*ГАЛОЎНАЯ *ЖЫЦЦЯПІС * ФОТАХРОНІКА* КНІГІ * ЗБОРНІКІ * СЛОВА * РУКАПІСЫ * “КУПАЛІНКА” * БІБЛІЯГРАФІЯ * МЕМОРЫЯ*
(кароткая біяграфічная даведка)
Янка Галубовіч (псеўд. Янка Баравы, Янка Пранчэйкаўскі; 26.05.1942 – 19.12.2014), празаік, публіцыст. Нарадзіўся ў вёсцы Пранчэйкава Хоўхлаўскага сельсавета Радашковіцкага раёна Маладзечанскай вобласці (цяпер Маладзечанскі раён Мінскай вобласці). Бацька, Іван Лявонцьевіч, быў трактарыстам, маці, Настасся Рыгораўна, працавала паляводам у мясцовым калгасе. Вучыўся Янка Галубовіч у Пранчэйкаўскай сямігадовай школе, а восьмы клас заканчваў у Гарадку. Прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці літаратурнага згуртавання, што дзеяла пры Радашковіцкай раённай газете “Сцяг Ільіча”. Кіраўніком таго аб’яднання быў Адам Мальдзіс, які закончыў факультэт журналістыкі, а потым па размеркаванні быў накіраваны ў Радашковічы на пасаду адказнага сакратара. У будучым усё той жа Мальдзіс даў Галубовічу адну з патрэбных рэкамендацыяў для прыёма ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, а дзве другія напісалі Мікола Ермаловіч і Генадзь Каханоўскі.
Пасля заканчэння Гарадоцкай васьмігадовай школы Янка Галубовіч працаваў трактарыстам у мясцовым калгасе, служыў у Савецкай арміі. Потым лёс яго закінуў у Алтайскі край, у горад Рубцоўск, дзе ён уладкаваўся зборшчыкам на трактарным заводзе. Завочна скончыў вячэрнюю сярэднюю школу, наведваў мясцовае літаратурнае згуртаванне, шмат чытаў. Калі вярнуўся ў Беларусь, то паспяхова закончыў Мінскі фінансава – эканамічны тэхнікум, а потым факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння вучобы працаваў на розных пасадах у савецкіх і дзяржаўных установах , інжынерам на заводзе “Электрамодуль”. Быў актыўным членам мясцовага літаратурнага клуба”Купалінка”. Жыў у Маладзечне. Член СП Беларусі (1995). Памёр ад хваробы веку і пахаваны ў вёсцы Дубравы Маладзечанскага раёна.
Першыя літаратурныя публікацыі Янкі Галубовіча з’явіліся ў 50 – х гадах мінулага стагоддзя на старонках газеты “Сцяг Ільіча”. Пісаў вершы, допісы, нататкі ў абласную і раённую перыёдыку. Аўтар 16–ці ўласных кніг прозы і звыш 30–ці калектыўных. Яго творы друкуюцца ў букварах, чытанках, дапаможніках для пазакласнага чытання.
Незабыўныя сустрэчы
Мне часта ўспамінаецца той далёкі 1960 год. Якраз тады, у сярэдзіне студзеня, я скончыў Глыбоцкае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, атрымаў спецыяльнасць трактарыста-машыніста шырокага профілю з кваліфікацыяй слесара трэцяга разраду і вярнуўся ў свой родны калгас імя Кірава Хоўхлаўскага сельсавета. Даручылі мне тады старэнькі чырвоны, без кабіны "Беларус". Падрамантаваў крыху трактар і стаў рабіць на ім. Араў папары, баранаваў, сеяў лён і збажыну.
Набліжалася восень, жаўцелі лісты на дрэвах, пакрыху жухлі травы. Хоць па начах часта ішлі дажджы, але ім было не па сілах патушыць той восеньскі жар.
Неяк ў адзін з такіх восеньскіх дзён я баранаваў непадалёку ад Ермакоў поле, рыхтаваў яго пад азімыя. Настрой ў мяне быў кепскі, хоць плач. I на гэта была свая прычына.
Пару дзён таму быў у горадзе, ездзіў у маладзечанскую раённую газету, прысутнічаў там на літаб'яднанні, чытаў свае новыя апавяданні i мне там здорава перцу падсыпалі. Адным словам, раскрытыкавалі ў пух i прах.
Хутка поўдзень наблізіўся, і ў абедзенны перапынак мне чагосьці спатрэбілася схадзіць у праўленне калгаса, балазе, яно таксама знаходзілася ў Ермаках.
Тут, ля канторы, я і сустрэў Івана Козела, драматурга, які ў той час выкладаў у Ермакоўскай школе беларускую мову і літаратуру.
