Каб ушанаваць нашых паважаных чытачоў і сказаць “вялікі дзякуй!”, 29 лютага супрацоўнікі абанемента центральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Бадановіча правялі святочную праграму «Чытач года-2023».
Адкрыла праграму ўласным вершам “Госці ў хаце” Святлана Капуцкая, якая з’ўляецца нашым сябрам і чытачом.
На ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджвання напомнілі імёны дзесяці папярэдніх уладальнікаў ганаровага тытулу «Чытач года». Гэта Інэса Ларына, Жанна Бурачонак, Любоў Лыско, Дзмітрый Ермаковіч, Валерый Хвораў, Надзея Лябёдка, Алег Іваноў, Алена Клімовіч, Наталля Гойдзіна, Зінаіда Дубаневіч. Кожны з іх – шматгранная асоба, якая не ўяўляе свайго жыцця без чытання кніг. Тое ж можна сказаць і пра сёлетніх пераможцаў.
Якуб Колас, Сяргей Грахоўскі – любімыя пісьменнікі Валянціны Аляксееўны Міхасёнак, якая стала лепшай у намінацыі «Патрыёт беларускай літаратуры». Валянціна Аляксееўна з’яўляецца чытачом нашай бібліятэкі 54 гады.
— Зачапілася душой назаўсёды ў бібліятэцы, — так гаворыць Валянціна Аляксееўна.
Алена Яўгенаўна названа мацнейшай у намінацыі “Шматгранны чытач”. І сапраўды, Алена Яўгенаўна Грыгор’ева любіць чытаць кнігі розных жанраў: і гістарычныя, і фантастыку, і пра жыццё знакамітых людзей, і, канешне, пра каханне….
Годна прадставіла намінацыю “Залаты фармуляр” Людміла Барысаўна Лазар, якая наш сябар і чытач ужо 52 гады. Людміла Барысаўна вельмі творчы чалавек, а любоў да кнігі прывіў дзяўчыне бацька. Людміла Барысаўна пажадала моладзі, каб не цураліся кнігі, чыталі кнігі-скарбніцу ведаў, не сядзелі шмат часу каля камп’ютараў.
Прыемна было назваць пераможцу ў намінацыі «Перспектыўны чытач» — Паліну Галавач. Паліна наведвае бібліятэку некалькі разоў у месяц. Чытае творы сучасных аўтараў, замежную літаратуру, цікавіцца рознымі пытаннямі псіхалогіі. Дзяўчына вельми любіць вандраваць і заўсёды ў падарожжа бярэ з сабой кнігу.
Прыемна было пазнаёміцца з сям’ёй, якая стала пераможцам у намінацыі «Сямейнае трыо». Чытае ўся сям’я Генбура: бацька – Васіль Іванавіч, маці – Аляксандра Мікалаеўна і дачка Алеся Васільеўна. Васіль Іванавіч любіць чытаць дэтэктывы, Аляксандра Мікалаеўна любіць чытаць жаночыя раманы, а Алеся Васільеўна чытае розныя па жанру кнігі. Пераможцам па колькасьці чытання кніг у сям’і з’яўляецца Аляксандра Мікалаеўна.
Галоўная інтрыга ўрачыстасці захоўвалася да апошняга моманту. Адкрыўшы паштоўку, Галіна Мікалаеўна Адамовіч, намеснік дырэктара бібліятэкі, назвала імя «Чытача года 2023». Ім стаў Міхаіл Іванавіч Мядзведзеў. Міхаіл Іванавіч колькі сябе помніць, столькі і чытае. А ў бібліятэку яго запісаў бацька, калі было тры гады. Вось з таго часу з кнігай і не растаецца.
Кожнага з намінантаў павіншавалі, уручылі падарункі. Па традыцыі «Чытача года» узнагародзілі бестэрміновым чытацкім білетам, а таксама сімвалічнай керамічнай кніжнай савой, якую майстры зрабілі для ўрачыстасці.
Падарункам усім прысутным сталі цудоўныя песні ў выкананні салістаў гарадскога Палаца культуры: Тайры Біруковай, Эвеліны Ламейка, Мікіты Мандрык, Юліі Абрамовіч.
Урачыстасць закончылася, але ўдзельнікі не спяшаліся дадому. Многія ўзняліся на другі паверх, дзе знаходзіцца абанемент, каб узяць дадому новыя кнігі.
Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.