Кіт Барыс

размещено в: Знаменитые люди | 0

Барыс Кіт (06.04.1910 – 2018), вучоны, дзеяч беларускай эміграцыі. Доктар філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі (1982), акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі ў Парыжы (1991). Нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу ў сям’і выхадца з Беларусі. Скончыў Навагрудскую беларускую гімназію (1928) і Віленскі ўніверсітэт імя Стафана Баторыя (1933). Належаў да Беларускага студэнцкага саюза. Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў настаўнікам, дырэктарам Віленскай і Навагрудскай беларускіх гімназіяў. Двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі. У 1939 –41 гг. выкладаў у Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце, працаваў інспектарам школ у Баранавіцкай вобласці. У час вайны арганізаваў беларускія настаўніцкія семінарыі ў Паставах і Маладзечне, заснаваў гандлёва-адміністрацыйную школу ў Маладзечне. З лета 1944 г. на эміграцыі. Жыў у Нямеччыне, а з 1948 г. – у ЗША, дзе заснаваў беларускую калонію ў г. Саўт-Рыверы. Удзельнічаў у распрацоўцы амерыканскіх касмічных праектаў, выкладаў ва ўніверсітэтах ЗША і Нямеччыны. Аўтар навуковых прац па праблемах астранаўтыкі. Памёр і пахаваны ў Нямеччыне.
Літ.: Савік Л. Космас беларуса: Жыццяпіс Б.У.Кіта, асветніка, вучонага, патрыёта. Мн., 1998.

Оставить ответ