ТВОРЧАСЦЬ
“Мастаку дадзена бачыць за палатном тое, што глядач не бачыць на палатне…”
Творчая спадчына мастачкі Я. І. Раздзялоўскай
ЖЖЖЗ дзяцінства захаплялася яна рысаваннем, займаючы ім увесь свой вольны час. У далейшым дзіцячае захапленне перарасло ў неабходную патрэбнасць, стала мэтай жыцця. Прафесійную мастацкую адукацыцыю ўдалося ёй закончыць толькі ў 37 год. Першыя, яшчэ шмат у чым вучнёўскія творы Ядвігі Раздзялоўскай адносяцца да даваеннага часу. Некаторыя з іх выстаўляліся на студэнцкіх выстаўках у Варшаве.
ЖЖЖЯк сталы, сфарміраваны майстар Ядвіга Іосіфаўна заявіла аб сабе ў пасляваенны час. Гора і пакуты чалавека ваеннага часу сталі тэмай першых сюжэтных кампазіцый мастака – “Выгнанне ў рабства”, “Немцы адступаюць”, партрэта партызанкі З. В. Яблыкавай – якія шмат у чым аўтабіяграфічныя.
ЖЖЖВельмі хутка, аднак, Я. І. Раздзялоўская перайшла на сюжэты з мірнага жыцця. Цэлыя цыклы падарожных эцюдаў, незабыўныя, востравобразныя партрэты, цёплыя жанравыя сцэны, лірычныя пейзажы: колькі адчуваецца ў іх радасці і прагі да жыцця. Мастачка літаральна ўкладае ў іх усю сваю душу.
ЖЖЖТворы пасляваеннага часу напісаны Ядвігай Іосіфаўнай у лепшых традыцыях рэалістычнай школы. Для іх характэрны пільная ўвага да жыцця, непасрэднасць, тонкі каларыт і настрой. ЖЖЖАле мастак яшчэ знаходзіцца ў палоне эцюднасці. У Дзяржаўным мастацкім музеі БССР знаходзіцца лепшы твор таго часу, адно з ранніх палотнаў Ядвігі Іосіфаўны, вельмі паэтычнае па настрою, – “Раніца”. Спакойная, ледзь кранутая лёгкім ранішнім ветрыкам паверхня возера ўся заліта сонцам. На першым плане мы бачым лодку, якая нерухома застыла на хвалях. У лодцы – прыгожая, дужая, загарэлая дзяўчына. Мо задумалася аб сваім жыцці, а мо зачаравана абуджэннем прыроды. Рамантычна прыўзняты і натхнёны ўвесь яе юны вобраз. Яе рамантычнае ўзнёсласць нібы зліваюцца з чысцінёй святла ўзыходзячага сонца. Гэтай работай Раздзялоўская ўваходзіць у свет вялікага мастацтва. Твор прынёс вядомасць аўтару. Ён экспанаваўся на ўсесаюзных і замежных выстаўках. Чалавек і прырода, якія так арганічна зліліся ў гэтым лірычным палатне, сталі ў далейшым асноўнымі тэмамі творчасці члена Саюза мастакоў СССР Я. І. Раздзялоўскай.
ЖЖЖПоспех прыдае новыя сілы. Яна многа працуе ў Дамах творчасці, падарожнічае, знаёміцца з культурай іншых рэспублік. У шматлікіх творах гэтага часу адчуваецца свабода пісьма, кампазіцыйная завершанасць.
ЖЖЖМалюнак і жывапіс становяцца больш выразнымі. Менавіта ў гэты перыяд Ядвіга Іосіфаўна піша шэраг цудоўных партрэтаў: сялянкі і балерыны, рабочага і мастака, музыканта, дзяцей і старых. Уважліва ўглядаецца яна ў твар кожнага, трапна падкрэслівае характэрныя рысы, адкрываючы багаты духоўны свет асобы. Не грамадскае становішча, не рэгаліі цікавяць мастака, а непаўторнасць кожнай натуры. У гэтым дэмакратызм таленту Раздзялоўскай.
