12 лютага у Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М.Багдановіча прайшла пазнавальна-краязнаўчая праграма, прысвечаная 90-годдзю Генадзя Аляксандравіча Каханоўскага «І падала зерне ў раллю…».
На мерапрыемства была запрошана вучоны сакратар ДУ «Мінскі абласны краязнаўчы музей» Шылько Вольга Мікалаеўна, якая распавядала аб жыцці і дзейнасці Г.А.Каханоўскага.
Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі – беларускі гісторык, краязнавец, фалькларыст, літаратуразнавец, пісьменнік, доктар гістарычных навук. Нарадзіўся 8 студзеня 1936 года ў вёсцы Дамашы Маладзечанскага раёна ў сялянскай сям’і. У 1945 г. стаў вучнем Насілаўскай сямігодкі, потым вучыўся ў Лебедзеўскай сярэдняй школе, ў 1955 г. быў прызваны ў армію.
Скончыў Маскоўскі педагагічны інстытут. З 1982 года – супрацоўнік Мінскага абласнога краязнаўчага музея ў г. Маладзечна, Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1991 – Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Францыска Скарыны. Даследаваў развіццё археалогіі, краязнаўства, музейнай справы, пытанні аховы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Абараніў кандыдатскую і доктарскую дысэртацыі. Памёр Генадзь Аляксандравіч Каханоўскі 15 студзеня 1994 года, пахаваны на могілках вёскі Насілава.
Навуковая спадчына Г.А. Каханоўскага – гэта шматлікія публікацыі ў перыядычным друку, артыкулы ў энцыклапедычных выданнях і каля двух дзесяткаў кніг.
Асаблівая удзячнасць Генадзю Каханоўскаму за тое, што: падарыў гораду дзень нараджэння (знайшоў у гістарычных крыніцах першае ўпамінанне пра Маладзечна ў прысяжным лісце князя Ноўгарад-Северскага княства Дзмітрыя Карыбута вялікаму князю ВКЛ Ягайлу;) устанавіў, што ў Ракуцёўшчыне жыў Багдановіч(адшукаў дакументальнае пацвярджэнне таму, што два летнія месяцы 1911 года Максім Багдановіч правёў у Ракуцёўшчыне); прывёз у Маладзечна з Масквы слуцкі пояс (у 1968 годзе Генадзю Аляксандравічу ўдалося дамовіцца з Маскоўскім гістарычным музеем аб перадачы маладзечанскаму музею слуцкага пояса).

Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.