Чытач года – 2021

размещено в: Новости | 0

8 красавіка ў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы ім. Максіма Багдановіча прайшло штогадовае свята «Чытач года». Ужо традыцыйна, у дзявяты раз, супрацоўнікі бібліятэкі віншавалі і ўзнагароджвалі самых верных і адданых чытачоў.

Мерапрыемства пачалося з прэзентацыі, якая дапамагла ўсім прысутным прыгадаць імёны пераможцаў мінулага. І толькі пасля вядучыя свята перайшлі да намінантаў 2021 года.

Намінацыяй “Самы вялікі чытацкі стаж”, больш за 40 гадоў, была адзначана Наталля Віктараўна Кавалеўская. Яе сяброўства з кнігай расцягнулася на дзесяцігоддзі. Бібліятэку Наталля Віктараўна наведвае кожны месяц, у роўнай ступені цікавіцца як класікай, так і сучаснай літаратурай. І што прыемна, заўсёды дзеліцца ўражаннямі аб прачытанным.

Намінацыю “Залаты фармуляр” атрымала Таццяна Рыгораўна Сівіцкая. За год яна прачытала 148 кніг, прытым што ідэальнай лічбай кнігавыдачы за гэты тэрмін лічыцца 120 выданняў на аднаго чалавека. Такі рэкорд не здіўляе. Вялікую любоў да кнігі Таццяне Рыгораўне прывіла маці, якая ў свой час таксама была актыўным наведвальнікам нашай бібліятэкі.

Вядома, нельга было абыйсці ўвагай сапраўднага “Патрыёта беларускай літаратуры” . У фармуляры Люцыі Вацлаваўны Сяргей шмат кніг на роднай мове. Яе цікавяць як творы класікаў, так і сучасных аўтараў. Люцыя Вацлаваўна з вялікай павагай і любоўю адносіцца да мовы, гісторыі і нацыянальных каштоўнасцей нашай Радзімы. Не дзіўна, што яе любімыя творы знаходзяцца менавіта ў разделе “Беларуская літаратура”.

“Самым перспектыўным чытачом” стала навучэнка ДУА “Гімназія-каледж мастацтваў г. Маладзечна” Ірына Сяргееўна Бандаровіч. Ірына наведвае бібліятэку не менш, а то і больш за два разы на месяц. Тым самым абвяргаючы папулярнае зараз меркаванне пра тое, што сучасная моладзь аддае перавагу толькі планшэту альбо электроннай кнізе.

Сярод чытачоў, якія прыходзяць у бібліятэку сямейным складам, асабліва вылучыліся Ларыса Фёдараўна Барадзіна і яе сын Андрэй Мікалаевіч. Недарэмна намінацыя “Самая чытаючая сям’я” была прысуджана ім без усялякіх спрэчак. Як аказалася, Андрэй Мікалаевіч і Ларыса Фёдараўна любяць творы ў самых разнастайных жанрах. А калі нехта з іх не можа прыйсці ў бібліэтэку, яны бяруць кнігі адзін аднаму.

Перамогу ў самай галоўнай намінацыі “Чытач года 2021”, а разам з тым “Кніжную саву”, бестэрміновы чытацкі білет і падарунак атрымала Наталля Віктараўна Гойдзіна. Прыехаўшы ў Маладзечна па размеркаванні пасля заканчэння ВНУ, Наталля Віктараўна адразу запісалася ў бібліятэку. Стала актыўнай, зацікаўленай чытачкай і пастаянным удзельнікам масавых мерапрыемстваў. Больш за тое, на сёння яна займае пост намесніка старшыні аматарскага клуба “Кніжны гурман”. І любоў да кнігі ў яе не згасае.

У самым фінале мерапрыемства ўдзельнікаў свята чакаў музычны падарунак ад навучэнцаў ДУА “Маладзечанская дзіцячая школа мастацтваў” і напамін пра тое, што дзверы нашай бібліятэкі заўжды адчынены для ўсіх.

Оставить ответ