Рукам работа – сэрцу радасць

размещено в: Новости | 0

Сярод чытачоў цэнтральнай бібліятэкі нямала творчых людзей, якія захапляюцца рознымі відамі рукадзелля і ствараюць сапраўдныя шэдэўры. Многія наведваюць бібліятэку дзесяцігоддзямі, таму з ахвотай адгукнуліся на прапанову прадставіць сваю творчасць шырокаму колу, хаця для большасці такі вопыт быў першым. На працягу дзесяці дзён у фае бібліятэкі дзейнічала выстава-прэзентацыя “Рукам работа – сэрцу радасць”, дзе былі прадстаўлены разнастайныя работы па рукадзеллі ў розных тэхніках.

Заключным акордам мерапрыемства стала знаёмства з аўтарамі работ. Цудоўнай прыгажосці вышытыя карціны прадставіла Наталля Шынкевіч, мяккія цацкі, якія развіваюць дзяцей – Таццяны Бекіш, вышыўку бісерам – Вольга Ганчарык, алмазную мазаіку – Людміла Нарэйка, флакончыкі з духамі на аснове эфірных масел – Таццяна Семашкевіч.

Прысутныя пазнаёміліся з вынаходлівасцю і арыгінальнасцю Надзеі Суднік, якая робіць дыванкі, капялюшыкі, сумкі з поліэтыленавых пакетаў, фартухі ў стылі пэчварк, вязанае «адзенне» для слоікаў, дзякуючы якому яны ператвараюцца ў скарбонкі.

Пра рэдкі від вышыўкі “барджэла”, якім захапляецца, распавядала Святлана Розіна, былы ўрач-педыятр дзіцячай паліклінікі. Са сваімі працамі пазнаёміла ўдзельнікаў мерапрыемства Наталля Гойдзіна, якая займаецца роспісам па шкле і скандынаўскай выпечкай.

Ірына Хлебнікава ўсе жыццё рукадзельнічала: шыла адзенне, вышывала, асвоіла макрамэ, аплікацыю саломкай. Пра сваё апошняе захапленне – дэкупаж, яна вяла гутарку на сустрэчы.

Сапраўдныя шэдэўры з фанеры стварае Яўген Чачукевіч, які расказаў аб сваім захапленні з дзяцінства. Цяпер разам з унукамі робіць нават мадэлі танкаў і караблёў. Свае работы па чаканцы прадставіў Леанід Чарняўскі.

Кожнаму з майстроў бібліятэкары падарылі карысную кнігу па рукадзеллі ці іншай тэматыцы, якая яго цікавіць. Многія з выступоўцаў адзначалі, што ў часы, калі не было інтэрнэта, бібліятэчныя кнігі і часопісы дапамаглі ім асвоіць тое ці іншае рамяство, сталі штуршком для творчасці.

Оставить ответ