“Тандэм: абліччы і душы ў мастацтве”. Сяргей Крук і Леанід Станкевіч

размещено в: Новости | 0

5 верасня ў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы жывапісу “Тандэм”. Яна прысвечана аднаму з самых глыбокіх і шматгранных жанраў у выяўленчым мастацтве – партрэту.

Партрэт – гэта не проста вобраз чалавека. Гэта спроба мастака перадаць унутраны свет асобы, яе характар, настрой, а часам і цэлую эпоху. У кожным поглядзе, у кожным руху – адлюстраванне жыцця, асабістая гісторыя, душэўны дыялог паміж аўтарам і гледачом.

Выстава носіць назву “Тандэм”. Гэта назва выбрана невыпадкова. Слова “тандэм” апісвае двух асоб, аб’яднаных агульнай справай, якія дзейнічаюць разам, дапаўняючы адзін аднаго. Мы пазнаёміліся з творчым партнёрствам мастакоў-партрэтыстаў – гэта Сяргей Крук і Леанід Станкевіч.

Сяргей Крук нарадзіўся і жыве ў горадзе Маладзечна. Вучыўся ў Юрыя Герасіменкі і Валянціна Васілевіча. З 1985 года прымае ўдзел у выставах. Працуе ў жанры краявіда і партрэта. У апошнія гады звяртаецца і да абстрактнага мастацтва.

Леанід Станкевіч нарадзіўся ў вёсцы Груздава Маладзечанскага раёна. Скончыў Усесаюзнае Бабруйскае мастацкае вучылішча. Працаваў у мастацкай студыі пад кіраўніцтвам Юрыя Герасіменкі. Таксама меў магчымасць павучыцца майстэрству і пераняць вопыт у Кастуся Харашэвіча. З 1986 года яго працы выстаўляюцца публічна. Сам мастак называе сябе партрэтыстам, але сярод яго работ прадстаўлены і нацюрморты, і пейзажы, а таксама карціны на гістарычныя тэмы.

Афармленне выставы – гэта асобная гісторыя. Аб’яднаць абстракцыю і партрэт у адной экспазіцыі – смелы крок, які зрабіў выставу яшчэ ярчэй і цікавей.

Павіншаваць мастакоў прыйшлі калегі, вучні, сябры, сваякі і прыхільнікі творчасці. Госці падзяліліся сваімі ўражаннямі ад экспазіцыі і пажадалі творчых поспехаў. Цёплыя, сардэчныя словы пажаданняў выказаў Міхась Казлоўскі.

Намеснік дырэктара бібліятэкі Наталля Меднікава таксама павіншавала мастакоў з адкыццём выставы і ўручыла ім памятныя сувеніры.

На выставе панавала атмасфера душэўнага цяпла і творчага натхнення.

Экспазіцыя будзе дзейнічаць да 28 кастрычніка, запрашаем усіх у захапляльнае падарожжа праз твары, эмоцыі і лёсы – каб разам адкрыць прыгажосць і сілу чалавечага аблічча.

Оставить ответ