26 верасня супрацоўнікі аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча правялі для членаў клуба “Кніжны гурман” фальклорнае падарожжа “Беларускі скарб”.
Фальклорнае падарожжа пачалося з прэзентацыі, якая пазнаёміла прысутных з тэрмінам “фальклор”, як ён з’явіўся, якія яго асноўныя рысы, а таксама якія фальклорныя жанры бываюць.
Затым ўдзельнікі мерапрыемства прадоўжылі падарожжа з этнаграфічным клубам “Кола”, які завітаў да нас у бібліятэку. Госці паказалі стылізаванае абрадавае дзеянне “Багач”, распавялі пра кожную рэч, якая ім была неабходна для гэтага дзеяння. Напрыклад, жбанок з зернем, які ўваходзіў ў абрад, дастаўлены з Міёр і яму шмат гадоў. Грамнічную свечку рабіла сама ўдзельніца клуба “Кола”. Пад час абраду госці спявалі песні, а прысутныя частаваліся белым хлебам з мёдам на шасце і здароўе. Але сюрпрызы на гэтым не скончыліся. Удзельнікі ўбачылі цымбалы, якім больш за сто гадоў, пачулі гісторыю, як яны з’явіліся ў этнаграфічным клубе. Затым усе жадаючыя паўдзельнічалі ў майстар-класе па развучванню танцаў: “Млын”, “Каханачка”, “Полька” і нават “Вальс”. Усе гэтыя танцы выконваліся пад гук цымбалаў.
Далей члены клуба “Кніжны гурман” падарожнічалі з навуковым супрацоўнікам ДУ “Мінскі абласны краязнаўчы музей” Таццянай Бяразавец, якая паведала гісторыю стварэння рушнікоў у кожнай хаце (ад нараджэння дзяўчынкі ў сям’і да таго моманту, калі яна магла сама ткаць рушнікі), пра абрады, звязаныя з ткацтвам рушнікоў (нават колер рушніка мог шмат што паведаць), пра сімвалы на рушніках і што яны значаць. Акрамя гэтага, удзельнікі мерапрыемства даведаліся шмат пра што яшчэ: чаму на вясельным рушніку маглі прысутнічаць унізе махры, але ні ў якім разе не карункі; навошта вясной ткалі ўсёй вёскай доўгае палатно на шырыну вуліцы, расцілалі яго ад хаты да хаты, а затым праз яго праганялі ўсю рагатую жывёлу; для чаго тканае доўгае палатно падымалі з двух канцоў і пад ім праходзілі сяльчане… Дарэчы, у абрадзе з праходжаннем пад доўгім палатном паўдзельнічалі і члены клуба. Лічылася, што такім чынам чалавек набіраецца здароўя. А яшчэ цікава было даведацца, што рушнікі можна было не толькі ткаць, але і сабраць без ткацкага станка. У зборы такога рушніка-абыдзенніка паўдзельнічалі і ўсе прысутныя.
Пасля члены клуба прынялі ўдзел у віктарыне “Фальклорны калейдаскоп”, дзе акунуліся ў свет народнага мастацтва і творчасці, успомнілі беларускія абрады і святы, народныя прыкметы, загадкі, прыказкі і прымаўкі, даведаліся сёе-тое пра варажбу і пра абярэгі.
Да мерапрыемства была аформлена кніжная выстава “Беларускі фальклор”, на якой былі прадстаўлены выданні з лепшымі ўзорамі вуснай народнай творчасці: загадкамі, прыказкамі і прымаўкамі, пацешкамі, лічылкамі, былінамі, песнямі.
У канцы мерапрыемства кожны ўдзельнік атрымаў невялікі сувенір – абярэг у выглядзе падковы. Па народным павер’і лічыцца, што такі абярэг павінен быць у кожным доме. Ён прыносіць поспех, шчасце і абарону ад злых духаў.
Пакідаючы мерапрыемства, кожны разумеў, што фальклор дапамагае народу Беларусі адчуваць сувязь з продкамі, паважаць сваю гісторыю і культуру, і перадаваць гэтую спадчыну будучым пакаленням.
Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.