Пад сузор’ем веры і надзеі

размещено в: Новости | 0

12 лютага ў Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча прайшла сустрэча з пісьменнікам, краязнаўцам, выдаўцом, бібліяфілам Міхасём Казлоўскім. Міхась Міхасевіч таксама з’яўляецца дасведчаным гісторыкам беларускай літаратуры, ініцыятарам многіх асветніцкіх праектаў, чалавекам, які актыўна спрыяе ўзнаўленню многіх старонак літаратурна-мастацкай спадчыны Беларусі.

Падчас сустрэчы госць гаварыў пра многія важныя рэчы: распавядаў пра пісьменніцкую творчасць наогул, пра значных для літаратуры і гісторыі Беларусі людзей – пісьменнікаў, навукоўцаў, даследчыкаў, мастакоў. Гучалі імёны Язэпа Драздовіча, Арсеня Ліса, Генадзя Каханоўскага, Ніла Гілевіча і інш. Рассказваў Міхась Міхасевіч і цікавыя факты з сваёй біяграфіі, успамінаў дзяцінства і сваіх бацькоў, школьных настаўнікаў, сваё станаўленне як пісьменніка і даследчыка.

Прысутныя маглі пазнаёміцца з творамі пісьменніка, якія размяшчаліся на кніжнай выставе “Да кніжных скарбаў дакрануся”.

Дырэктар бібліятэкі Марыя Яўгенаўна Стасяловіч павіншавала госця з юбілеем і пажадала творчых поспехаў. Уражанне ад сустрэчы засталося вельмі цёплае і прыемнае. Будзем спадзявацца, што Міхась Міхасевіч яшчэ не раз парадуе нас такімі сустрэчамі.

Оставить ответ