“Чытач – 2018 года”

размещено в: Новости | 0

Лепшыя чытачы мінулага года былі ўшанаваны на святочнай штогадовай праграме “Чытач года”.

У свой час вядомы пісьменнік Самуіл Маршак сказаў: “Літаратуры патрэбны таленавітыя чытачы”. І такіх нямала сярод больш чым васьмі тысяч чытачоў цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча. Самыя дапытлівыя і верныя сталі пераможцамі ў дзевяці намінацыях і былі запрошаны на традыцыйную ўрачыстасць, прысвечаную вынікам мінулага года. Іх павіншавала, уручыла падарункі выконваючая абавязкі дырэктара цэнтральнай раённай бібліятэкі Галіна Адамовіч. Кожнага з намінантаў прадставілі вядучыя Таццяна Скібіцкая і Ілья Бутрыла. Былі і музычныя падарункі ад вакальнага квартэта “Беларусачка”, навучэнак вакальнага аддзялення музычнага каледжа імя Міхала Клеафаса Агінскага. Як заўсёды, сустрэча адбывалася ў нефармальнай абстаноўцы, за кубкам гарбаты, кожны мог падзяліцца сваімі думкамі, расказаць пра любімыя кнігі, даць парады іншым.

Зінаіда Дубаневіч – юрыст-практык стала пераможцам у намінацыі “Дэтэктыўныя таямніцы”. Аляксандр Розін, педагог гімназіі-каледжа мастацтваў з’яўляецца чытачом бібліятэкі з 1986 года і наведвае яе штомесяц. Ён захапляецца жанрам “фэнтэзі” і перамог ў намінацыі “Альтэрнатыўны свет”.

Астраўком культуры і інтэлігентнасці лічыць бібліятэку Ала Шыкавец, якую назвалі “Самым шматгранным чытачом”. Штотыдзень яна прыходзіць у бібліятэку з нязменным пытаннем: што пачытаць? І заўсёды знаходзіць на яго адказ з дапамогай бібліятэкараў. Ала Станіславаўна з задавальненнем наведвае сустрэчы з пісьменнікамі, пасяджэнні клуба “Кніжны гурман” і іншыя бібліятэчныя мерапрыемствы.

“На многія пытанні, якія мяне хвалююць, я знаходжу адказы ў творах класікаў”, – казаў “Самы перспектыўны чытач”, адзінаццацікласнік гімназіі №6 Ціхан Бяляўскі. Сярод рускіх пісьменнікаў ён аддае перавагу Талстому, Дастаеўскаму, сярод замежных – Дзікенсу, Бальзаку, Тэкерэю. “Сучасныя творы не параўнаеш з іх стылем”, – разважае малады чалавек, які з 13 год з’яўляецца чытачом бібліятэкі.

Любімым пісьменнікам пераможцы ў намінацыі “Патрыёт беларускай літаратуры” Маі Марцьянавай, якая працуе ў фондзе сацыяльнай абароны, з’яўляецца Уладзімір Караткевіч. Усім чытачам яна раіла прачытаць таксама творы Васіля Быкава і Людмілы Рублеўскай.

Мікалай Жогла стаў пераможцам у намінацыі «За вернасць бібліятэцы і чытацкі стаж». У далёкім 1969 годзе ён прыехаў па размеркаванні ў наш горад, працаваў прарабам. І адразу ж запісаўся ў бібліятэку, якую і цяпер наведвае кожны месяц. Яго чытацкі стаж – 50 гадоў.

“Самая чытаючая сям’я” – Лідзія і Алег Красновы, былыя супрацоўнікі радыёзавода “Спадарожнік”, якія прыехалі ў наш горад з Новай Зямлі. Яны выхавалі ў любові да літаратуры і чатырох сваіх дзяцей.

Самым чытаючым прадпрыемствам мінулага года прызнаны Маладзечанскі хлебазавод. Яго прадстаўляла дэлегацыя ў складзе Іны Казакевіч, Наталлі Глінскай, Марыны Казлоўскай, Вольгі Насура.Чытачы гэтага прадпрыемства карыстаюцца і паслугамі бібліобуса.

Сто пяць кніг прачытала за мінулы год бухгалтар Маладзечанскага мясакамбіната ТАА Велес-Міт Надзея Лябёдка, уладальніца ганаровага тытула “Чытач – 2018 года”. Чытаць яна навучылася ў пяць год, і з таго часу свайго жыцця без кніг не ўяўляе. Лепшая чытачка мінулага года атрымала традыцыйную “Кніжную саву” і бястэрміновы кніжны білет.

      

 

Оставить ответ