Юрый Паўлавіч Герасіменка-Жызнеўскі – беларускі графік. Працаваў у кніжнай, станковай і абстрактнай графіцы, у жанры партрэта. Член Беларускага саюза мастакоў з 1981 года. Нарадзіўся 9 лістапада 1948г. ў в.Даўгінава Вілейскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў Даўгінаўскую сярэднюю школу. Бацька Павел Герасіменка быў мастаком-самавучкам.

Сям'я пераязджае жыць у Маладзечна. Потым мастак паступае ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыцца на графічным аддзяленні В.Шаранговіча.

У 1972 годзе Юрый Герасіменка выканаў “Партрэт Я. Коласа”, які быў прызнаны лепшым партрэтам паэта. У 1977 годзе Юрый Паўлавіч абараніў дыплом мастака-графіка. Мастак ілюстраваў кнігі Быкава і Зуёнка. За ілюстраванне кнігі апошнягя ў 1980 годзе быў узнагароджаны дыпломам I ступені Рэспубліканскага конкурса кніг.

У 1982 гозе за ілюстрацыі да кнігі Я.Коласа ўзнагароджаны дыпломам Ф. Скарыны і дыпломам II ступені на Усесаюзным конкурсе кнігі.

Аўтар першага герба Маладзечна (1988, Папараць-кветка). З 1995 года выкладаў у Маладзечанскім музычным вучылішчы імя М.К. Агінскага. Быў ініцыятарам стварэння ў музычнай вучылішчы аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Дыпламант рэспубліканскіх і ўсесаюзных конкурсаў кнігі.

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, аб’яднанні літаратурных музеяў і Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, а таксама ў прыватных калекцыях ЗША, Францыі, Германіі, Польшчы і іншых краін.

Жыў ў Маладзечне. Памёр 15 лютага 1997 г. Пахаваны ў Даўгінаве.

“Юрый Герасіменка” – аўтарская праграма Аляксандра Дамарацкага з цыклу “Свет далёкай зоркі”

Хата ў в. Даўгінава, дзе нарадзіўся Ю.П. Герасіменка-Жызнеўскі

М.Аўчыннікаў. Папера, акварэль. 2017 г. 60/80 Даўгінава. Тут нарадзіліся мастакі Юрый Герасіменка-Жызнеўскі і Павел Слабодчыкаў. З левага боку хата Ю.Герасіменкі.

Асабовая справа Ю.П. Герасіменкі – члена Саюза мастакоў Беларусі. 1981-1982гг.

(Матэрыялы з фондаў «Беларускага дзяржаўнага архва-музея літаратуры і мастацтва» (БДАМЛМ)

ДАЎГІНАВА

(Гістарычная даведка)


Даўгінава – вёска, цэнтр Даўгінаўскага с/с, цэнтральная сядзіба раённага с.-г. УП “Даўгінава”. За 47 км на ПнУ ад горада і чыгуначнай станцыі Вілейка, 18 км ад чыгуначнай станцыі Крывічы на лініі Маладзечна-Полацк, 148 км ад Мінска, на скрыжаванні аўтадарог Вілейка – Докшыцы і Крывічы – Жардзяжжа. 532 гаспадаркі, 1165 жыхароў(2008).

У гістарычных пісьмовых крыніцах згадваецца ў 15 ст. У 1443 годзе – Даўгіновічы – маёнтак ваяводы віленскага Я. Доўгірда, потым Мінівідавіча, Б.Саковіча.

У 1567 годзе належыць Юрыю Аляксандравічу Хадкевічу, у 1569 годзн – панне Юр'евай Хадкевіч. У 1622 годзе – уласнасць Януша Станіслававіча Кішкі, ваяводы полацкага. У 1634 годзе Януш Кішка прадаў маёнтак Іосіфу Веляміну Руцкаму, мітрапаліту кіеўскаму, галіцкаму і ўсяе Русі.

У 1690 годзе – маёнтак Караля Міхаіла Друцкага-Сакалінскага, старасты вяляцкага.

У 1800 годзе – сумеснае валоданне харунжага Людвіга Каменскага і даўгінаўскіх плябанняў – рымска-каталіцкай і грэцка-уніяцкай, у мястэчку налічваецца 88 двароў і 305 жыхароў, штогод праводзіцца два кірмашы.

З 1921 года ўваходзіць у склад Польшчы, у 1938 годзе – цэнтр сельскай гміны, мястэчка (547 двароў, 3181 жыхар) і пасёлак (33 двары, 165 жыхароў).

У 1939 годзе ў выніку Польскага паходу РСЧА Даўгінава ўваходзіць у склад СССР, а ў 1941 годзе пасля нападу Германіі на СССР трапіла ў зону акупацыі нямецкіх войскаў.

У 1942 годзе насельніцтва Даўгінава было амаль цалкам знішчана нацыстамі. Ад больш за 3000 яўрэяў, якія засялялі Даўгінава і сагнаных у гета, да лета 1942 года ў жывых засталося 278 чалавек.

У 1954 годзе статус паселішча панізілі да вёскі. На 1971 год тут быў 501 двор, на 1993 год – 596. У 2000-я гады Даўгінава атрымала афіцыйны статус «аграгарадку». 2003 год – 535 двароў, 1266 жыхароў.

У вёсцы помнікі архітэктуры: касцёл Святога Станіслава(1853), Троіцкая царква (1870), капліца 19 ст.), за ёй – вайсковыя могілкі 1915-20 гг. Мемарыяльная дошка ў гонар беларускага пісьменніка Змітрака Бядулі (1886-1941), які жыў і вучыўся ў мястэчку Даўгінава ў канцы 1890-х – пачатку 1900-х гадоў. Вёска – радзіма беларускага палітычнага дзеяча Л.І.Зайца (сакавік 1890-23.9.1935); беларускага тэатральнага дзеяча, заслужанага дзеяча культуры Беларуі Л.П.Валчэцкага (18.09.1913-30.10.1991).

У вёсцы Даўгінава нарадзіўся беларускі графік Юрый Паўлавіч Герасіменка-Жызнеўскі (09.11.1948-15.02.1997).