Родная мова, цудоўная мова! Ты нашых думак уток і аснова!.. |
21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Цяпер у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якую ён лічыць роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з сябрамі, знаёмымі, сваякамі. Менавіта яна для яго найпрыгажэйшая.
Для многіх з нас беларуская мова родная. А вось як добра мы ведаем нашу мову паказаў турнір знаўцаў, які правяла сельская інтэграваная бібліятэка №16 аг. Заскавічы. На мерапрыемства былі запрошаны вучні 3-4 класаў. Таксама наведалі бібліятэку дзеці падрыхтоўчай групы дзіцячага сада.
Турнір складаўся з некалькіх заданняў. Вучні чыталі вершы пра мову, дапаўнялі незакончаныя прыказкі, выконвалі заданне «эрудыты-мовазнаўцы». Самым цікавым было заданне «перакладчыкі», дзе было прапанавана перакласці тэкст з рускай на беларускую мову. Некаторыя словы перакладалі ўсе разам, выказваючы свае меркаванні, вучням было цікава.
Выхаванцам дзіцячага сада бібліятэкар распавядала, якія бываюць мовы і што ёсць наша родная мова – беларуская. Затым прапанавала для прагляду кнігі для дзяцей дашкольнага ўзросту на беларускай мове, пазнаёміла з часопісам «Вясёлка», гартанне якога стварыла дзеткам цудоўны настрой.
З дадзенага мерапрыемства вучні зразумелі, што родная мова – гэта вялікі народны скарб, які нельга не паважаць і шанаваць. Сваю мову трэба любіць і дасканала валодаць ёю.
Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.