Чытач-2019

размещено в: Новости | 0

У цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча назвалі пераможцаў штогадовага праекту «Чытач года» у васьмі намінацыях.

Урачыстае ўзнагароджанне прайшло пад гукі дудак і цымбалаў, скрыпак і фартэпіяна, пад мелодыі любімых песень. А утульнасць і цеплыню стварала сяброўская атмасфера, водар гарбаты і свежых піражкоў. Вядучыя Таццяна Скібіцкая і Аляксандр Новік нагадалі мінулых пераможцаў конкурсу, які праводзіцца з 2013 года. Гэта Інэса Ларына, Жанна Бурачонак, Любоў Лыско, Дзмітрый Ермаковіч, Валерый Хвораў, Надзея Лябёдка. А затым выклікалі на сцэну намінантаў, намеснік дырэктара бібліятэкі Галіна Адамовіч уручала прызы, дзякавала за вернасць кнізе і бібліятэцы.

Надзея і Віктар Савельевы сталі пераможцамі ў намінацыі «Самая чытаючая сям’я». Яны прыходзяць у бібліятэку па некалькі разоў у месяц з 70-х гадоў, чытаюць дэтэктывы, гістарычныя раманы. Вельмі важна, што прачытанае ёсць з кім абмеркаваць: іх густы супадаюць.

«Патрыётам беларускай літаратуры» у гэтым годзе стала Аляксандра Клімко, якая лічыць сваімі настольнымі кнігамі «Новую зямлю» Якуба Коласа і «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча.

У намінацыі «Залаты фармуляр» перамагла Ірэна Ляшковіч, якая прачытала за год 184 кнігі і мае самы тоўсты фармуляр. Па словах Ірэны Тэадораўны кнігі замяняюць ёй тэлевізар, дапамагаюць не ўпасці ў тугу, прымушаюць думаць і перажываць.

«Самым перспектыўным чытачом» 2019 года стаў студэнт політэхнікума Мацвей Кісялёў, які захапляецца псіхалогіяй і лічыць, што марнуе шмат часу той, хто пастаянна «завісае» у сацыяльных сетках, замяняе жывыя размовы віртуальнымі. У выніку – ведае пакрыху аб усім, але глыбока ні ў чым не разбіраецца. Той, хто хоча змяніць сябе да лепшага, пачынае чытаць, бо кніга накіроўвае думкі ў патрэбны бок.

Алена Душкевіч перамагла ў намінацыі «Ледзі любоўнага рамана», «Містэрам дэтэктывам» стаў Аляксей Бурдзін.

Самым чытаючым прадпрыемствам мінулага года названа УП «Камунальнік». Цудоўна, што яго работнікі паспяваюць не толькі наводзіць парадак у горадзе, сельскіх населеных пунктах, але і знаходзяць час для кніг. У бібліятэку яны прыйшлі дружнай камандай, а адна з чытачак нават прынесла торт, якім пачаставалі прысутных.

«Чытачом – 2019» стаў галоўны канструктар ЗАТ «Струм« Алег Іваноў, які шмат год наведвае бібліятэку, прычым бярэ кнігі як для сябе, так і для свайго бацькі. Гаворыць, што ў маладосці захапляўся фантастыкай, цяпер аддае перавагу гістарычнай літаратуры.

Намеснік дырэктара бібліятэкі Галіна Адамовіч па традыцыі ўручыла пераможцу бестэрміновы чытацкі білет, а таксама сімвал конкурсу – керамічную саву, вырабленую майстрамі ААТ «Вежа ММФ» спецыяльна для гэтай падзеі.

Оставить ответ