Роднай мовы пералівы…

размещено в: Новости | 0

Роднай мовы пералівы…” – пад такой паэтычнай назвай, 17 лютага ў сельскай бібліятэцы-клубе в.Турэц-Баяры адбылася традыцыйная ўжо для выхаванцаў дзіцячага сада бібліяграфічная гульня, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы. На гэты раз дзетак сустракалі і праводзілі ў залу сапраўдныя Беларус і Беларусачка ў нацыянальных касцюмах – малыя нават не пазналі сваіх пераапранутых сяброў!

З цікавасцю дзеці разглядалі элементы беларускага адзення і запаміналі іх назвы: хустка, кашуля, гарсэт, андарак, фартух, чаравікі для жанчын і капялюш, кашуля, пояс, порткі, боты для мужчын. І тут жа пасыпаліся дзіцячыя пытанні: а чаму беларусы ў такім адзенні не ходзяць па вуліцы і дома? А дзе такую вопратку можна купіць? А ці праўда, што калісьці гэта былі вясельныя ўборы? І той факт, што сёння нават модна жаніцца ў такіх народных строях вельмі развесяліў дзяцей, а некатортыя нават і не паверылі…

“А яшчэ вельмі смешныя беларускія назвы ў звычайных рэчаў, якія схаваліся ў чамадане: відэлец, гадзіннік, парасон, ліхтарык, гарбата, матыль, запалкі, лялька… Мы ж так ніколі не гаворым”, – думалі дзеці.

А шкада… Пакуль жыве мова – існуе і народ! Беражыце і любіце яе, нашу родную мілагучную беларускую мову, перадайце гэту каштоўнасць наступным пакаленням!

Зусім нядаўна сарока на хвасце прынесла цудоўную навіну: пачатковыя класы таксама збіраюцца наведаць бібліятэку і разабрацца ў нацыянальным касцюме. Будзем сустракаць!

Оставить ответ