10 чэрвеня ў рамках Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2023” у ДУК “Маладзечанская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча” адбылося ўрачыстае адкрыццё персанальнай выставы жывапісу Мікалая Аўчыннікава “Прыцяжэнне”.
Мікалай Віктаравіч Аўчыннікаў – адзін з самых вядомых сучасных беларускіх мастакоў, яго імя добра ведаюць знатакі выяўленчага мастацтва, як у Беларусі, так і за яе межамі.
Асноўная тэма пейзажаў Мікалая Віктаравіча – гістарычныя мясціны Беларусі, помнікі культуры, архітэктуры і археалогіі. У сваіх творах мастак імкнецца раскрыць перад гледачом тую непарыўную сувязь мінулага і сучаснасці, якую захоўвае культурная спадчына, перададзеная нам продкамі.
Але мастак паўстае перад намі не толькі як майстар пейзажа, але і як экспераментатар. На выставе ён таксама прадставіў свае паўабстрактыя кампазіцыі з серыі “Тайна квазара”, “Узаемапранікненне”, “У кругазвароце аднаўлення” – розныя па гучанню, але аднолькава змястоўныя.
Павіншаваць Мікалая Віктаравіча з адкрыццём экспазіцыі прыйшлі яго сябры і калегі, а таксама прыхільнікі яго творчасці – член Беларускага саюза мастакоў Аляксанр Грышкевіч, старшыня Маладзечанскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” Святлана Чыжыкава, кіраўнік народнай студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Алена Кучко, дырэктар Дзіцячай мастацкай школы мастацтваў г. Маладзечна Наталля Трус, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Гімназіі-каледжа мастацтваў г. Маладзечна Святлана Цар, дырэктар Мінскага абласнога краязнаўчага музея Алена Чарнецкая і інш.
Павіншавалі мастака і прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі – першы намеснік старшыні Саюза пісьменніка Беларусі Алена Стэльмах і лаурэат Рэспубліканскага конкурса імя Міколы Мятліцкага сярод маладых паэтаў “Радком вярнуся па вясне”, член СПБ Алена Басікірская, якая прачытала свае вершы, а таксама дырэктар выдавецтва “Чатыры чвэрці” Ліліана Анцух.
Са словамі ўдзячнасці і павагі да яго творчасці, звярнулася да мастака першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Хмель Таццяна Мікалаеўна.
Запрашаем усіх аматараў і прыхільнікаў мастацтва наведаць выставу, якая нікога не пакіне абыякавым, бо як мяркуе сам мастак: “Як па почырку можна меркаваць аб характары чалавека, так і аб мастаку можна рабіць высновы па яго творах. Калі мастак робіць персанальную выставу, ён агаляе перад усімі сваю душу”.
Оставить ответ
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.