1 красавіка ў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча адбылося ўрачыстае адкрыццё фотавыставы Генадзія Селядца “Старонкі з фотаальбома”.
Генадзь Фёдаравіч Селядзец нарадзіўся 9 кастрычніка 1951 г. у пасёлку Чырвоны Сцяг Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці.
У 1978 скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, аддзяленне дызайну. Вучыўся ў Л.І. Талбузіна і А. М. Дзямарына і з той пары жыве і працуе ў Маладзечне.
У мастацкіх выставах удзельнічае з 1982 г. Працуе ў графіцы, жывапісе, з 1997 года выкладаў малюнак і жывапіс на аддзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага каледжа імя М.К. Агінскага.
Генадзь Фёдаравіч уваходзіць у суполку прафесійных мастакоў горада Маладзечна, якая працуе пры Саюзе мастакоў Рэспублікі Беларусь.
Усе яго ведаюць дзякуючы мастацкім працам, але ўжо не ў першы раз ён выстаўляе і свае фотаработы.
Праз фота мастак перадае пачуцці і стан як герояў работы, так і свае. Фотаздымкі Генадзія Фёдаравіча прымушаюць пражыць адлюстраваныя падзеі, перанесціся на некалькі дзесяцігоддзяў назад.
Афармленне выставачнай прасторы стварае ўражанне, што гэта карта жыцця ў аб’ектыве майстра. Фотаздымкі размешчаны хаатычна, нібыта паўтараючы рух жыцця.
Павіншаваць мастака прыйшлі яго калегі, вучні, сябры, сваякі і прыхільнікі творчасці. Цёплыя і сардэчныя словы пажаданняў выказалі: Мікалай Аўчыннікаў, Рыгор Мяжуеў, Алена Кучко, Аляксандр Салагуб, настаўнікі цыклавой камісіі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” Маладзечанскага каледжа імя М.К. Агінскага, адміністрацыя Дзіцячай мастацкай школы мастацтваў і шмат іншых.
Персанальныя выстава Генадзія Фёдаравіча – добрая магчымасць пазнаёміцца з фотамастацтвам, паглыбіцца і адчуць перамены ўнутры, прайсці тымі ж сцежкамі, па якіх блукаў у пошуках незвычайнага мастак.
Запрашаем усіх аматараў і прыхільнікаў фотамастацтва зазірнуць на выставу, акунуцца ў свет яркіх эмоцый, глыбокіх гісторый і жывых момантаў.


Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.