Прэзентацыя кнігі Лідзіі Гардынец «Святло зарніц»

размещено в: Новости | 0

22 мая ў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча прайшла прэзентацыя новай кнігі члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Лідзіі Міхайлаўны Гардынец «Святло зарніц».

Лідзія Міхайлаўна нарадзілася ў в. Аўгустова суседняга Валожынскага раёна, але большую частку жыцця пражыла ў Маладзечне. Пісаць вершы пачала яшчэ ў школьныя гады. Была удзельніцай конкурса Мінскага абласнога фестывалю маладых паэтаў. Першая публікацыя з’явілася ў валожынскай раённай газеце «Працоўная слава» у 1967 годзе. Таксама друкавалася на старонках «Маладзечанскай газеты», газет «Літаратура і мастацтва», «Беларуская ніва», «Краязнаўчая газета», часопіса «Алеся», «Вожык». Яе вершы друкаваліся ў зборніку «Дзень паэзіі – 2005», «Коломенском альманахе – 2007», калектыўных зборніках «Погляды» і «Прызнанне ў любові і каханні» і інш.

Першы зборнік вершаў Лідзіі Міхайлаўны «Саламяны капялюшык» выйшаў ў 2004 годзе. Праз сем гадоў, у 2011 годзе, у вядомым выдавецтве «Кнігазбор» выйшла другая кніга «Ад твайго парога». У 2023 годзе ўбачыў свет яе зборнік для дзяцей «Я сябрую з сонцам».

У новую кнігу Лідзіі Міхайлаўны ўвайшлі вершы, эсэ і апавяданні. Лёс Радзімы, лёсы блізкіх і дарагіх людзей, прыгажосць прыроды роднага краю – вось галоўныя тэмы яе твораў. Іх аб’ядноўвае шчырая любоў да гэтай зямлі, якая і з’яўляецца асноўнай крыніцай натхнення аўтара.

Вядучым вечарыны быў пісьменнік, краязнавец, выдавец Міхась Казлоўскі, які ўспомніў абставіны знаёмства з пісьменніцай, распавёў некаторыя цікавыя факты з яе біяграфіі, сказаў шмат шчырых, цёплых слоў пра аўтара і яе творчасць. Павіншаваць з выхадам новай кнігі пісьменніцу сабраліся сябры, знаёмыя, прыхільнікі яе творчасці. Падтрымаць аўтара і сказаць добрае слова пра яе творчасць прыйшлі пісьменніцы Тамара Бярэзіна і Тамара Аўсяннікава. Аздобіў сваім выступленнем вечарыну Народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Крынічанька» ДУ «Маладзечанскі раённы цэнтр культуры»

Сама Лідзія Міхайлаўна эмацыйна чытала свае лірычныя і шчымлівыя, гумарныя і дасціпныя, вершы пра прыроду, бацькаўшчыну, сваіх землякоў. З удзячнасцю і цеплынёў ўспамінала свайго бацьку, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджанага ордэнам Славы і ордэнам Чырвонай зоркі. Яму і яго сябрам-вэтэранам яна прысвяціла верш «Тату».

Мерапрыемства атрымалася незвычайна цёплым і цікавым. Пасля заканчэння ўсе прысутныя мелі магчымасць атрымаць аўтограф пісьменніцы, а таксама сфатаграфавацца з ёй.

Оставить ответ