Патрыятычна-конкурсная праграма “Песні франтавых дарог” была прысвечана 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і сабрала актыўных чытачоў бібліятэкі, прадстаўнікоў розных пакаленняў, бацькам некаторых з іх прыйшлося прайсці дарогамі вайны. Удзельнікі чатырох камандаў амаль беспамылкова ўгадвалі песні па фрагментах кадраў з вядомых кінафільмаў, фотаздымках помнікаў, устаноўленых у іх гонар. Успаміналі таксама творы беларускіх кампазітараў і паэтаў – «Памяць сэрца», «Ой, бярозы ды сосны», «Пісьмо з сорак пятага» і многія іншыя. Прыгадвалі песні, прысвечаныя прадстаўнікам асобных відаў войск і прафесій – маракам, дэсантнікам, кулямётчыкам, вадзіцелям.
У адным з тураў конкурсу трэба было ўзгадаць песню па гісторыі яе стварэння. А яны вельмі незвычайныя. Напрыклад, словы «Зямлянкі» — гэта вершаванае пісьмо паэта Аляксея Сурыкава сваёй жонцы Соф’і, якое натхніла кампазітара Канстанціна Лістова на цудоўную мелодыю. У песні «Цёмная ноч» – свая легенда. Пры запісы пласцінкі была пашкоджана першая матрыца: работніца завода заліла яе слязьмі. Яшчэ адзін шэдэўр – «Выпадковы вальс» – нарадзіўся пры выпадковай сустрэчы на фронце, калі паэт Яўгеній Далматоўскі прачытаў свой верш «Танцы да раніцы» кампазітару Марку Фрадкіну.
У адным з самых складаных заданняў трэба было ўгадаць песню ўсяго па некалькіх нотах, якія прайграваў на фартэпіяна музыкант Авянір Дудко. Але і з ім чытачы бібліятэкі справіліся. Пераможцамі сталі адразу дзве каманды. Удзельніцай адной з іх была старшыня Маладзечанскага раённага савета ветэранаў Станіслава Зубкова. Яна выказала падзяку бібліятэкарам за цікавае і пазнавальнае мерапрыемства, падкрэсліла, што многія з песень, якія сёння гучалі, памятае з маладосці і рада, што яны не забыты і сёння.
Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.