Сусветны дзень пошты

размещено в: Новости | 0

8 кастрычніка на мерапрыемства “Гэта я, паштальён Печкін” (прысвячалася Сусветнаму дню пошты) у бібліятэку завіталі вучні 1-3 класаў ДУА “Турэц-Баярская сярэдняя школа Маладзечанскага раёна”. Праз слайды медыяпрэзентацыі дзеці даведаліся столькі незвычайнага пра звычайную пошту: калісьці весткі перадаваліся пошчакам барабана ці дымам ад вогнішча, пасланцы пешыя і конныя са спецыяльным ражком дастаўлялі лісты адрасатам, існавала галубіная пошта, былі вынайдзены канверты і маркі, паштовыя скрынкі…

А маркі сталі ўвогуле асобнай тэмай для школьнікаў – як можна купіць марку за 1,5 млн.$!? Ну і што з таго, што толькі дзве яны ёсць на нашай планеце, “Святы Грааль” называюцца! А за 2,3 млн.$ набыць шведскі “Жоўты Трэскілінг” слабо?! – самая дарагушчая марка ў свеце..! Яшчэ доўга адбывалася абмеркаванне дзецьмі маленькіх кавалачкаў паперы з намінальным коштам у некалькі цэнтаў…

На практычнай частцы мерапрыемства таксама не было калі сумаваць: і сваю марку намаляваць трэба ды на канверт прыклеіць, падпісаць яго; і ліст з просьбамі для Дзеда Мароза прыдумаць – Новы год не за гарамі; і з бязлюднага вострава бутэлькавую пошту адправіць… А яшчэ ж сапраўдным паштальёнам трэба сябе адчуць, сумку газетамі і часопісамі напакаваць, камізэльку апрануць і – у дарогу… Ох, і цяжкая гэта работа!

 

Оставить ответ