7 цудаў Маладзечаншчыны

размещено в: Новости | 0

Маладзечанскі раён утвораны 15 студзеня 1940 г. на падставе Указу Прэзідыума ВС БССР Аб утварэнні раёнаў у Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцях Беларускай ССР. Адміністрацыйны цэнтр — горад Маладзечна. У перыяд з 1939 па 1944 гг. уваходзіў у склад Вілейскай вобласці. З кастрычніка 1944 па студзень 1960 года ў Маладзечанскую вобласць.

Праз стагоддзі Маладзечаншчына нясе памяць аб гістарычных падзеях, якія пакінулі незабыўны след на яе зямлі. Гэта і старыжытныя курганы, і разбураныя замкі, непаўторныя помнікі сівой даўніны. Гэта і людзі, якімі ганарыцца маладзечанская зямля, і якія праслаўляюць родны край гераічнымі подзвігамі і працай.

Сёння Маладзечаншчына лічыцца культурнай сталіцай Мінскай вобласці, пляцоўкай для правядзення рэспубліканскіх і абласных святаў.

Сёлета Маладзечанскі раён адзначае сваё 80-годдзе. Гэтай нагодзе і прысвячаецца рэкамендацыйнае бібліяграфічнае выданне “Сем цудаў Маладзечаншчыны”. Яго ўкладальнік – галоўны бібліёграф ЦРБ Валянціна Стэльмах, сабрала інфармацыю пра найбольш вядомыя славутасці нашага краю.

Маладзечна – старажытны горад, ўпершыню згадваецца ў 1388 годзе. Самым першым храмам горада з’яўляецца Свята-Пакроўская царква, будаўніцтва якой пачалося ў 1865 годзе. На ўездзе ў Маладзечна з усходу сустракае жыхароў і гасцей горада скульптурны вобраз заступніцы Маладзечна — Божай Маці “Пакроў Прасвятой Багародзіцы”.

 

Адно з самых старых дрэў Павілля – вяз, які сціпла расце ў Верхніх Талуях ля Маркава, абхват ствала амаль сем метраў (на вышыні 1,3 метра – 697 см). Дыяметр – 222 см. Вышыня дрэва большая за 25 метраў. Узрост яго – за 400 год, а можа нават 600.

 

“Пояс Вітаўта” – умоўная назва ўнікальнага паяснога гарнітура канца XIV – пачатку XVст., які быў выяўлены падчас раскопак каля в. Літва Маладзечанскага р-на ў 1990-я гг (у вялікай тэарэтычнай гістарыяграфіі і зборах буйнейшых музеяў свету аналагі невядомы).

 

 

Троіцкі касцёл – помнік позняга віленскага барока, які з’явіўся ў 1703 годзе ў Беніцы. Гісторыя касцёла звязана з іменем кашталяна троцкага Міхала Казіміра Коцела. У свой час тут дзейнічаў кляштар, пры якім былі ўласны архіў, бібліятэка, мастацкая галерэя, парк, сажалкі з каналамі;

 

▪ Каменны крыж, высечаны з валуна ружовага колеру, нібы вырастае з зямлі. Знаходзіцца ён па дарозе з Палачан у Зораньку, за паўтара кіламетра ад вёскі з правага боку дарогі, з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэгіянальнага значэння.

 

Груздаўская ікона Божай Маці адносіцца да тыпу “Адзігітрыя”, мае падабенства з вядомай на Віленшчыне старажытнай Трокскай іконай Багародзіцы. Па меркаванні гісторыкаў, такая іканаграфія мела распаўсюджванне ў XVIст. Святкаванне іконы здзяйсняецца штогод 15 ліпеня па новым стылі.

 

Помнік Віленскаму тракту ўсталяваны каля в. Мясата, уяўляе сабой тэматычную кампазіцыю з чатырох валуноў. На кожным з іх замацавана памятная дошка. На адным камені змешчана карта і схема Віленскага тракта, на другім, у якасці эпіграфа, выбітыя словы Янкі Купалы: “Мінск, Маладзечна, Вільня — як жа знаёмы шлях гэты!”. На двух астатніх выгравіраваны імёны асоб, якія трымалі кірунак на Мінск або Вільню гэтай дарогай.

 

Крыніца Лешна – гідралагічны помнік прыроды мясцовага значэння, размяшчаецца ў 5 км на захад ад Маладзечна, 0,5 км ад в.Лешна. Ахоўваемая тэрыторыя знаходзіцца на левым беразе ручая. Для вытокаў падземных вод, маючых некалькі выхадаў, устаноўлены межы кругавым сегментам у радыусе 25 метраў.

Оставить ответ