Родная мова кожнага народа з’яўляецца духоўнай спадчынай, па якой яна вызначае сваё адрозненне ад іншых народаў свету. Не выклікае сумнення неабходнасць захавання роднай мовы як культурнага здабытка, каштоўнасці і разнастайнасці чалавецтва.
26 верасня супрацоўнікі аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча правялі для навучэнцаў дзвюх груп установы адукацыі «Маладзечанскі дзяржаўны медыцынскі каледж імя І.У. Залуцкага» турнір знаўцаў «Роднай мовы гук чароўны». Зранку мерапрыемста наведалі першакурснікі групы СД-11, пасля абеду – першакурснікі групы ЛД-11.
Прысутныя ўзгадалі вядомых асветнікаў зямлі беларускай, а таксама пісьменнікаў і паэтаў, адзначылі іх творы, у якіх шмат шчырых слоў пра сваю родную мову, яе багацце і прыгажосць. Юнакі і дзяўчаты падчас турніру растлумачвалі фразеалагізмы, адгадвалі словы па іх лексічным значэнні. Асаблівую цікавасць у навучэнцаў выклікалі беларускія прыказкі і прымаўкі. Гэта і не дзіўна, бо менавіта гэтыя выслоўі, складаючыся на працягу гадоў, яскрава і выразна адлюстроўвалі маральныя каштоўнасці беларусаў, іх погляд на навакольны свет, прыроду, жыццёвы вопыт і з’яўляліся ўвасабленнем народнай мудрасці. Таксама ўдзельнікі мерапрыемства перакладалі словы і словазлучэнні на беларускую мову. І хаця ў беларускай мове шмат слоў, якія, нягледзячы на падабенства з рускімі, маюць іншае значэнне (што дэманструе багацце і самабытнасць слоўнікавага запасу нашай мовы), навучэнцы прадэманстравалі добрую эрудыцыю і выдатныя веды.
У канцы турніра ўдзельнікі атрымалі салодкі сюрпрыз. Пакідалі бібліятэку будучыя медыкі ў добрым настроі і ўбагаціўшы свае веды аб роднай мове.


Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.