Чытач года – 2020

размещено в: Новости | 0

У сёмы раз у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча назвалі пераможцаў штогадовага праекта “Чытач года – 2020”.

І хаця з-за эпідэміялагічнай сітуацыі намінацый было менш, як і гасцей у зале, атмасфера ў час цырымоніі ўзнагароджвання панавала вельмі цёплая.

Вядучыя ўрачыстасці па традыцыі прыгадалі пераможцаў конкурсу мінулых гадоў, а потым прадставілі намінантаў 2020 года. На гэты раз намінацый было пяць.

Пераможцам ў намінацыі “Патрыёт беларускай кнігі” прызнаны Андрэй Мікульчык, оперны спявак, саліст студыі «Lirico» у Фларэнцыі, удзельнік гучных міжнародных музычных праектаў. Ён не толькі чытае беларускую літаратуру, але і перакладае на беларускую мову італьянскія песні і рамансы.Напрыканцы мерапрыемства Андрэй выканаў музычныя кампазіцыі на абодвух мовах, сам акампаніраваў на фартэпіяна.

У намінацыі “Самая чытаючая сям’я” перамагла сям’я Таццяны і Аляксандр Федчанкі. Муж і жонка часта чытаюць адны і тыя ж кнігі, часопісы, абмяркоўваюць іх. Агульныя інтарэсы, па іх словах, ўмацоўваюць сям’ю.

Жанна Дудчанка прызнана пераможцам у намінацыі “Лэдзі часопіснай прэсы”. Часопісы дапамагаюць ёй у прафесіі экскурсавода. Намінацыя “Прыхільнік гістарычнай кнігі” дасталася Васілю Хазікаву.

Лепшым чытачом 2020 года стала Алена Клімовіч, якая падзякавала бібліятэкараў за тое, што для яе і для многіх чытачоў яны сталі добрымі сябрамі, а бібліятэка – месцам, куды хочацца прыходзіць зноў і зноў.

Дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча Марыя Стасяловіч павіншавала кожнага з пераможцаў, уручыла ім падарункі. Па традыцыі пасля ўзнагароджвання намінанты пазнаёміліся між сабой за кубкам гарбаты, расказалі аб тым, якой літаратуры аддаюць перавагу.

 

Оставить ответ