- Чаго пацямнеў, як хмара? - спытаў Іван Васільевіч, паціскаючы руку. - Усё за сваё "Будзем жыць", што на пасяджэнні чытаў, перажываеш? Пільнуйся, браток, сюжэта, трымайся за яго, як за нітку, над словам працуй. Без добрага, мудрага слова не толькі апавяданне не напішаш, але i заметкі звычайнай. Іван Васільевіч усміхнуўся, яго добрая адкрытая усмешка, як даўгачаканы прамень сонца, развеяла ўсе мае сумненні. Добра помню, што якраз тады паказаў мне Іван Васільевіч часопіс "Маладосць", у якім была надрукавана яго п'еса "Папараць кветка". Праўда, скардзіўся, што без яго дазволу рэдакцыя скараціла цэлую старонку твора.
Часта сустракаўся я і з вядомым пісьменнікам Аркадзем Чарнышэвічам. Ён тады са сваей сям'ёй жыў у гарадскім пасёлку Радашковічы, але заўсёды прысутнічаў на літаб'яднаннях.
На той час ён ўжо напісаў такія цудоўныя раманы, як "Світанне", "Засценак Малінаўка", кнігі аповесцяў і апавяданняў "На сажалках", "Праз зімы і вёсны", "Суседзі", але быў вельмі сціплым, простым чалавекам, дапамагаў нам, пачынаючым паэтам і празаікам, спасцігнуць сакрэты мастацкага слова.
Іван Козел і Аркадзь Чарнышэвіч сябравалі, бывала і чарку разам бралі. Помніцца, аднойчы я крыху прыпазніўся на літаб'яднанне. Гляджу, а Іван Козел і Аркадзь Чарнышэвіч стаяць на прыступках райвыканкама (у той час там месцілася "раёнка"). Аказваецца, па радыё перадавалі "Папараць кветку", і яны слухалі яе. Разам з імі паслухаў п'есу і я.
Скора я пазнаёміўся з такім цудоўным і таленавітым чалавекам, як Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі. Знаёмства перарасло ў сяброўства. Я часта сустракаўся з ім ў яго доме, знаёміўся з багатай бібліятэкай гаспадара. Увесь час Генадзь Аляксандравіч сачыў за маёй творчасцю.
У адным з лістоў, напрыклад, у лістападзе 1986 года ён мне пісаў: "Шаноўны Янка! Віншую са святам і публікацыяй цікавых апавяданняў. Мне здаецца, вось такія кароценькія абразкі на наш мітуслівы час самыя неабходныя, бо опусаў не чытаюць. Прыклад - Янка Брыль, які перайшоў на мініяцюры. Гэта не з праста, ён разумеў гэта. У цябе атрымліваецца. 3 пашанай, Генадзь Каханоўскі."
Ці вось яшчэ, з віншавальнай паштоўкі, якая датавана лістападам 1989 года. "Дарагі Янка! Віншую са святам, жадаю плёну, здароўя, добрага слоўца нашага, маладзечанскага. Генадзь Каханоўскі.
P.S. Прачытаў, радаваўся, цешыўся. Ёсць, ёсць... Толькі не трэба пісаць "кувала". Пад Гарадком зязюля кукуе. Трэба больш даваць нашай лексікі". Ад сябе дадам, што рэч ідзе пра апавяданне "Кувала зязюля", якое было надрукавана ў перыёдыцы і тройчы гучала па рэспубліканскім радыё.
Мы часта дарылі адзін аднаму свае кнігі, якія пабачылі свет у выдавецтвах.
Адкрываю першую старонку кнігі Генадзя Каханоўскага "А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю...", якая выйшла ў "Мастацкай літаратуры" у 1991 годзе, і чытаю аўтограф: "Майму земляку і калегу Янку Галубовічу з пажаданнем поспеху ў творчасці і працы. Аўтар Генадзь Каханоўскі", 25 кастрычніка 1992 года."
Некалькі слоў хочацца сказаць пра таленавітага гісторыка і пісьменніка Мікалая Іванавіча Ермаловіча. Ен доўгі час быў кіраўніком літаб'яднання "Купалінка", вучыў нас, маладых, жыццёвай мудрасці і назіральнасці, прывіваў любоў да роднага слова.
Вось, што ён напісаў ў рэкамендацыі, якую даў мне 5 мая 1993 года для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў Беларусі "За час, які прайшоў з пачаткоўскай пары, Янка Галубовіч настойліва працуючы, дасягнуў значных поспехаў у валоданні літаратурным майстэрствам, пра што яскрава сведчаць выдадзеныя ім кніжкі "Гром на світанку", "Пастарайся стаць чалавекам", "Па родных сцяжынках", "Зязюля дзетак шукала". Найперш яны выяўляюць разнабаковае літаратурнае дараванне Янкі Галубовіча, як аўтара мастацкіх твораў і як публіцыста нарысіста, і як дзіцячага пісьменніка."
Многа гадоў ўжо прайшло. За гэты час я стаў пісьменнікам, выдаў адзінаццаць кніжак прозы, але тыя даўнешнія сустрэчы з гэтымі вядомымі і таленавітымі людзьмі будуць помніцца ўсё жыццё.
Янка Галубовіч
Іван Козел * Аркадзь Чарнышэвіч * Мікола Ермаловіч * Генадзь Каханоўскі