6 лютага ў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча адбылася творчая сустрэча з загадчыкам філіяла “Літаратурны музей Максіма Багдановіча” установы “Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры”, гісторыкам, паэтам, музыкантам Міхаілам Бараноўскім. Прадставіў госця і распавёў аб яго творчасці пісьменнік і краязнавец Міхась Казлоўскі.
Сустрэча складалася з двух частак. У першай Міхаіл Аляксандравіч прадставіў новую кнігу “Максім Багдановіч. Спроба рэканструкцыі”. Гэта зборнік артыкулаў і публіцыстычных нататак, прысвечаных жыццю і творчасці класіка беларускай літаратуры.
У сваім выступленні аўтар распавядаў пра цікавыя факты з жыцця паэта, пра даследчыя знаходкі ў яго творчасці, чытаў яго вершы і тлумачыў асаблівасці іх напісання. Казаў, што працучы з дакументамі, ён меў намер наблізіцца да разумення пэўных момантаў біяграфіі асобы Максіма Багдановіча, высветліць факты, якія па нейкіх прычынах раней засталіся па-за ўвагай.
У другой частцы сустрэчы Міхаіл Бараноўскі прэзентаваў свой зборнік паэзіі 2024 года “VOLUMEN.3” (“СКРУТАК” – па беларуску). Гэта яго трэці паэтычны зборнік. Вершы, змешчаныя ў кнізе “Volumen.3”, былі напісаны ў перыяд з восені 2020 па вясну 2024 года і часткова друкаваліся ў перыядычнх выданнях: “Маладосць”, “Полымя”, “ЛіМ”. Таксама аўтар падставіў свае песенныя кампазіцыі пад гітарны акампанемент. Акрамя таго, прагучалі творы на словы Максіма Багдановіча і Уладзіміра Караткевіча.
Напрыканцы аўтар падараваў бібліятэцы сваю новую кнігу “Максім Багдановіч. Спроба рэканструкцыі”. Завяршылася мерапрыемства аўтограф-сесіяй.
Уражанне ад сустрэчы засталося самае добрае і светлае. Спадзяемся, што сустрэчы з пісьменнікам адбудуцца і ў будучым.
Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.