аповесцю, мы даведваемся, як начальніку райаддзела міліцыі Халімончыку і тым, хто працуе пад яго началам, за кароткі час удалося раскрыць сакрэт таямнічага стрэлу за дзвярыма. У жанры дэтэктыўнай аповесці напісаны і твор “Вяселля не будзе”, выдадзенай друкарняй “Перамога”, што ў Маладзечне. Цікавыя таксама яго нарысы, апавяданні пра змену пор года, абразкі аб прыродзе, выпушчанага календара прыроды “Ад студзеня да студзеня”. Напрыклад, у зборніку твораў “Пяюць жаваранкі” 2005-га году выпуску у кароткіх апавяданнях у полі зроку пісьменніка – няпростыя жыццёвыя сітуацыі. Зацікаўлена ўспрымаюцца апавяданні “Даждлівая ноч”, “Бесхарактарны”, “Вяртанне”, “Сустрэча”, “Так было” і іншыя.
Умела, неназойліва, ненадакучліва пісьменнік у казках, апавяданнях, мініяцюрах і іншых жанраў творах, ствараючы запамінальны вобраз, схіляе чытача, і маленькага, і яго бацькоў, да думкі, што толькі праца робіць чалавека высакародным, душэўна прыгожым. У абразках, мініяцюрах, аўтар дае прыклады смеласці, спагадлівасці, працавітасці без дробязнай апекі дарослымі дзяцей. Быццам гаворыць: “Не бярыце на сябе дзіцячых турбот, бо яны патрэбны ім для самавыхавання, самавызначэння, а больш раскрывайце душы, давярайце свае сумненні, няўдачы, перажыванні, дазваляйце ім працаваць, сакрэтнічаць, гуляць разам. Размаўляйце з імі, як з дарослымі, далучаючы да справы, а не гаварыце ім, што яны яшчэ маленькія. І прымячайце ўсе дзіцячыя, нават маленькія, дасягненні. Уважліва слухаючы сваіх любімых хлопчыкаў і дзяўчынак, суперажывайце разам з імі. Хваліце іх, не перетвараючы гэтую самую любоў да дзяцей і адданасць ім на справе ў прыслужэнне і пакорнасць. Не скупіцеся на добрае слова… Не забывайце толькі прастую ісціну: дзіця трэба любіць не за тое, што яно прыгожае, разумнае, здольнае, а проста за тое, што яно ёсць…
Умее празаік любавацца хараством прыроды: радавацца цвіценню званочкаў і багуна, чабору і іван-чаю, падбелу і ляшчыны. Не ўмее толькі стрымаць хвалявання, убачыўшы на зыходзе лістапада ля куста ядлоўцу баравік. Сэрца яго поўніцца журбою, калі ў небе бачыць клін журавоў… Калі “шалясціць жоўта-заласцістым лісцем бяроз вецер, трапечуцца, бы дрыжаць ад страху агніста-чырвоныя макаўкі асін, калі зацвітаюць сінія, як лён, верасы, і зардзеліся ярка-чырвоныя гронкі арабін, і гнуцца галінкі спелых калін.
Вобразна, метафарычна, кароткай дакладнай фразай умее пісьменнік намаляваць запамінальную “карцінку” з прыроднага асяроддзя абоз чалавечых узаемаадносін, псіхалагічна тонкіх і вывераных, што іх і праз пэўны, пасля таго, як прачытаны творы з яго кніг, час хочацца бачыць вачыма, адчуваць сэрцам. Бо ў іх светлыя, добрыя, стваральнай сілы, думкі. А любая светлая думка прыцягвае да сябе яшчэ больш светлую.
Творчасць Янкі Галубовіча (Івана Іванавіча Галубовіча) скіравана на фарміраванне і ўзвышэнне Асобы. Сам светлай душы і добрых памкненняў пісьменнік – звярніце ўвагу на партрэтны фотаздымак у кнізе “Дзівосы роднай прыроды”, ён і на чытача аказвае такі ж, дабратворна-светлы, уплыў.
Заўважае:
– Хацелася б, каб дарослыя чыталі і гэтую і іншыя кнігі хлопчыкам і дзяўчынкам. Нешта з імі абмяркоўвалі, нешта тлумачылі ім, акцэнтуючы ўвагу на такія чалавечыя якасці, як сумленнасць, прыстойнасць, сціпласць, уменне слухаць і чуць іншага чалавека, выклікаючы любоў да роднага краю, напаўняючы маладзенькія душы пазітыўнымі эмоцыямі…
Друкуецца паводле выдання: Хазянін А. Светлыя прамені. Маладзечна: Друкарня “Перамога”, 2021.
БАЛАДА ЯНКІ ГАЛУБОВІЧА
(26.05.1942—19.12.2014)
З табой няспешна ў Ракуцёўшчыну ідзём
Да Багдановіча, які чакае нас.
Як мёдам, ліпень наш напоўнены святлом,
Дзе васількамі ў жыце прамінулы час
Задумна плача, гледзячы за намі ўслед.
За намі ўслед не бачым анікога больш.
Няўжо аслеплі? Гучна падае ранет
З-за плота ў садзе нам на наш бясконцы боль.
І ты маўчыш, бо што каму цяпер казаць
У гэтым свеце, дзе не цэніцца дабро.
Каму патрэбны казкі? Для каго пісаць?
Адно што суцяшае — быць сярод сяброў,
Ісці на свята ў Ракуцёўшчыну, каб там
Ізноў убачыць, што мы дома і мы ёсць,
І Багдановіч з намі, ён спрыяе нам.
Бусламі ў белым небе наша маладосць.
І ты глядзіш з усмешкай і жартуеш ты,
І заціхаеш, не сказаўшы ўсё, што мог.
І ля тваёй магілы лісце, як лісты
З тваіх далёкіх новых ветравых дарог…
Віктар Шніп