“І падала зерне ў раллю…”: 85 гадоў з дня нараджэння Г.А.Каханоўскага

размещено в: Новости | 0

Нарадзіўся Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі 8 студзеня 1936 года ў вёсцы Дамашы Маладзечанскага раёна. У 1945 годзе Генадзь Каханоўскі становіцца вучнем Насілаўскай сямігадовай школы, у 52-м перайшоў у Лебедзеўскую сярэднюю школу. Вучыўся і адначасова працаваў у калгасе.

У 1963 годзе скончыў Маскоўскі педагагічны інстытут. 3 1964 – супрацоўнік, намеснік дырэктара і дырэктар Мінскага абласнога краязнаўчага музея ў Маладзечне. У 1979 годзе абараніў кандыдацкую па тэме “Станаўленне археалогіі і гістарычнага краязнаўства Беларусі ў эпоху феадалізму”, з 1981 – старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1991 – старшы навуковы супрацоўнік, загадчык аддзела Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны. Ініцыятар стварэння і першы старшыня Беларускага краязнаўчага таварыства (1989). У 1992 абараніў першую ў Беларусі доктарскую дысэртацыю па крыніцазнаўстве матэрыяльнай і духоўнай культуры нашага народу.

Даследаваў гісторыю археалогіі, музейнай справы, краязнаўства, пытанні аховы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Аўтар літаратурна-краязнаўчых нарысаў пра Я. Купалу, М. Багдановіча, Я. Баршчэўскага, А. Гурыновіча, Ф. Тапчэўскага, М. Чарота, гісторыка-эканамічных нарысаў “Вілейка” (1974), “Маладзечна” (1988) і інш. Адзін з аўтараў помніка “Дарозе” ў в. Мясата на Маладзечаншчыне.

Памёр Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі 15 студзеня 1994 года, пахаваны на могілках вёскі Насілава. На помніку, зробленым па праекце скульптара Алеся Шатэрніка, высечаны словы: “А ўсё ж такі мы жывём”.

У бібліятэках ДУК “Маладзечанская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча” аформлен шэраг выстаў, прысвечаных Генадзю Каханоўскаму

За што мы асабліва ўдзячныя Генадзю Каханоўскаму:

 

  • Падарыў гораду дзень нараджэння

Знайшоў у гістарычных крыніцах першае ўпамінанне пра Маладзечна ў прысяжным лісце князя Ноўгарад-Северскага княства Дзмітрыя Карыбута вялікаму князю ВКЛ Ягайлу. Гэты дакумент датаваны 16 снежня 1388 года, які і лічыцца днём нараджэння нашага горада. Дарэчы, першая яго кніга прысвячалася роднаму гораду і называлася “Маладзечна”.

 

  • Устанавіў, што ў Ракуцёўшчыне жыў Багдановіч

Адшукаў дакументальнае пацвярджэнне таму, што два летнія месяцы 1911 года Максім Багдановіч правёў у Ракуцёўшчыне, дзе цяпер створаны філіял-музей “Фальварак Ракуцёўшчына”, б’е Максімава крыніца, расце Максімаў сад. Гэта вёсачка стала месцам паломніцтва ўсіх аматараў паэзіі і беларушчыны.

 

  • Прывёз у Маладзечна з Масквы слуцкі пояс

У 1968 годзе Генадзію Аляксандравічу ўдалося дамовіцца з Маскоўскім гістарычным музеем аб перадачы маладзечанскаму музею слуцкага пояса. Гэта вялікая нацыянальная каштоўнасць, якіх ва ўсёй Беларусі адзінкі. Сімвалічна, што два гады таму абласны краязнаўчы музей пры фінансавай падтрымцы аблвыканкама набыў яшчэ адзін слуцкі пояс.

Оставить ответ