11 чэрвеня ў рамках перадфестывальнага тыдня (напярэдадні ХХIII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2024”) у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча прайшла прэзентацыя новай кнігі Тамары Іванаўны Аўсяннікавай (Шыпуль) “Першацветы”.
Тамара Іванаўна піша не толькі вершы, але і надзвычай цудоўную прозу. Актыўны ўдзельнік літаратурнага аб’яднання «Купалінка», член клуба кампазітраў і паэтаў “Жывіца”, дыпламантка міжнародных конкурсаў, былы настаўнік нямецкай мовы. Тамара Іванаўна піша вершы для дзяцей і дарослых, а таксама кароткія апавяданні ўспамінаў пра дзяцінства, друкуецца на старонках “Маладзечанскай газеты”.
Адкрылі мерапрыемства Аляксандра Аляксеенка і Ганна Цітова, навучэнкі ДУА “Маладзечанская дзіцячая школа мастацтваў”, якія для настрою прысутных выканалі творы беларускіх кампазітараў.
Павіншаваць аўтара з выхадам новага зборніка прыйшло шмат гасцей. Урачыстае слова ўзяў журналіст, празаік, публіцыст, член Саюза журналістаў і Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Аляксандравіч Хазянін, які сказаў шмат цёплых слоў у адрас Тамары Іванаўны, адзначыў, што паэтка вельмі любіць і разумее родную прыроду.
Тамара Іванаўна расказала пра напісанне кнігі, пра афармленне і вокладку, пачытала вершы. Афарміцелем новага зборніка стаў старшыня Маладзечанскага аддзялення Саюза мастакоў Беларусі Рыгор Мяжуеў, на сустрэчы ён адзначыў, што яму было вельмі прыемна працаваць з паэткай.
Прыемным сюрпрызам для ўсіх падчас творчай сустрэчы стала выступленне народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля “Крынічанька”, які далучыўся да віншаванняў і выканаў свае цудоўныя песні.
У канцы мерапрыемства ўсе жадаючыя маглі набыць кнігу і атрымаць аўтограф з добрымі пажаданнямі ад аўтара. Мерапрыемства прайшло ў вельмі душэўнай і ўтульнай атмасферы.
Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.