ЧЫТАЧ ГОДА – 2022 

размещено в: Новости | 0

24 сакавіка святочнае мерапрыемства «Чытач года-2022» ужо 10-ты год праходзіць у Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Багдановіча. Вельмі складана бібліятэкарам выбраць самых-самых з 3500 чытачоў, якія наведваюць нашу бібліятэку. Для бібліятэкараў абанемента ўсе найлепшыя!

Вядучыя ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджвання Таццяна і Міхаіл Скібіцкія напомнілі імёны дзевяці папярэдніх уладальнікаў ганаровага тытулу «Чытач года». Гэта Інэса Ларына, Жанна Бурачонак, Любоў Лыско, Дзмітрый Ермаковіч, Валерый Хвораў, Надзея Лябёдка, Алег Іваноў, Алена Клімовіч і Наталля Гойдзіна. Кожны з іх – шматгранная асоба, якая не ўяўляе свайго жыцця без шапацення кніжных старонак. Тое ж можна сказаць і пра сёлетніх пераможцаў.

Слесар вагоннага дэпо Міхаіл Новікаў названы мацнейшым у намінацыі «Самы шматгранны чытач». І сапраўды, Міхаіл любіць рускую, замежную класічную літаратару, цікавіцца геаграфіяй. Ён прачытаў усе творы Фёдара Дастаеўскага, падабаецца яму і творчасць Чарльза Дзікенса.           Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў — любімыя аўтары Ноны Дзірко, якая стала лепшай у намінацыі «Патрыёт беларускай кнігі».

— Я вучылася ў беларускамоўнай школе, жыву ў Беларусі. Дык як жа не любіць родную мову! – гаворыць Нона Уладзіміраўна.

Прыемна было пазнаёміцца з «Самай чытаючай сям’ёй» – маці і дачкой Ірынай і Кацярынай Сідаравымі.

Ірына Андрэеўна выкладае рускую мову і літаратару ў санаторыі «Акадэмія здароўя», Кацярына працуе бібліятэкарам у аддзеле абслугоўвання дзіцячага чытача. За мінулы год яна прачытала 150 кніг! А пра сваю матулю з усмешкай гаворыць, што «яна нарадзілася з кнігай у руках».

— Мы заўсёды надзвычай рады пачуць: «Ці можна запісацца ў бібліятэку?» — казала са сцэны галоўны бібліятэкар абанемента Таццяна Скібіцкая.

— Асаблівае задавальненне адчуваем, калі такое пытанне задаюць маладыя людзі.

Ёй прыемна было назваць пераможцу ў намінацыі «Самы перспектыуны чытач» — трэцякурсніцу політэхнічнага каледжа Ірыну Барсук. Яна — будучы тэхнік-тэхнолаг хлебапякарнай вытворчасці, прыехала вучыцца у наш горад з Віцебшчыны. На першым курсе Ірына запісалася ў бібліятэку, штотыдня наведвае абанемент.

Галоўная інтрыга ўрачыстасці захоўвалася да апошняга моманту. І вось вядучыя назвалі імя «Чытача года – 2022». Ім стала адвакат юрыдычнай кансультацыі №1 Маладзечанскага раёна Зінаіда Дубаневіч. У сваёй прафесіі Зінаіда Фамінічна больш за 40 год, а чытачом бібліятэкі з’яўляецца яшчэ больш. Пераможца ўспамінала, як у савецкі час іншы раз няпроста было дастаць папулярную кнігу. Да прыкладу, «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча яна чытала ў часопісным варыянце. Зінаіда Фамінічна любіць беларускіх аўтараў, сярод сучасных выдзяляе Людмілу Рублеўскую.

Кожнага з намінантаў павіншавала, уручыла падарункі выконваючая абавязкі дырэктара цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча Галіна Мікалаеўна Адамовіч. Па традыцыі «Чытача года» узнагародзілі бестэрміновым чытацкім білетам, а таксама сімвалічнай керамічнай кніжнай савой, якую майстры стварылі спецыяльна для ўрачыстасці.

Падарунак усім прысутным — цудоўныя беларускія песні ў выкананні навучэнцаў гарадской дзіцячай школы мастацтваў Арыны Мандрык, Мацвея Пескавога, Нэлі Раманчык, якія займаюцца ў педагога Таццяны Аўгусціновіч.

Урачыстасць закончылася, але ўдзельнікі не спяшаліся дадому. Многія ўзняліся на другі паверх, дзе знаходзіцца абанемент. І не ўтрымаліся, каб узяць дадому новыя творы, і ў чарговы раз атрымаць ні з чым не параўнальную асалоду ад чытання.

Оставить ответ