24 лістапада ў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча прайшоў вечар-партрэт, прысвечаны маладзечанскаму пісьменніку, члену Саюза пісьменнікаў Беларусі Івану Іванавічу Галубовічу (Янку Галубовічу).
Творы гэтага пісьменніка для дзяцей знаёмяць маленькіх чытачоў са звярамі і птушкамі, якія жывуць у нашых лясах, заклікаюць беражліва адносіцца да прыроды, вучаць дабрыні і сяброўству, без якіх нельга пражыць на свеце.
Дэградацыя чалавека як асобы, страта маральных прынцыпаў і ідэалаў, адсутнасць самапавагі і гонару, крывадушша, хлусня, ашуканства і як вынік усяго гэтага – поўная абыякавасць да будучыні сваей зямлі – становяцца галоўнымі праблемамі яго кніг і роздумаў для дарослых.
Янка Галубовіч аўтар зборнікаў прозы “Пастарайся стаць чалавекам”, “Зязюля дзетак шукала”, “Чаму мядзведзь бярозавіка не любіць”, “Ад студзеня да студзеня”, “Янотавы абяцанкі” і інш. Творы Івана Галубовіча былі надрукаваны ў 26 калектыўных зборніках. Аб іх вартасці сведчыць той факт, што ўрыўкі з многіх яго твораў уключаны ў школьныя падручнікі па беларускай мове для 2, 3, 4 класаў – па іх дзеці вывучаюць родную мову. Змешчаны яны і ў “Зборніку апавяданняў для пазакласнага чытання вучняў пачатковай школы”.
Вёў імпрэзу пісьменнік, краязнаўца, супрацоўнік бібліятэкі Міхась Казлоўскі. Успомніць пісьменніка добрым словам прыйшлі паэты і пісьменнікі, члены СПБ Аляксандр Хазянін, Ала Клемянок, Тамара Бярэзіна, Марыя Шабанец. На мерапрыемстве прысутнічала жонка пісьменніка Яўгенія Уладзіміраўна. Прысутныя, сярод якіх былі і навучэнцы філіяла “Маладзечанскі дзяржаўны палітэхнічны каледж” УА РІПА, з увагай слухалі выступоўцаў, іх успаміны аб сустрэчах з Янкам Галубовічам, цікавыя факты з яго жыцця, агляд яго творчасці, а таксама песні і вершы саміх выступоўцаў. Аздобіў вечарыну сваім выступленнем Народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Крынічанька” ЦКС.



Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.