Адам Більдзюкевіч

размещено в: Знаменитые люди | 0

Adam-BeldukevichБільдзюкевіч Адам (1895-1952(?), беларускі культурна-асветны дзеяч, эканаміст. Нарадзіўся ў Радашковічах. Паходзіць са старадаўняга беларускага каталіцкага рода. Скончыў мясцовае  вышэйшае пачатковае вучылішча і Пецярбургскі ўніверсітэт( па іншых звестках сельскагаспадарчую акадэмію). Удзельнік Першай сусветнай вайны. Быў паранены. Вайну скончыў у званні паручніка. З 1919г. – у Мінску, дзе ўваходзіў у Часовы беларускі нацыянальны камітэт. Потым была служба ў Беларускай вайсковай камісіі, удзел у Слуцкім паўстанні. З канца 1920г. – у Вільні, дзе займаўся аднаўленнем працы Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Разам з А.Уласавым заснаваў ТБШ у Радашковічах, прымаў удзел у адкрыцці радашковіцкай беларускай гімназіі імя Ф.Скарыны і выкладаў у ёй. З 1925г. – старшыня Беларускага камітэта ў Варшаве. У 1926г. – віцэ-старшыня ЦК Беларускага сялянскага саюза (БССР), старшыня Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (БІГіК). Склаў статут Беларускага кааператыўна-земляробча-прамысловага банка, уваходзіў у яго кіраўніцтва. У 1928 г. вылучаўся ад насельніцтва Заходняй Беларусі ў польскі сейм, але не набраў патрэбную колькасць галасоў. Пасля паразы на выбарах зазнаў ганенні з боку ўсіх беларускіх партый і адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасці. У канцы 20-х – пачатку 30-х гадоў жыў у Вільні, Радашковічах, займаўся прадпрымальніцтвам. У 1944 г. выехаў у Польшчу, дзе і памёр па неправераных звестках у 1952 г.

Вядомы як таленавіты публіцыст і журналіст. Друкаваўся на старонках “Сялянскай нівы”, кніжках-календарах і спецвыпуску БІГіК “З роднае нівы” на розныя актуальныя заходнебеларускія тэмы пад уласным прозвішчам, крыптаніму Б.А. і псеўданімах А.Незалежнік, А.Саюзнік. Аўтар першага беларускамоўнага падручніка па эканоміцы “Асновы грамадскай гаспадаркі” (Вільня, 1926).

Літ.: Казлоўскі М. Адам // Куфэрак Віленшчыны. 2002.№1(6)

Оставить ответ