Чараўнік з вялікім сэрцам

размещено в: Новости | 0

Дзіцячаму пісьменніку Уладзіміру Ліпскаму, які больш за 40 гадоў з’яўляецца рэдактарам часопіса “Вясёлка”, споўнілася 80 год.

Уладзімір Сцяпанавіч – надзвычай шматгранны чалавек: знакамiты пісьменнік, на рахунку якога звыш за 70 кніг прозы, дакументальных аповесцяў, публіцыстыкі, мастацкіх твораў для дзяцей, старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду, член Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці, Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член прэзідыума СПБ, член Саюза журналістаў Беларусі. Ініцыятар і пастаянны старшыня журы Усебеларускага фестывалю народнага гумару ў Аўцюках. Кавалер ордэна Францыска Скарыны. За шматгадовае служэнне дзіцячай літаратуры і дзяцінству пісьменнік удастоены Дзяржаўнай прэміі Беларусі, Літаратурнай прэміі імя Я.Маўра, “вясёлкаўскай” прэміі імя В.Віткі, прэміі А.Грына, прэміі Міжнародных асацыяцый дзіцячых фондаў.

Але найбольш Уладзімір Ліпскі вядомы, як галоўны рэдактар дзiцячых часопісаў “Вясёлка” і “Буся”, аўтар шматлікіх зборнікаў аповесцяў, апавяданняў і казак, адрасаваных самаму ўдзячнаму чытачу – дзецям. Творчасць У.Ліпскага, які з’яўляецца адным з самых запатрабаваных сучасных аўтараў, дапамагае далучыць дзяцей да кнігі і чытання.

Бібліятэкі ДУК “Маладзечанская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча” праводзяць літаратурныя гульні, віктарыны, вусныя часопісы, прэзентацыі і іншыя цікавыя мерапрыемствы па творчасці У.Ліпскага. Дзейнічаюць выставы, тэматычныя паліцы, прагляды літаратуры, прысвечаныя 80-годдзю пісьменніка: “Жывыя урокі душэўнай дабрыні” (аддзел дзіцячай літаратуры ЦБ), “Чараўнік з вялікім сэрцам” (гарадская бібліятэка-філіял №7), “Ён пісаў для дзяцей і дарослых” (сельская інтэграваная бібліятэка аг.Гарадок), “Чараўнік з краіны маленства” (гарпасялковая бібліятэка г.п.Радашковічы), “Сакрэты колераў вясёлкі” (бібліятэка сямейнага чытання “Верасок”) і шэраг іншых цікавых выстаў.

Оставить ответ