14 жніўня 2025 года ў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча прайшла сустрэча з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, перакладчыкам, рэдактарам, кандыдатам філалагічных навук Пятром Пятровічам Жаўняровічам. Назву мерапрыемству далі радкі з вершаў выступоўца “Беларусь на сустрэчу, нібы на споведзь, ідзе…”. Пісьменнік нарадзіўся ў вёсцы Азярэц Вілейскага раёна. Скончыў Мінскі радыётэхнічны тэхнікум, затым філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Беларуская і руская мова і літаратура».
Пятро Пятровіч даследуе творчасць Уладзіміра Караткевіча, ён укладальнік і рэдактар тамоў 25-томнага Збору твораў Уладзіміра Караткевіча. Пераклаў на рускую мову раманы, аповесці, вершы Уладзіміра Караткевіча.
Займаецца ён і перакладам з рускай на беларуску мову — пераклаў раман «Браты Карамазавы» Фёдара Дастаеўскага і вершы Аляксея Канстанцінавіча Талстога.
Пісьменнік разглядае і праблемы рэдагавання журналісцкіх тэкстаў. Ім выданы вучэбныя дапаможнікі па рэдагаванні тэкстаў на беларускай мове. Пётр Пятровіч – аўтар больш як 80 навуковых публікацый, а таксама вершаў і апавяданняў.
Пачаў сустрэчу і прадставіў госця сябар бібліятэкі, пісьменнік і краязнаўца Міхась Казлоўскі. Ён сказаў цёплыя, шчырыя словы ў адрас пісьменніка і яго працы.
Пятро Пятровіч – цікавы выступоўца, дыпламатычны і сціплы, з тонкім пачуццём гумару і цудоўнай беларускай мовай. Яго творы пранікнёныя любоўю і цеплынёй да самага дарагога, што ёсць у кожнага з нас – малой і вялікай Радзімы, роднай мовы. У сваім выступленні ён распавёў аб рабоце над Зборам твораў У.Караткевіча, тонкасцях перакладаў, чытаў свае вершы. Прысутныя мелі магчымасць набыць кнігу яго вершаў “Расторганая прастора” і атрымаць аўтограф аўтара. Напрыканцы сустрэчы дырэктар бібліятэкі Марыя Яўгеньеўна Стасяловіч падзякавала выступоўцу і ўручыла сувенір на памяць.



Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.