ЖЖЖЯшчэ ў час вучобы яе лінейна вострыя, дакладныя па характару партрэтныя замалёўкі неаднаразова адзначаліся станоўча на студэнцкіх аглядах. Партрэты Ядвігі Іосіфаўны вабяць сваёй чысцінёй, прыгажосцю чалавечых перажыванняў, пачуццяў. Уважліва мастачка ставіцца заўсёды да ўнутранага стану канкрэтнага чалавека, яго духоўнага жыцця. Хто б ні стаў героем яе пранікнённых партрэтаў – суровы мужчына-шкляр, які перанёс вайну, ці старая цыганка, юная дзяўчына альбо малое дзіця – аб усіх з любоўю, аднолькава шчыра расказвае нам пэндзаль мастачкі, услаўляючы ў людзях самае светлае, самае чалавечае – дабрату.
ЖЖЖСярод лепшых работ гэтага жанру – “Дзяўчынка з айвой”, ”Юная балерына”, “Наташанька”, “Настаўніца”, “Партрэт дагестанскага мастака”.
ЖЖЖЯдвіга Іосіфаўна шмат падарожнічала. Новыя ўражанні і сустрэчы жаданы і неабходны мастаку. Яны абуджаюць яго творчае ўяўленне, убагачаюць і развіваюць зрокавую памяць, а галоўнае – майстар добра пазнае ва ўсёй зменлівасці і вялікасці прыгожую, адзіную для ўсяго жывога на свеце, сваю маці-зямлю. У творчай спадчыне мастачкі – эцюды пахмурнага Балтыйскага мора, паўночнае возера Сенеж, Дом-музей П. І. Чайкоўскага ў Кліне, шырокія кубанскія стэпы і надгор’і Каўказа, аўлы ў Дагестане і ўзбярэжжа Чорнага мора, а разам з імі – паэтычныя краявіды зямлі беларускай, дзе прайшлі дзесяцігодзі сталага жыцця.
ЖЖЖЯ. І. Раздзялоўская – прызнаны майстар нацюрморта. Пачынаючы з шэсцідзесятых гадоў, побач з партрэтам галоўнае месца ў яе творчасці паступова займае нацюрморт. Мастак дабіваецца вялікіх поспехаў і становіцца вядучым майстрам ў гэтым жанры.
Вядомы на беларускіх землях з колішніх часоў, калі прадметны свет проста “памільгваў” у іканапісных абразах, сапраўдную моц нацюрморт набраў у першай палове ХІХ стагоддзя і выключна сцвердзіўся ў творчасці Івана Хруцкага.
ЖЖЖЗа стагоддзі развіцця ён прайшоў значны шлях. Ад “ілюзіяністычных падманак” да інтэлектуальных падыходаў, спробаў станаўлення памяці, “уцягнення будучыні ў мінулае” – нацюрморт меў дачыненне не толькі да выяваў побытавых рэчаў штодзённага свету, але і да “выявы” быцця ўвогуле.
ЖЖЖУ 1960-я гады гэты непапулярны ў афіцыёза жанр выходзіць на лідзіруючыя пазіцыі. Нацюрморт – жанр не гендарны, але вядучы ў творчасці менавіта жанчын: Валяр’яны Жолтак, Ядвігі Раздзялоўскай, Соф’і Лі, Раісы Кудрэвіч, Аляксандры Паслядовіч, Святланы Катковай, Зоі Ліцьвіной і Зоі Луцэвіч.
ЖЖЖЁн стаў для іх прасторай “абсалютнай творчай свабоды, тым светам, дзе яны сталі самі сабой і адкрылі гледачу самыя яркія грані ўласнага таленту”. У гэтым суквецці творцаў пані Ядзя займае пачэснае запамінальнае і пазнавальнае месца. Разнастайныя па задуме (заўжды арганічныя – натуральныя), бездакорна скампанаваныя і гарманічныя па колеры, яе нацюрморты сцвярджаюць прыцішаную радасць быцця, яго некрыклівую паэзію і выклікаюць багатыя асацыяцыі.
