9 чэрвеня пад час фестывалю ў цэнтральнай бібліятэцы прайшла прэзентацыя новай кнігі Тамары Іванаўны Бярэзінай “Залатое жніво”. Гэта трэці зборнік вершаў аўтара. Першыя два зборнікі – “Карані і галіны” і “Рэха спадчыны”, складаліся з прозы і вершаў.
Творчасць – гэта самае прыгожае ў чалавеку, яна дае самыя ўзнёслыя радасці і самыя мудрыя думкі. Калі чалавек у сваіх праявах самабытны, непаўторны, яго лёгка адрозніць ад усіх іншых. Пра такіх кажуць: гэта яркая індывідуальнасць. Гэтыя словы можна аднесці і да Тамары Іванаўны.
У пачатку імпрэзы выступілі Аляксандра Аляксеенка і Ганна Цітова, навучэнкі ДУА “Маладзечанская дзіцячая школа мастацтваў”, якія для настрою прысутных выканалі творы беларускіх кампазітараў.
З віншавальным словам выступіў Міхась Міхасевіч Казлоўскі, які павіншаваў аўтара з выхадам новага зборніка, сказаў шмат добрых цеплых слоў.
Тамара Іванаўна расказала пра напісанне кнігі, пра афармленне і вокладку, пачытала вершы. Наша цудоўная паэтка з’яўляецца сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі і абласнога народнага клуба паэтаў і кампазітараў “Жывіца”. У гэты святочны дзень яе прыйшоў павіншаваць фальклорна-этнаграфічны гурт “Крынічанька”, удзельніцай якога з’яўляецца Тамара Іванаўна.
На сустрэчы з Тамарай Іванаўнай прысутнічалі яе родныя і сябры. Таццяна Аляксандраўна Атрошанка і Тамара Іванаўна Аўсяннікава не толькі павіншавалі віноўніцу ўрачыстаці, але і пачыталі свае новыя вершы. Аляксандр Аляксандравіч Хазянін таксама сказаў шмат цёплых слоў у адрас Тамары Іванаўны. Ала Леанідаўна Клемянок напісала музыку і праспявала песню з новага зборніка паэткі, пачытала свае вершы. Лідзія Міхайлаўна Гардынец далучылася да віншаванняў, падарыла Тамары Іванаўне свой новы зборнік.
У канцы мерапрыемства ўсе жадаючыя маглі набыць кнігу і атрымаць аўтограф з добрымі пажаданнямі ад аўтара.
Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.