Пад зоркай Максіма

размещено в: Новости | 0

У канцы лістапада ў цэнтральнай раённай бібліятэцы падведзены вынікі раённага конкурсу работ дэкаратыўна-прыкладного мастацтва сярод жыхароў горада Маладзечна і Маладзечанскага раёна, прысвечанага 130-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча “Пад зоркай Максіма”.

Конкурс праходзіў з 15 красавіка па 15 лістапада бягучага года сярод жыхароў горада і раёна. Заснавальнікамі конкурса выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама і ДУК “Маладзечанская цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановічаа”.

Конкурс праводзіўся з мэтай далучэння насельніцтва горада і раёна да творчасці Максіма Багдановіча праз стварэнне дэкаратыўна-прыкладных работ, якія адлюстроўваюць творы М.Багдановіча, яго жыццё і дзейнасць, перадаюць стаўленне чалавека да яго творчасці. Праходзіў ён ў дзвюх намінацыях: дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ў аб’ёме і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ў плоскасці.

Ідэя каштоўнасці прыгажосці і мастацтва ў жыцці кожнага чалавека, агучаная ў паэзіі Максіма Багдановіча знайшла сваё адлюстраванне ў шматлікіх конкурсных работах. Канкурсанты розных узростаў праявілі творчыя здольнасці, крэатыўны падыход, майстэрства і арыгінальнасць. Работы выкананы ў розных відах і тэхніках дэкаратыўна-прыкладной творчасці: выцінанка, мастацкая саломка, вышыўка, вязанне, работы з паперы, фетру, пластыліну, з прыродных і падручных матэрыялаў.

У намінацыі дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ў аб’ёме сярод дарослых – першае месца журы прысудзіла прыгожа аформленаму лэпбуку “Максім Багдановіч”, другое месца заняла работа “Вянок”, выкананая з прыродных і падручных матэрыялаў, трэцяе – букет “Васількі”, зроблены з паперы.

Сярод дзяцей першыя месцы занялі: арыгінальная работа “Возера” – з прыродных матэрыялаў і паперы, работа “Страцім-лебедзь” – з паперы. Другое і трэцяе месца занялі вырабы з розных матэрыялаў: “Вянок”, “Асенняй ночай”, “Санет”.

У намінацыі дэкаратыўна-прыкладное мастацтва на плоскасці першае месца зянялі камбініраваная работа (малюнак на паперы і вата) “Завіруха” і выцінанка “Мушка-зелянушка і Камарык-насаты тварык”, другое месца – выцінанка “Зорка Венера”, трэцяе месца раздзялілі: карціна “Лясное возера” і аплікацыя з саломкі “Страцім-лебедзь”.

За арыгінальнасць назвы і якасць выканання заахвочвальнае месца атрымала вышыўка “Маладыя гады, маладыя жаданні!”.

Пераможцы конкурса будуць адзначаны памятнымі прызамі і дыпломамі. Пазнаёміцца з конкурснымі работамі можна, наведаўшы выставу “І зорка гарыць, і не вяне вянок…” у фае бібліятэкі сямейнага чытання “Верасок”.

Оставить ответ