Прэзентацыя выдання “Беларускі народны спеўнік”

размещено в: Новости | 0

22 красавіка ў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча прайшла сустрэча з загадчыкам сектара захавання фальклорнай спадчыны Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдатам філалагічных навук Янінай Грыневіч. Госця прэзентавала выданне “Беларускі народны спеўнік”, укладальнікам якога яна з’яўляецца разам з Таццянай Канстанцінавай.

Прысутныя пачулі пра гісторыію збірання каляндарна-абрадавых песень, пра выдатных людзей, якія збіралі і захоўвалі беларускі фальклор, выканаўцаў народных песен. Гучалі такія імёны, як Рыгор Шырма, Антон Грыневіч, Еўдакім Раманаў, Міхась Забэйда-Суміцкі і інш.

“Беларускі народны спеўнік” − гэта папулярнае выданне для тых, хто цікавіцца фальклорам. Спеўнік змяшчае 55 беларускіх народных песень, прымеркаваных да абрадаў каляндарнага цыкла, якія былі сабраны на працягу ХХ стагоддзя ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Да кожнага твора даюцца ноты, каб можна было не толькі пазнаёміцца з тэкстам, але развучыць і выканаць песню самастойна альбо ў кампанii.

Яніну Грыневіч суправаджалі прадстаўнікі кнігарні “Акадэмкніга”. Яны прадставілі выданні па беларускай культуры, якія пры жаданні можна было набыць.

 

Оставить ответ