Скарб – не заўсёды гаршчок з залатымі манетамі ці ювелірнымі ўпрыгожаннямі, часам, скарб – гэта нешта значна большае і даражэйшае. Яго можна ўбачыць у музеі, а можна “знайсці” ў канкрэтным чалавеку ці, нават, у звычайнай вясковай бібліятэцы.
Каб упэўніцца ў гэтым, 2 лютага ў сельскую бібліятэку-клуб в.Турэц-Баяры на экскурсію “Скарбы бібліятэчнага фонду” былі запрошаны вучні 3 класа (дарэчы, хоць і пачаткоўцы яны, але пра дом, дзе жывуць кнігі, ведаюць ужо амаль усё). Дык якія ж скарбы схаваныя ў сценах бібліятэкі? Канешне – кнігі! Дзеці здзіўлена гарталі зацёртыя выданні 1950-1960-х гадоў – імі зачытваліся некалі не толькі іх бацькі, але і бабулі з дзядулямі! Тургенеў і Талстой, Касіль і Яноўская, Верн і Дэфо, Хомчанка і Васілевіч… Асцярожна перадавалі малыя з рук у рукі сапраўдныя рарытэты: кнігу з аповесцямі А.П.Чэхава 1953 г.в., кнігу вершаў “Поэты пушкинской поры” 1954 г.в., кнігу Г.М.Гайдоўскага “Мои друзья – моряки” 1956 г.в… Як цудоўна, што ёсць яшчэ такія кнігі ў нашых бібліятэках, яны перадаюць нам дух гісторыі і энергетыку мінулых пакаленняў!
Сучасныя выданні таксама вельмі класныя, і школьнікі з задавальненнем разглядалі яркія кнігі-трансформеры і кнігі-раскладушкі, малюпасенькія кнігі-сувеніры і вялізарныя, цяжкія кнігі-падарункі… Але сама крута было разглядаць кнігі з 3D-ілюстрацыямі ў стэрэа-акулярах! Напрыканцы экскурсіі дзеці пажадалі бібліятэцы набыць яшчэ музычныя і інтарактыўныя кнігі і паабяцалі тады наведваць яе ў два разы часцей!
Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.