ЖЖЖНе мёртвая натура, а свет рэчаў, у якім адбівалася праца прыроды і чалавека, вабяць майстра. Гэты кавалак жыцця, спавіты пачуццём мастака, становіцца як бы аўтапартрэтам, у якім адлюстроўваецца стан яго душы. Паліфанія ліній, формаў і фарбаў зліваецца ў музыку нечым блізкаю да музыкі Шапэна, дарэчы, любімага кампазітара Ядвігі Іосіфаўны.
ЖЖЖУспомнім “Вязынку” – адзін з лепшых твораў мастака. Расчыненае акно, блакітны букецік кветак – гэта сімвал удзячнасці беларускай зямлі за Купалу, сціплы ўклад мастака ў скарбонку яе культуры.
ЖЖЖМенавіта ў гэтым жанры выяўленчага мастацтва, здаецца, найбольш поўна праявілася мастацкая індывідуальнасць і светаадчуванне творцы, асаблівасці яе жывапіснай манеры, адзначанай дэкаратыўнасцю, гучнасцю фарбаў, якія заўсёды вельмі тонка, прыгожа згарманіраваны мастаком у агульны мяккі, пераважна цёплы каларыт. Вялікую ролю ва ўсіх палотнах Я. І. Раздзялоўскай – і ў нацюрмортах таксама – адыгрывае контур.
ЖЖЖЛінія малюнка трапяткая, бясконца зменлівая, жывая. Карыстаецца ёю мастачка з вялікім майстэрствам і густам. Добра прадуманы, заўсёды дакладна ўладкаваны кампазіцыйны лад твора.
ЖЖЖЗ такім жа хваляваннем, быццам упершыню для сябе адкрываючы, глядзела мастачка на пушыстыя кветачкі лясной сон-травы, на пачарнеўшую ад халоднай зімы і раптам зацвіўшую ў хаце ў збане з вадой прыгожымі жоўта-белымі буйнымі “коцікамі” тонкую галінку вярбы (“Вясновы нацюрморт”). У ім адчуваеш сам подых адраджэння жыцця навакольнай вясновай прыроды. Гэта мастакоўская споведзь перад прыродай.
ЖЖЖСур’ёзная думка, паэзія, эмацыянальнасць – у кожным нацюрморце, пейзажы Ядвігі Іосіфаўны. І наогул у кожным яе нечым незвычайным, прывабным, светлым, цёплым творы.
ЖЖЖЯк сведчыць каталог Саюза Мастакоў БССР у 1974 годзе адбылася персанальныя выстава Я. Раздзялоўскай ў Мінску: “35 год творчай дзейнасці”. Ужо ў той час яе работы экспанаваліся на 41 выставе сярод якіх былі і міжнародныя, а 14 яе твораў набыў Дзяржаўны мастацкі музей БССР.
ЖЖЖАле самая вялікая персанальная выстава, якая падвяла вынік многагадовай творчай працы, адбылася ў 1982 годзе ў Мінскім Палацы мастацтваў. Прыўрочаная да 45-годдзя творчай дзейнасці, гэта выстава стала сапраўды творчым трыумфам мастачкі. 140 лепшых сюжэтных палотнаў, партрэтаў, нацюрмортаў, пейзажаў, графічных твораў, эцюдаў, сабраных разам у прасторных экспазіцыйных залах, поўна і ўсебакова асвятляюць яе таленавітасць, сумленную творчасць, якой заўжды быў уласцівы светлы аптымізм, шчырая чалавечая любоў і гарачае захапленне прыгажосцю.
ЖЖЖУ тым жа 1982 годзе адбылася яе выстава ў Варшаве. Мастачка падарыла сваёй першай радзіме частку сваіх работ каўказскага цыклу. Тады ж ёй было прысвоена высокае ганаровае званне “Заслужаны для польскай культуры” і ўручаны ордэн. Гэтым званнем адзначаюцца іншаземцы, якія ўнеслі важкі ўклад у культуру Польшчы і міравую культуру.